viasna on patreon

УМенску прайшоў устаноўчы сход Незалежнай грамадзкай камісіі выбаршчыкаў, якая мае арганізаваць працэдуру народнага галасаваньня

2006 2006-02-06T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Ён адбыўся 5 лютага, паведаміла радыё Свабода. Па словах сябры Рады новастворанай Незалежнай грамадзкай камісіі выбаршчыкаў Юрыя Беленькага, ва ўстаноўчым сходзе прымалі ўдзел прадстаўнікі ўсіх абласьцей краіны, касьцяк гэтай арганізацыі склаў актыў КХП БНФ. Апрача яго ў склад Рады абраныя Сяргей Папкоў, Уладзімер Раманцоў, Валеры Буйвал і Алесь Чахольскі. Спадар Беленькі спадзяецца, што гэтая грамадзкая арганізацыя будзе аб’ядноўваць людзей розных палітычных поглядаў, якія не жадаюць дапусьціць фальсыфікацыяў на выбарах прэзыдэнта 19 сакавіка.
Як вядома, ідэя народнага галасаваньня, ініцыяванага Зянонам Пазьняком, палягае ў прапанове да выбаршчыкаў забіраць свае выбарчыя бюлетэні і перадаваць іх грамадзкай камісіі і яе аддзелам на месцах. Юры Беленькі спадзяецца на далейшае пашырэньне ідэі народнага галасаваньня ў грамадзтве: "Калі далей так імкліва пойдуць гэтыя працэсы, то сапраўды мы гэтую ідэю народнага галасаваньня рэалізуем, бо велізарны настрой у грамадзтве супрацьстаяць фальсыфікацыям. На сёньняшні дзень гэта адзіная ідэя, якая мае пад сабой рэальны грунт, да таго ж абсалютна палягае ў рамках дзейнага заканадаўства, абсалютна законная, і якая на выхадзе мае рэальныя шанцы быць рэалізаванай".

Патэнцыйныя кандыдаты на прэзыдэнцкіх выбарах ад апазыцыі з сумневам паставіліся ў магчымасьць посьпеху гэтай ініцыятывы. Кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч гэтак выказаў свае адносіны да фармаваньня грамадзкай камісіі па народным галасаваньні: "Ідэя сама па сабе вельмі цікавая. Я б за яе дзьвюма рукамі быў бы, калі б я верыў, што магчыма хаця б палову насельніцтва ўгаварыць гэта зрабіць. Паколькі мы ня можам, і будзе вельмі малая колькасьць людзей, гэта пашкодзіць агульнай справе… Мы ж кажам, што трэба ісьці на ўчасткі, трэба ўкінуць бюлетэнь абавязкова, каб і камісіі ўбачылі, што на самой справе ёсьць, гэта таксама ў іх будзе дэпрэсію выклікаць. Шкада, што мы часам у аблоках лятаем, а не па зямлі ходзім".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства