Аршанскі суд прызнаў фармаванне тэрытарыяльных камісій законным

2010 2010-10-04T14:38:59+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

1 Кастрычніка адбылося судовае паседжанне па скарзе Аршанскай гарадской арганізацыі партыі левых «Справядлівы свет», якая патрабавала прызнаць незаконным фармаванне гарадской камісіі па выбарах Прэзідэнта. У скарзе ўказваліся матывы: кандыдатуры, вылучаныя ў склад камісіі, не абмяркоўваліся, акрамя таго, зацікаўленыя асобы своечасова не былі апавешчаныя пра час і месцы сумеснага паседжання гарвыканкама і Прэзідыума гарсавета.

Працэс вяла суддзя Наталля Цюменцава. Начальнік арганізацыйнага аддзелу Аршанскага гарвыканкама Віктар Калачоў відавочна быў не падрыхтаваны да судовага слухання, паколькі не змог прадставіць не толькі пратакол паседжання, на якім фармавалася камісія (ён з'явіўся ў судзе толькі пасля перапынку), але і даверанасць, у адпаведнасці з якой ён мог бы прадстаўляць інтарэсы гарвыканкама ў судзе.

У якасці сведак выступілі члены Прэзідыума гарсавета і члены гарвыканкама. У судзе яны далі настолькі розныя паказанні, што лебедзь, рак і шчупак з вядомай байкі на іх фоне выглядаюць дружнай і зладжанай камандай. Так, высветлілася, што кандыдатуры ў члены гарадской камісіі на сумесным паседжанні не абмяркоўваліся таму, што нібыта раней і гарвыканкам і Прэзідыум гарсавета правялі свае папярэднія абмеркаванні, і іх вынікі дзіўным чынам супалі.

Сведка Анатоль Зулёў, член Прэзідыума гарсавета, запэўніваў суд, што сумеснае паседжанне праходзіла «пасля 14 гадзін», кандыдатуры на ім не абмяркоўваліся, а Прэзідыум засядаў у 10-00. Яшчэ адзін член Прэзідыума Віталь Васюкоў настойваў, што Прэзідыум праходзіў у 12-13 гадзін, а на сумесным паседжанні абмяркоўваліся ўсе кандыдатуры. Ім абодвум супярэчыла член гарвыканкама Ірына Макарава, якая сцвярджала, што сумеснае паседжанне мела месца быць у 13-30.

Суд палічыў дадзеныя паказанні лагічнымі і паслядоўнымі, і адмовіў у задавальненні скаргі. У пастанове суда сказана, што правядзенне папярэдніх паседжанняў законам не забаронена.

Выходзіць, што ўсе ўдзельнікі працэсу пагадзіліся, што сумеснае паседжанне гарвыканкама і Прэзідыума гарсавета было простай фармальнасцю.

Аналагічнае рашэнне суддзя Алена Дзямешчанка вынесла па скарзе Аршанскай раённай арганізацыі «Справядлівага свету» на фармаванне Аршанскай раённай камісіі.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international