Магілёўскі абласны суд не задаволіў скаргу “Справядлівага свету”

2010 2010-10-08T08:20:54+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

7 кастрычніка адбыўся разгляд скаргі Магілёўскім абласным судом у сувязі з неўключэннем прадстаўніка ад Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Анатоля Заўялава ў склад абласной выбарчай камісіі. Суддзя Святлана Стальмахова пакінула рашэнне, якое было прынятае на сумесным пасяджэнні кіраўніцтва Магілёўскага аблвыканкама і Прэзідыума Магілёўскага аблсавета дэпутатаў, у сіле. Рашэнне абскарджванню не падлягае.

Актывісты Беларскай партыі левых “Справядлівы свет”, пры дапамозе праваабронцаў, спрабавалі абскарзіць неўключэнне іх актывіста ў склад абласной выбарчай камісіі і патрабавалі змяніць рашэнне, прынятае на сумесным пасяджэнні 29 верасня аб утварэнні Магілёўскай абласной выбарчай камісіі па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і ўключыць у склад камісіі іх прадстаўніка. Бо з 13 сябраў сфармаванай камісіі толькі адзін прадстаўнік апазіцыі, а астатнія 12 - прадстаўнікі фактычна толькі аднаго прэтэндэнта ў кандыдаты - дзеючага прэзідэнта, ці цалкам залежныя ад уладнай "вертыкалі" людзі. Анатоль Заўялаў лічыць гэта парушэннем ч.3 арт.11 Выбарчага кодэкса, які прадугледжвае, што выбарчыя камісіі павінны быць у межах сваіх паўнамоцтваў незалежнымі ад дзяржаўных органаў. Таму сп. Заўялаў таксама патрабаваў перадаць на судовае паседжанне ўсе матэрыялы, якія разглядаліся і прымаліся ўпраўленнем арганізацыйна-кадравай працы Магілёўскага аблвыканкама пры падрыхтоўцы праекта рашэнняў па ўтварэнні Магілёўскай абласной выбарчай камісіі, а таксама пратакол сумеснага пасяджэння па ўтварэнні гэтай камісіі.

Рашэнне суду такое – фармаванне складу выбарчай камісіі, якое адбывалася на сумесным пасяджэнні кіраўніцтва Магілёўскага аблвыканкама і Прэзідыума Магілёўскага аблсавета дэпутатаў, ішло па працэдуры, Выбарчы кодэкс не парушаны.

Праваабронца Барыс Бухель адзначае, што Уладзімір Шэпялевіч, прадстаўнік Прэзідыума Магілёўскага абласнога Савету дэпутатаў, праявіў знявагу да суда і спазніўся на цэлую гадзіну.

“З-за спазнення гэтай асобы пасяджэнне адбылося толькі праз гадзіну ад заяўленага часу, - гаворыць праваабаронца, - суддзя вымушаны была тэлефанаваць у аблвыканкам і ледзь не праз кіраўніка аблвыканкама угаворваць спадара Шэпелевіча прыйсці ў залу судовага пасяджэння”.

“Суддзя адзначыла, што довады аб ушчамленні правоў прадстаўнікоў апазіцыйных партый з’яўляюцца неабгрунтаванымі, бо ў склад камісіі ўключаны прадстаўнік ад АГП Уладзімір Парфёнаў”, - адзначае Барыс Бухель.

Акрамя гэтага, падчас судовага пасяджэння стаў вядомы механізм прыняцця рашэнняў аб складзе членаў выбарчай камісіі.

“Аказваецца, што падрыхтоўкай складу абласной выбарчай камісіі займаліся прадстаўнікі двух аддзелаў аблвыканкама – арганізацыйна-кадравага і пратакольна-юрыдычнага - якія не ўваходзяць ні ў склад аблвыканкама, ні ў склад прэзідыума аблсавета. Канчатковы склад камісіі ўзгадняўся з кіраўніком аблсавета спадаром Панцюховым і намеснікам старшыні аблвыканкама спадаром Малашкам. Гэта азначае, што ўсяго два чалавекі фактычна прынялі рашэнне аб персанальным складзе камісіі. А астатнія прадстаўнікі аблвыканкама і прэзідыума аблсавета, што прысутнічалі на сумесным паседжанні, азнаёміліся з прадстаўленымі дакументамі па фармаванні камісіі толькі пасля рэгістрацыі, за 5 - 20 хвілін да пачатку паседжання і таму яўна не мелі часу для належнага вывучэння гэтых дакументаў”, - гаворыць Барыс Бухель.

Нагадаем, што за дзень да гэтага абскардзіць прынятае рашэнне на сумесным пасяджэнні кіраўніцтва Магілёўскага аблвыканкама і Прэзідыума Магілёўскага аблсавета дэпутатаў на гэтых жа падставах спрабавала абласная арганізацыя ГА БНФ “Адраджэнне”, але таксама безвынікова.

 “Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства