viasna on patreon

Суд адмовіўся задаволіць скаргу вілейскіх актывістаў

2006 2006-02-14T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

13 лютага ў Вілейцы раённы суд прызнаў неабгрунтаванай скаргу на адміністрацыйную камісію райвыканкаму мясцовых актывістаў дэмакратычнага руху Ўладзімера Малярчука і Мікалая Суслы. Вілейскія дэмакраты дамагаліся адмены пакараньня, якое вынесла ім у студзені адміністрацыйная камісія мясцовага райвыканкаму.

Лідэр тутэйшай суполкі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Малярчук паведаміў Радыё Свабода: "Я падаў у суд на камісію, якая вырашыла пакараць мяне штрафам памерам 145 тысяч рублёў. У пастанове камісіі было сказана за што: за ўвоз друкаванай прадукцыі, якая абражае гонар і годнасьць прэзыдэнта".

Разглядаў скаргу судзьдзя Алег Івашкевіч. На паседжаньні было аб'яўлена што, адміністрацыйная справа Ўладзімера Малярчука і Мікалая Суслы была заведзеная яшчэ летась. 12 лістапада 2005 году актывісты распаўсюджвалі ў Вілейцы інфармацыйны бюлетэнь пра акцыю салідарнасьці з ахвярамі палітычных рэпрэсій, якая праводзіцца штомесяц 16-га дня. Міліцыя іх затрымала, а адміністрацыйная камісія аштрафавала на пяць базавых велічыняў. Спроба актывістаў абскардзіць гэтае рашэньне ня мела посьпеху – суд прызнаў штраф адміністрацыйнай камісіі райвыканкаму законным. Паводле кіраўніка камісіі Алега Манцэводы, суд быў аб’ектыўным.

У сваю чаргу, дэмакратычныя актывісты лічаць рашэньне вілейскага суду палітычна матываваным. Гаворыць адзін з лідэраў тутэйшага моладзевага руху Мікалай Сусла: "Я думаю, што калі б быў нармалёвы суд, то ўсе доказы і факты, якія мы прыводзілі, былі б улічаныя. А калі яшчэ ўлічыць, што выканкам не прывёў ніводнага факту, ніводнага пацьвярджэньня, што мы парушылі заканадаўства, то, думаю, быў бы суд на нашым баку. А так усё было вырашана да таго, як пачаўся суд".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства