Незалежнаму назіранню дадзены старт

2010 2010-09-16T14:37:14+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/pres-kanf-16092010.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Прэс-канферэнцыя кампаніі незалежнага назірання за выбарамі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Прэс-канферэнцыя кампаніі незалежнага назірання за выбарамі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”

16 верасня ў Менскім офісе Беларускага Хельсінкскага камітэту (БХК) адбылася ўстаноўчая прэс-канферэнцыя кампаніі незалежнага назірання за выбарамі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, створанай сумесна БХК і правабарончым цэнтрам “Вясна”. З журналістамі сустрэліся кіраўнікі дзвюх найбольш аўтарытэтных правабарончых арганізацый Беларусі – Алег Гулак (БХК), Алесь Бяляцкі і Валянцін Стэфановіч (“Вясна”).

Як гаворыцца ў сумеснай заяве БХК і “Вясны”, галоўнай мэтай кампаніі з’яўляецца “правядзенне незалежнага назірання за выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, ацэнка выбарчага працэсу з пункту гледжання беларускага выбарчага заканадаўства і міжнародных стандартаў свабодных і дэмакратычных выбараў, інфармаванне беларускай грамадскасці і міжнароднай супольнасці”. Абедзьве арганізацыі не толькі больш за 10 гадоў праводзяць маніторынг сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, але і маюць вялікі досвед незалежнага назірання за выбарамі ў самых розных краінах свету.

Як адзначыў юрыст “Вясны” Валянцін Стэфановіч, назіранне за ходам выбараў будзе весціся сіламі сяброў двух вядучых праваабарончых арганізацый строга ў адпаведнасці з існуючым заканадаўствам. Пры гэтым плануецца праца як доўгатэрміновых назіральнікаў, у задачы якіх уваходзіць назіранне за выбарчым працэсам на кожным этапе, пачынаючы ад рэгістрацыі кандыдатаў, так і кароткатэрміновыя назіральнікі, якія будуць сачыць непасрэдна за ходам волевыяўлення, пачынаючы з дня папярэдняга галасавання, і падлікам галасоў. Па словах юрыста “Вясны”, 80 доўгатэрміновых назіральнікаў ужо размеркаваны па ўсёй тэрыторыі Беларусі і будуць зарэгістраваны ў тэрытарыяльных камісіях па правядзенні выбараў – раённых, гарадскіх, абласных і Мінскай гарадской. Да іх дададуцца яшчэ 600 назіральнікаў, якія прыступяць да працы на 300 выбарчых участках ва ўсіх рэгіёнах краіны.

Як падкрэсліў В.Стэфановіч, асаблівая ўвага на будучых выбарах прэзідэнта будзе нададзена яўцы выбарцаў на ўчасткі. Прычынай гэтага стала, па словах праваабаронцы, “відавочна завышаная” яўка на мінулых выбарах. Плануецца, што інфармацыя аб колькасці людзей, якія прыйшлі на ўчасткі, будзе штодня параўноўвацца з дадзенымі выбарчых камісій. На сайтах, у першую чаргу БХК і “Вясны”, з’явяцца адмысловыя банэры з аператыўнай інфармацыяй пра выбары. 

“Мы спадзяемся, што стаўленне ўладаў да незалежнага назірання будзе адэкватным”, - адзначыў В.Стэфановіч. Ягоныя калегі адзначылі, што падыходзяць да выбараў без залішняга аптымізму. “Па колькасці рэпрэсаваных сітуацыя не моцна змянілася ў горшы бок, але гэта хутчэй сведчыць пра пасіўнасць беларускага грамадства”, - заўважыў А.Бяляцкі, дадаўшы, што, верагодна, выбарная сітуацыя “будзе праходзіць у звыклым для прэзідэнцкіх выбараў рэжыме”. “Пакуль няма ніякіх знакаў, што сітуацыя палепшыцца, - пагаджаецца з калегам А.Гулак, - аднак не трэба зараней бачыць усё дрэнным”.    

Тым не менш, правабаронцы ўжо зараз, праз дзень пасля абвяшчэння даты выбраў, заўважаюць першыя ластаўкі нестыковак у словах чыноўнікаў, заканадаўстве і практыцы. І адна з першых праблем – недасканаласць беларускіх выбарчых законаў. Напрыклад, у айчынным заканадаўстве вельмі цьмяна прапісана працэдура назірання за выбарамі, у звязку з чым неаднойчы назіраліся выпадкі, калі назіральнікаў нават не падпускалі і блізка да сталоў, дзе падлічваліся  галасы. Выкарыстоўваецца практыка, калі, як сказаў А.Гулак, “ніводзін з сяброў выбарчай камісіі не ведае агульны вынік галасавання, кожны падпісваецца толькі за тое, што ён сам падлічыў”. Да таго ж, прысутнасць незалежных назіральнікаў звычайна не дапускаецца ў момант перадачы бюлетэняў з участка ў вышэйшую па ўзроўню выбарчую каімісію.   

На думку вядучых правабаронцаў Беларусі, патрэбна больш канкрэтна вызначыць у заканаўстве правы і абавязкі назіральнікаў. Наспелі і іншыя патрэбныя змены. Напрыклад,  дзеля празрыстасці выбараў неабходнасць падлічваць асобна вынікі папярэдняга галасавання і галасоў, аддадзеных у асноўны дзень выбараў. Пры гэтым прамежкавыя вынікі па раздзельным падліку павінны агучвацца камісіяй і не хавацца ад назіральнікаў. У гэтым годзе адрозніваецца і працэдура вылучэння назіральнікаў партыямі і арганізацыямі: яны маюць права накіраваць сваіх прадстаўнікоў толькі ў ЦВК, для назірання ж на мясцовых участках мусяць мець нізавыя структуры на месцах. І гэта пры тым, што рэгіянальныя прадстаўніцтвы шэрагу партый і грамадскіх арганізацый былі фактычна знішчаны ўладамі за апошнія 1-2 гады. Працэс гэты не спыняецца і цяпер, больш таго, шэраг арганізацый наўмысна не рэгіструецца. Напрыклад, праваабарончае аб’яднанне  “Брэсцкая Вясна” спрабуе атрымаць афіцыйнае пасведчанне аб рэгістрацыі ўжо дзесяты раз, паведаміў А.Бяляцкі.   

Каментуючы агучаныя напярэдадні заявы прадстаўнікоў ЦВК пра гатоўнасць дапусціць незалежных назіральнікаў да ўсіх выбарчых працэсаў, правабаронцы заявілі пра гатоўнасць працаваць. “Раней мы бачылі проста непразрыстасць выбараў, - падвёў рысу А.Гулак. – Рэальна мы не маглі гаварыць аб працэсах, бо ўсё было проста схавана. Цяпер мы гатовыя ўсё бачыць і рабіць сваю справу”. Пры гэтым ад уладаў чакаюць не гучных словаў, а канкрэтных крокаў на шляху дэмакратызацыі. Паводле словаў А. Бяляцкага, перад назіральнікамі не стаіць задача ажыццявіць ціск на ўладу – яны выконваюць свой грамадзянскі абавязак і на сваім прыкладзе хочуць паказаць грамадству, у тым ліку і людзям ва ўладзе, “як трэба ставіцца да сваіх працоўных і грамадскіх абавязкаў”. Назіральнікі фактычна збіраюцца разбіць папулярны міф - адгаворку пра “незалежнасць” кожнага асобна ўзятага чалавека, “маленькага вінціка, ад якога нічога не залежыць”. Насамрэч, падкрэсліў А.Бяляцкі, усё залежыць ад кожнага чалавека і ад яго сумлення – хто б ён ні быў і дзе б ні працаваў.

Са свайго боку, правабаронцы абяцаюць не толькі весці справядлівае назіранне за ходам выбараў, але і абараняць правы кожнага, хто звернецца да іх па дапамогу, нягледзячы на прыналежнасць да штабоў пэўнах кандыдатаў. На абарону могуць разлічваць нават прадстаўнікі штабу Лукашэнкі, калі ў іх правы будуць парушаны.  Ні БХК, ні “Вясна”, як арганізацыі непалітычныя, не зацікаўлены ў перамозе нейкага пэўнага кандыдата, але гатовыя маральна падтрымліваць тых, хто на практыцы выявіцца прыхільнікам празрыстасці выбарчага працэсу і захоўвання правоў чалавека, падкрэсліў А.Гулак.     

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international