Шануй суд суботні

2010 2010-10-04T15:38:24+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/viachorka_vincuk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Рада Партыі БНФ Цэнтральнага раёну Менску, якая вылучала мяне ў адпаведную тэрытарыяльную выбарчую камісію, абскардзіла ў судзе маё туды неўключэньне.

Я не паленаваўся дасьледаваць зацьверджаны сьпіс. У камісіі 13 чалавек, ніводнага "апазыцыянэра" няма. Дзевяць засталіся з ранейшага складу. Напрыклад, Сяргей Сяргеевіч Абрамовіч раней вылучаўся ад "Белай Русі", а цяпер ад працоўнага калектыву "Белдзяржпраекту". А вось Алена Рыгораўна Бязручка, начальніца аддзелу арганізацыйна-кадравай работы адміністрацыі Фрунзенскага раёну (і, відаць, будучая душа дружнай камісійнай кампаніі), мірна вылучаная ад Беларускага фонду міру. З двух БРСМаўцаў адзін вылучаны зборам подпісаў грамадзянаў (дастаткова 10 подпісаў).

Пералік арганізацыяў, ад якіх вылучаюць, - адзін і той ад выбараў да выбараў: у дадатак да названых гэта Беларускі саюз жанчын, КПБ, Партыя працы й справядлівасьці, Чырвоны крыж, аб'яднаньне вэтэранаў, Саюз афіцэраў. Для разнастайнасьці правераных сяброў камісіі вылучаюць штораз ад іншых структураў. Барыса Ўладзіміравіча Кручкова (дырэктар СШ № 95; ён быў і, пэўна, зноў будзе намесьнікам старшыні камісіі) раней выстаўляў Фонд міру, а цяпер - прафсаюз работнікаў адукацыі.

На дзіва, суд быў тэрмінова прызначаны - у суботу (!).

Калі мы зайшлі ў залю (так! нам адвялі залю № 2 на чацьвертым паверсе) і павіталіся з дэлегацыяй улады, яе начальнік У.Зубрык паўжартам выказаў скруху: маўляў, субота, у лесе грыбы, а мы тут вымушаныя сядзець. Дарэчы, Уладзімір Іосіфавіч Зубрык - начальнік упраўленьня арганізацыйна-кадравай работы Менскага гарвыканкаму. Ад уладаў былі яшчэ ўзнагароджаная мэдалём "За працоўныя заслугi" Тацяна Мiкалаеўна Ждановiч, Зубрыкава намесьніца, і юрыст выканкаму Надзея Шпілеўская. Каманда сур'ёзная.

Хаця выбарчыя камісіі фармуюцца на аб'яднаным паседжаньні выканкаму й прэзыдыюму гарадзкога савету, ад апошняга нікога на судзе не было. Савет ня мае арганізацыйных структураў, іх функцыю выконваюць работнікі выканкаму. Вось і адказ на пытаньне пра рэальную ўладу таго савету.

Судзьдзя - Іна Генадзеўна Яблакава. Ёй рэгулярна даручаюць разьбірацца з абскарджаньнямі рашэньняў судоў ніжэйшай інстанцыі, зьвязаных з грамадзка-палітычнымі праблемамі. І яна заўсёды выносіць прадказальныя вэрдыкты. Так было ў справе антысэміцкага пасквілю "Война по законам подлости", які яна палічыла навуковай працай. Так было пры абскарджаньні штрафаў за "Эўрапейскі марш". А таксама ў справах Галіны Юбко супраць прыёмнай адміністрацыі прэзыдэнта, Аляксандра Сафонава супраць службовых асобаў Генэральнай пракуратуры і г.д. Гэта і ня першы ейны працэс, зьвязаны з выбарамі. Узімку сёлета І.Яблакава ўжо адхіляла скаргу Партыі БНФ пра неўключэньне прадстаўніка ў выбарчую камісію.

Слуханьне, насуперак маім прагнозам, аказалася доўгае. Сяргей Андраюк, які прадстаўляў нашую Цэнтральную раду, не чакаў, што ўсё гэтак зацягнецца, і нэрваваўся: у суботу ж ён працуе. Ён заявіў у якасьці сьведак мяне й Галіну Сямдзянаву як сябру гарадзкой выбарчай камісіі. Нас папрасілі чакаць за дзьвярыма, у зале засталася назіраць Валянціна Сьвяцкая.

Сяргей Андраюк выклаў прэтэнзіі да гарадзкіх уладаў. Яны не запрасілі на паседжаньне ані яго, ані прэтэндэнта. Крытэры адбору невядомыя. Хаця прэтэндэнт браў удзел ува ўсіх выбарчых кампаніях пачынаючы з 1989 году - у рознай якасьці, ведае і выбарчае заканадаўства, і практыку.

Але гэта было прапушчана міма вушэй. На Андраюка, чалавека працавітага й дзейнага, але не абазнанага ў юрыспрудэнцыі, пасыпаліся зусім іншыя пытаньні, каб падлавіць. І судзьдзя, і выканкамаўцы перавялі гаворку: а ці было паседжаньне рады, на якім вылучалі Вячорку; а колькі чалавек у радзе; а хто перадаваў пратакол; а хто вам сказаў, што мы абавязаныя паведамляць; і г.д. Злавіць на фармальных дробязях спрабавалі і мяне: колькі чалавек у арганізацыі БНФ Цэнтральнага раёну? - Некалькі дзясяткаў. - А чаму ў пратаколе пазначана, што трое? - Дык жа гэта сябры рады, кіроўнага органу!  І г.д.

Калі заняцца лоўляй фармальных тараканаў, то можна заўважыць: падчас слуханьня судзьдзя казала, што ад выканкаму ў паседжаньні для стварэньня камісіі бралі ўдзел 8 чалавек. А ў пастанове, якую яна ж чытала ў канцы, іх стала ўжо сем. Але Бог зь імі, гэта сапраўды дробязі.

Аспрэчваючы вінавачаньне ў закрытасьці паседжаньня, выканкамаўцы сказалі, што на дзьвярах выканкаму вывесілі аб’яву пра тое паседжаньне. Не раўнуючы як Марцін Лютэр свае “95 тэзаў”. І мы самі вінаватыя, што не пад’яжджалі туды штодня й не чыталі дацзыбао.

Найбольш анэкдатычнай аказалася спроба перакласьці віну на… Галіну Сямдзянаву. Гэта яна, аказваецца, вінаватая ў тым, што не запрасіла мяне на паседжаньне, а таксама  што не запратэставала супраць майго неўключэньня падчас паседжаньня (яна там была ў якасьці запрошанай як сябра гарадзкой камісіі).

Цікава, як бы выглядала, каб Галіна Сямдзянава мяне туды паклікала, ня будучы арганізатарам ці ўдзельнікам, а мяне б не пусьціла, а то і павязала б, ахова. І як Сямдзянава магла нешта аспрэчваць, ня маючы права  голасу?

Прэтэнзіі да Г.Сямдзянавай выказваў начальнік упраўленьня выканкаму У.Зубрык. Сярод іншага, ён спытаўся: “Чаму, калі я назваў сьпіс з 13 асобаў, якіх варта падтрымаць, і ў ім не было Вячоркі, вы ня выступілі з пратэстам?” Вось жа так і высьветлілася, празь якую структуру даводзяцца да паседжаньня прынятыя кімсьці раней рашэньні наконт складу камісіяў.

Пракурор Рудэнка рашуча адхіліла магчымыя абвінавачаньні гарадзкой улады ў парушэньні закону пры фармаваньні камісіі Цэнтральнана раёну. І сапраўды: 73% чальцоў камісіі прадстаўляюць грамадзкія аб'яднаньні й палітычныя партыі (асабліва вышэйзгаданая сп-ня Бязручка). І не абавязаная гарадзкая ўлада ані паведамляць прэтэндэнтаў, ані кіравацца нейкімі крытэрамі пры фармаваньні камісіяў, ані тлумачыць усякім-розным свой выбар.

Рашэньне суду было прадказальнае. Скаргу адхілілі. Пры гэтым вымудрыліся паўстаўляць у пастанову палітычныя заявы: маўляў, Партыя БНФ не дыскрымінуецца пры стварэньні камісіяў, бо ажно трое яе вылучэнцаў туды ўпушчаныя (гэта прытым, што ад КПБ, ППС, БРСМ і іжэ толькі яўных прадстаўнікоў у гарадзкой і ўсіх 9 раённых камісіях Менску прынамсі па адным).

Некаторыя праваабаронцы ўжо заявілі, што гэтая сутыршчына (цяганіна па судох. - В.Ластоўскі) марная. Не зусім. Маем практычныя доказы, навошта ў выбарчым заканадаўстве зеўраюць лякуны там, дзе йдзецца пра фармаваньне камісіяў.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international