Адбудзецца круглы стол па справе "Новага жыцця"

2010 2010-10-08T16:58:55+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/novaje_zhyccio.jpg

14 кастрычніка, у 12 гадзін адбудзецца круглы стол па справе царквы “Новае жыццё”. Гэты стол склікаецца па ініцыятыве Партыі БХД і адбудзецца ў будынку царквы па вул. Кавалёва, 72.

Нагадаем, што прэтэндэнт ад БХД звярнуўся да дэмакратычных кандыдатаў з заклікам падтрымаць царкву “Новае жыццё”. У звароце гаворыцца:

"Царква "Новае жыццё" была зарэгістраваная ў 1992 годзе. Заснавальнікам царквы стаў 21-гадовы пастар Вячаслаў Ганчарэнка, вернік у чацвёртым пакаленні. Праз год абшчына ўжо налічала 300 чалавек, да 1999 году - 700. Да гэтага часу на сталай аснове арандавалася некалькі дамоў культуры, апошні з якіх - ДК Трактарнага заводу.

У 1999 годзе царкве забаранілі арандаваць любыя памяшканні ў горадзе Менску, і пачаўся час тулянняў. Сотні вернікаў, разам са сваімі дзецьмі, праводзілі служэнні на адкрытым  паветры - і ў дождж, і ў снег.

У 2002 годзе прадставілася магчымасць набыць ва ўласнасць будынак былога кароўніка на ўскраіне Менска (тады гэта быў Менскі раён). У дамове куплі-продажы (п. 1.4) было сказана, што мэта набыцця - рэканструкцыя пад культавы будынак. Двойчы атрымліваліся дазволы (за подпісам старшыні Камітэта па архітэктуры і горадабудаўніцтву Мінгарвыканкама) на будаўніцтва на месцы кароўніка сучасных будынкаў у адпаведнасці з патрэбамі царквы, але гэтыя  дазволы былі адкліканыя з фармулёўкай "у сувязі з пярэчаннем аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Мінгарвыканкама".

Царква стала вяла перапіскі з уладамі аб перапрафіляванні будынка і зямлі пад патрэбы царквы, як і было паказана ў дамове куплі-продажы. Чатырохтамовая перапіска поспехам не ўвянчалася. І увосень 2004 года вернікі ўсталі перад выбарам: альбо заявіць аб роспуску царквы, альбо прыняць рашэнне адрамантаваць стары будынак кароўніка і зрабіць яго прыдатным для правядзення богаслужэнняў.

Хрысціяне саматугам і за свой кошт зрабілі рамонт будынка. Наступная экспертыза БРТІ  усталявала, што знос будынка скараціўся з 72 да 19 адсоткаў, гэта значыць будынак стаў практычна новым. Пасля рамонту царква звярнулася да ўлад за дазволам праводзіць служэнні ў сваім уласным будынку, і пасля атрымання чарговай адмовы ў лістападзе 2004 года ў будынку былога кароўніка пачалі праводзіцца паўнавартасныя богаслужэнні.

У жніўні 2005 года Мінгарвыканкам прыняў рашэнне аб забіранні зямельнага ўчастку і будынку царквы ў сувязі з "нямэтавым выкарыстаннем". У якасці кампенсавання была прапанаваная сума з разліку 8 даляраў за адзін квадратны метр. Вернікі абскардзілі гэтае рашэнне ў судзе, было ўзбуджанае некалькі судовых працэсаў. У выніку рашэнне Мінгарвыканкама не толькі не было адменена, але суд замест вернікаў падпісаў дамову куплі-продажы будынка плошчай 1700 кв.м.  Мінгарвыканкаму за 37 млн. рублёў (прымус да продажу).

Калі былі пройдзеныя ўсе судовыя інстанцыі, у кастрычніку 2006 года вернікі прынялі беспрэцэдэнтнае рашэнне - абвясціць бестэрміновую пост-галадоўку. Пост перад  Богам, галадоўку перад беларускай і сусветнай грамадскасцю.

Больш за 200 чалавек пасціліся (галадалі) 23 дні, у царкве стала знаходзіліся некалькі дзясяткаў чалавек. Вынік - запрашэнне пастара ў Адміністрацыю прэзідэнта, абяцанне пад асабістую гарантыю Лукашэнкі вярнуць будынак вернікам "у рамках прававога поля" праз рашэнне Вышэйшага Гаспадарчага суду.

Галадоўка была спыненая пасля адмены ўсіх папярэдніх судовых рашэнняў і пачатку новага разгляду ў ВГС.

У студзені 2009 года Вышэйшы Гаспадарчы суд пацвердзіў законнасць адбірання  будынка ў вернікаў, такім чынам былі парушаныя гарантыі, дадзеныя пастару ў Адміністрацыі прэзідэнта.

У снежні 2009 года ў вядомай рэзалюцыі Еўрапарламента аб парушэнні правоў чалавека ў Беларусі адным з патрабаванняў было пакінуць у супакоі царкву "Новае Жыццё". У адказ ужо праз два тыдні вернікі атрымалі ад экалагічнага ведамства Менска патрабаванне заплаціць велізарную суму грошай  нібы за забруджванне навакольнага асяроддзя.

Наступныя судовыя працэсы абавязалі царкву выплаціць 266 мільёнаў рублёў у якасці шкоды нібы за забруджванні прылеглай да свайго будынка тэрыторыі нафтапрадуктамі.

У цяперашні час банкаўскі рахунак царквы арыштаваны, абрэзаныя ўсе камунікацыі (уключаючы электрычнасць і ваду), у любы момант супраць пастара царквы могуць быць узбуджаныя крымінальныя справы па розных артыкулах Крымінальнага кодэкса - за адмову падпарадкоўвацца патрабаванням службоўцаў, за адмову выконваць рашэнні судоў, за забруджванне прыроды ў адмыслова буйным памеры."

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international