viasna on patreon

Гомельская міліцыя не хоча заступацца за апазіцыянераў?

2010 2010-10-10T19:40:54+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/milicija-belarusi1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Паўтары гадзіны чакалі міліцыю каля ўнівермага «Гомель» зборшчыкі подпісаў за Уладзіміра Някляева. На іх напаў невядомы малады чалавек, які абражаў удзельнікаў пікету і правакаваў бойку. Дарэчы, апорны пункт міліцыі знаходзіцца ў пяці хвілінах хады ад месца правядзення пікету.

«Сёння мы збіралі подпісы каля ўнівермагу пад бел-чырвона-белым сцягам. У нейкі момант да нас падышоў невядомы хлопец і пачаў правакаваць на бойку. Ён чапляўся да нас, напрыклад, крычаў, чаму мы размаўляем на «ненармальнай» мове, залазіў на стол, крычаў, абражаў нас, здымаў на відэакамеру – каб запалохаць людзей», - распавёў сябра ініцыятыўнай групы Кастусь Жукоўскі.

Валанцёры патэлефанавалі ў міліцыю, але толькі праз 20 хвілін на месца здарэння прыбыў нарад Дэпартамента аховы. Яны адмовіліся прыняць заяву ад сябраў ініцыятыўнай групы на той падставе, што «не ўпаўнаважаны гэта рабіць».

«Тады я прапанаваў паклікаць таго, хто ўпаўнаважаны, але гэта не мела плёну. Толькі праз паўтары гадзіны пасля сутычкі да нас, нарэшце, падышоў міліцыянер, які ўзяў з нас тлумачэнні. Вядома, што ад таго неадэкватнага чалавека на той момант і след прастыў», - дадаў Жукоўскі.

Сябры ініцыятыўнай групы мяркуюць, што гэта была спланаваная акцыя, каб перашкодзіць правядзенню пікета і справакаваць апазіцыянераў на бойку.

«Напэўна, усе было дамоўлена – таму што малады чалавек паводзіў сябе вельмі нахабна, па ўсім відаць, ён быў упэўнены, што міліцыя не прыйдзе нам на дапамогу. Хоць мы і знялі таго парушальніка на відэакамеру, міліцыя, хутчэй за ўсе, стандартна адкажа, што немагчыма знайсці асобу, якая парушала грамадскі парадак, і прыцягнуць да адказнасці», - мяркуе Жукоўскі.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства