Галіна Сямдзянава: “Ілюзій быць не павінна”

2010 2010-09-29T13:33:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/siamdzianava_halina.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Галіна Сямдзянава

Галіна Сямдзянава

У склад Менскай гарадской камісіі, якая была сфармавана 28 верасня, прайшлі 3 прадстаўнікі ад апазіцыі - старшыня сталічнай арганізацыі БСДП (Грамада) Аляксей Сігаеў, сябра Сойму Партыі БНФ Юры Хадыка і старшыня Рэвізійнай камісіі Партыі БНФ Галіна Сямдзянава. Спадарыня Сямдзянава распавяла, як адбывалася паседжанне па фармаванні гарадской і раённых камісій і падзялілася асабістымі ўражаннямі ад яго.

-  Галіна Георгіеўна, учора Вы прысутнічалі на сумесным паседжанні Мінгарсавету і Мінгарвыканкаму і бачылі, як фармуюцца камісіі. Калі ласка, распавядзіце крыху, як гэтае паседжанне адбывалася?

- Гэтае паседжанне адбывалася вельмі арганізавана. Сябры камісіі, якія павінны былі прымаць рашэнне, атрымалі матэрыялы, у якіх было паказана, хто ёсць хто, хто куды вылучаны, куды прапануецца. Спачатку дакладчык паведаміў, колькі кандыдатур было вылучана ў склад камісіі, колькі чалавек трэба ў кожную камісію. Потым некалькі прысутных выступілі, сказалі, што праглядзелі матэрыялы і пагаджаюцца з тым, што прапанавана. Пачалося зачытванне усіх сяброў, уключаных у склад гарадской камісіі, і галасаванне па кожнаму. Потым ўсе раённыя камісіі ў алфавітным парадку пачалі абвяшчаць… Чыталі прозвішчы тых, каго вылучылі, паведамлялі, ад якой арганізацыі. І галасаванне адбылося. Але звяртае на сябе ўвагу вось што.  Напрыклад, Мінская гарадская камісія, як і на мясцовых выбарах, сфармавана цалкам з людзей, якія з’яўляюцца сябрамі нейкіх грамадскіх аб’яднанняў ці партыяў. У прыватнасці, чатыры сябры партыяў у гарадской выбарчай камісіі, дзве з якіх – КПБ і партыя БНФ… Але нельга не звярнуць увагу на тое, што большасць сяброў камісіі - прадстаўнікі “Чырвонага Крыжа”, беларускага Фонда міру, Саюза жанчын, воінаў-афганцаў, шматдзетных сем’яў, прафсаюза работнікаў дзяржустаноў, “Белай Русі”. Сустракаюцца людзі, вылучаныя шляхам збору подпісаў ад працоўных калектываў. Прадстаўнікоў апазіцыйных партыяў на гэты раз у камісіях вельмі мала – толькі ў складзе мінскай гарадской камісіі тры чалавекі. Гэта спадар Хадыка Юрый Віктаравіч ад грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэнне”, я - ад партыі БНФ і спадар Сігаеў ад Грамады. Вось гэтыя тры чалавекі ад апазіцыйных партыяў. Што датычыцца раённых камісіяў, дык толькі ў Кастрычніцкім раёне ёсць прадстаўнік партыі БНФ - Юрась Пальчэўскі.

Гэта адбываецца не таму, што партыі не вылучалі прадстаўнікоў, не таму, што партыі не хочуць гэтага рабіць ці няма каго вылучаць, а таму, што ў нас такое дзеючае заканадаўства. Спачатку скасавалі рэгістрацыю структураў шмат якіх палітычных партыяў, а цяпер у Выбарчым кодэксе ёсць патрабаванне, каб вылучэнне ў раённыя камісіі адбывалася раённай арганізацыяй партыі. І атрымліваецца, што раённая арганізацыя партыі дэ-факта існуе, а дэ-юрэ  яе няма, бо няма рэгістрацыі. Значыцца, гэтая структура не мае права вылучаць у камісію, маюць права вылучаць толькі зарэгістраваныя структуры. А зарэгістраваных структураў у партыяў засталося няшмат. Таму мы бачым такую карціну, пра гэта казала і Ярмошына, што партыі неактыўныя. Спачатку трэба зрабіць людскае заканадаўства, а потым будуць партыі актыўныя.

З усіх вылучаных прадстаўнікоў ва ўсе раённыя камісіі не ўключылі толькі пяць чалавек, і самае смешнае – з гэтых пяці двое з’яўляюцца даволі буйнымі палітычнымі фігурамі. Адзін з іх - у Цэнтральным раёне, Вінцук Вячорка. Гэта вядомая асоба: былы старшыня Партыі БНФ, чалавек, які мае велізарны досвед партыйнай працы. Яго не ўключылі, ён вылучаўся ад партыі. І другі прадстаўнік – спадар Пётр Садоўскі, вылучаны шляхам збору подпісаў у Ленінскім раёне, дзе ў нас няма зарэгістраванай структуры. Гэта і дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га склікання, і першы амбасадар Беларусі ў Нямеччыне. Гэта вядомая асоба, але і яго не ўключылі. Такім чынам, з пяці няўключаных у камісіі прадстаўнікоў - два чалавекі ад апазіцыі, ну і яшчэ ад нейкіх грамадскіх арганізацый невядомыя людзі. Вось гэта здзіўляе, канечне, што пяць чалавек не ўключылі, і сярод іх - дзве такія вядомыя асобы, якія павінны проста быць у раённых камісіях.

- А падчас паседжання кандыдатуры абмяркоўваліся?

- Не. Кандыдатуры не абмяркоўваліся. Рашэнне прымалася тымі, хто сядзіць за сталом – сябрамі прэзідыума і выканкама. У іх гэта ўсё (друкаваныя матэрыялы з інфармацыяй пра вылучаных) ёсць, я бачыла, як яны гэта лісталі, вывучалі і бачылі... У нас, тых, хто быў запрошаны, такіх папераў не было. Не абмяркоўваліся… Таму як адбывалася гэта вылучэнне -- можна толькі здагадвацца. Патлумачылі, што ў камісію трэба максімальная колькасць людзей – 13, а ў трох раёнах – Ленінскім, Цэнтральным і Савецкім – вылучылі  па 14 чалавек. І сказалі, што быццам бы таго, хто падаў дакументы апошнім, не ўключылі. То бок атрымліваецца, што Садоўскі быў апошнім у Ленінскім  раёне, Вячорка - апошнім… Карацей, па такой прыкмеце быццам бы складалі камісію. Але гэта дзіўна. Іншы раз людзі вылучаюць, абы закрыць гэтае месца. А трэба ўсё ж такі не фармальна падыходзіць, а глядзець, наколькі чалавек здольны працаваць у гэтай камісіі. Ну вось: гэта зноўку штрых да партрэту нашай улады.

- Тая сістэма вылучэння прадстаўнікоў грамадскіх і палітычных арганізацый у выбарчыя камісіі, пра якую Вы нам распавялі, з’яўляецца новаўвядзеннем у параўнанні з папярэднімі выбарчымі кампаніямі?

- Так. На мясцовыя выбары Менская гарадская арганізацыя партыі вылучала прадстаўнікоў ва ўсе камісіі, пачынаючы ад гарадской да ўсіх дзевяці раённых. А зараз раённыя арганізацыі павінны вылучаць у раённыя камісіі.

- Што яшчэ новага было для Вас гэтым разам?

- Ведаеце, новага нічога не было, бо я пачула, калі называліся прозвішчы людзей - такія знаёмыя прозвішчы (паколькі я мінулы раз займалася мясцовымі выбарамі). Магчыма, адзін-два чалавекі з трынаццаці сябраў камісіі заменены, а астатнія - шчыльнымі радамі ідуць правераныя ўжо “змагары”... А наконт новых твараў – трэба праверыць, хто яны. Бо ёсць такая “мода”: на адны выбары вылучаюць чалавека ад “Чырвонага Крыжа”, на наступныя таго ж – ад Саюза жанчын, ці ад “Белай Русі”, ці…  Карацей, вось такая замена. Калі ўважліва паглядзець, то ў некаторых месцах, магчыма, увогуле без зменаў гэтыя камісіі. У большасці змены, канечне, ёсць, але яны не лёсаносныя, так скажам. Нават тое, што нас тры чалавекі ў гарадской камісіі… Раней было ў гарадской камісіі два прадстаўнікі апазіцыі - спадары Вазняк і Альфер. Зараз нас ажно тры, але я хачу сказаць, што ілюзіяў быць не павінна. Мы можам адстойваць свае меркаванні, мы можам казаць усё, што думаем, і яны будуць нам ківаць галовамі, але калі дойдзе да галасавання, то дзесяць супраць трох – большасць не наша. Але ў нас будзе магчымасць пісаць і дакладаць да пратакола паседжанняў сваё асобнае меркаванне, а паколькі - магу сказаць за сябе і Хадыку – мы не тыя асобы, якія будуць маўчаць, то прадбачу, што будзе цікава. 

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international