Мінская міліцыя шукае нападнікаў на сябру ініцыятыўнай групы Яраслава Раманчука

2010 2010-10-11T13:48:17+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/supracounik_milicyji.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Супрацоўнікі Маскоўскага РУУС Мінска аператыўна адрэагавалі на інцыдэнт, які адбыўся днямі ў сталічным мікрараёне Сухарава.  Распачата следства, вядзецца пошук нападнікаў. А на вуліцы Сухараўскай у кучы смецця знойдзена адабранае імі пасведчанне сябра ініцыятыўнай групы. Праўда, знайсці яго ўдалося самому ўладальніку.

Нагадаем, што двое невядомых у чорным адзенні спрабавалі адабраць падпісныя лісты ў сябры ініцыятыўнай групы Я.Раманчука Уладзіміра Зверніка. Сабраныя подпісы ўдалося ўратаваць з дапамогаў мінакоў, але нападнікі забралі пасведчанне сябра ініцыятыўнай групы.

Па словах Уладзіміра Зверніка, які стаў ахвярай нападу, ужо на наступны дзень да яго звярнуліся па паказанні па гэтым інцыдэнце супрацоўнікі Маскоўскага раённага ўпраўлення ўнутраных справаў сталіцы. Пры гэтым міліцыянеры паведамілі, што пра напад даведаліся з інтэрнэту.

“Я сказаў ім, што сам не збіраўся заяўляць ў міліцыю, паколькі лічу, што гэта не мае сэнсу, - распавёў У.Звернік. – Я лічыў, што міліцыя наўрад ці будзе займацца пошукам гэтых людзей. Ды і цяпер малаверагодна, што нападнікаў знойдуць”. Актывіст упэўнены, што інцыдэнт, які адбыўся з ім, - не выпадковае хуліганства: “занадта аднолькавай, падобнай на ўніформу, была вопратка гэтых двух невядомых”. Двое маладых высокіх мужчын былі апрануты ў аднолькавыя чорныя, даволі лёгкія курткі і, як падкрэсліў У.Звернік, нягледзячы на цёплае надвор’е, чорныя вязаныя шапкі. “Я потым падумаў, што, магчыма, такія шапкі лёгка трансфармуюцца ў маскі”, - падзяліўся сваімі развагамі сябра АГП.

У міліцыі спадара Зверніка запэўнілі, што, калі б ён адразу пасля нападу патэлефанаваў ахоўнікам парадку, то злачынцаў, цалкам верагодна, удалося б затрымаць па гарачых слядах, бо міліцыя мае для гэтага дастаткова аператыўных рэсурсаў. Як бы там ні было, следства распачата і пошук вядзецца.

У.Звернік паведаміў таксама, што меў намер напісаць заяву ў Цэнтральную камісію з просьбай выдаць яму новае пасведчанне сябра ініцыятыўнай групы ўзамен скрадзенага, але неабходнасць у гэтым на працягу выходных адпала. У суботу, 9 кастрычніка, як і раней, актывіст працягваў збор подпісаў за Я.Раманчука ў Сухарава. “Раптам мне захацелася пабываць ля ўніверсама “Вестерн”, дзе на мяне напалі, пацягнула на гэта месца, - кажа ён. – Там усё было спакойна. А за рогам крамы нечакана ўбачыў на кучы смецця сваё пасведчанне. Відаць, яно было непатрэбна нападнікам – прачыталі і выкінулі. Яны яўна палявалі не на пасведчанне, а на падпісныя лісты”.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international