Суд вырашыў: Жлобінская выбарчая камісія застанецца без прадстаўнікоў апазіцыі

2010 2010-10-05T10:56:43+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/sudy.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці разгледжана скарга на неўключэнне ў раённую выбарчую камісію прадстаўніка апазіцыі В. Яўзрэзава. У якасці сведкі быў выкліканы намеснік старшыні райвыканкама В. Касцяйкоў, які распавёў цікавыя звесткі аб працэсе фарміравання камісіі.

Валянцін Яўзрэзаў у камісію быў вылучаны Жлобінскай арганізацыяй Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Паводле Выбарчага кодэксу, раённая выбарчая камісія фарміруецца на сумесным паседжанні прэзідыума райсавета і райвыканкама. Як ужо паведамлялася, у Жлобіне на гэтым паседжанні нават не былі зачытаны ўсе 26 прапанаваныя ў камісію кандыдатуры. Скаргу ў суд падаў Валерый Рыбчанка, кіраўнік мясцовай арганізацыі партыі «Справядлівы свет».

– На судзе ў якасці сведкі выступаў сябра нашай арганізацыі Анатоль Сцепаненка, які прысутнічаў на паседжанні па ўтварэнні камісіі, – гаворыць В. Рыбчанка. – Па майму хадайніцтву суддзёй быў выкліканы намеснік старшыні райвыканкама па ідэалогіі Касцяйкоў Віктар Аляксеявіч. Менавіта ён зачытаў на тым паседжанні толькі 13 кандыдатур, за якія галасавалі без абмеркавання.

 У судзе В. Рыбчанка задаў некалькі пытанняў В. Касцяйкову.

– Віктар Касцяйкоў, адказваючы на мае пытанні, распавёў, што спіс з 13 кандыдатур быў падрыхтаваны арганізацыйна-кадравым аддзелам райвыканкама. Атрымліваецца, што па-сутнасці, камісія фарміравалася ў гэтым аддзеле, – кажа В. Рыбчанка.

Але суддзя Шаршнёва Іна Якаўлеўна вырашыла лічыць дзеянні раённых уладаў правільнымі.

– Яна патлумачыла сваё рашэнне так: у Выбарчым кодэксе не гаворыцца, што на паседжанні павінны зачытвацца ўсе прапанаваныя кандыдатуры, – паведаміў В. Рыбчанка.

На яго меркаванне, суддзя не ўзяла пад увагу тое, што артыкул 13 Выбарчага кодэксу прадугледжвае: падрыхтоўка і правядзенне выбараў ажыццяўляецца адкрыта і галосна.

– Калі суддзя чытала сваю пастанову, у яе нешта зрабілася з голасам. Таму па яе просьбе пастанову дачытваў пракурор Зянько, які ўдзельнічаў у разглядзе справы, – гаворыць В. Рыбчанка. – Я мяркую абскардзіць рашэнне раённага суддзі ў судзе Гомельскай вобласці.

5 кастрычніка ў 14 гадзін у судзе Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці пачнецца разгляд аналагічнай скаргі на неўключэнне ў раённую выбарчую камісію прадстаўніка апазіцыі Генадзя Жулегі.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international