Грамадска-палітычная сітуацыя ў Беларусі напярэдадні выбараў Прэзідэнта

2010 2010-09-16T12:22:22+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/belarus-mapa.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Грамадска-палітычная сітуацыя ў Беларусі напярэдадні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь застаецца вельмі складанай. Улады не забяспечылі грамадзянам краіны ў адпаведным аб’ёме  грамадзянскія правы і свабоды, гарантаваныя Канстытуцыяй. 

Практычна пазбаўлены самастойнасці існуючыя органы заканадаўчай улады. Савет Рэспублікі і  Палата прадстаўнікоў у сувязі з абмежаваннем паўнамоцтваў, а таксама адсутнасцю ўнутранай  палітычнай канкурэнцыі не з’яўляюцца самастойнымі і незалежнымі ад выканаўчых уладаў суб’ектамі палітычнага жыцця краіны. Залежнымі ад выканаўчых уладаў застаюцца і суды, не выконваючы ролю аб’ектыўнага арбітра пры ўзнікненні тых ці іншых судовых спрэчак. Часта суд з’яўляецца рэпрэсіўным інстументам падаўлення свабоднай думкі і дзеянняў беларускіх грамадзянаў.

Выбарчае заканадаўства мае шмат недасканаласцяў, і змены, унесеныя напачатку 2010 года, істотным чынам яго не палепшылі. Існуючыя нормы і працэдуры выбараў па-ранейшаму дазваляюць уладам пры жаданні маніпуляваць выбарчым працэсам і вынікамі выбараў.

У краіне працягваецца пераслед грамадскіх і палітычных актывістаў: у адносінах да іх бесперапынна ініцыююцца адміністратыўныя і крымінальныя працэсы, звальненьні з працы і вучобы, ужываюцца іншыя формы ўціску. У краіне захоўваецца вялікі ўзровень страху ў грамадстве, які нязменна падтрымліваецца беларускімі ўладамі. Праваабарончыя арганізацыі Беларусі на працягу 2010 года зарэгістравалі некалькі сотняў выпадкаў такога пераследу. Узбуджана крымінальная справа і супраць аднаго з патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты, беларускага пісьменніка Уладзіміра Някляева.

Неверагодна цяжкія ўмовы існавання і дзейнасці у Беларусі незалежных сродкаў масавай інфармацыі, штучныя бар’еры, якія стварае выканаўчая ўлада пры іх рэгістрацыі, няроўныя эканамічныя ўмовы працы дзяржаўных і недзяржаўных СМІ, поўная адсутнасць незалежных электронных СМІ ў краіне ад самага пачатку  ствараюць сітуацыю немагчымасці свабоднага распаўсюду інфармацыі і няроўныя ўмовы для правядзення агітацыйнай кампаніі будучых кандыдатаў у прэзідэнты.

Існуючае заканадаўства не забяспечвае ў дастатковай ступені права беларускіх грамадзянаў на мірныя сходы і мітынгі.

Напярэдадні выбарчай кампаніі ўзмацніўся ціск на існуючыя некамерцыйныя  арганізацыі. З боку дзяржаўных органаў праводзяцца масавыя праверкі іх дзейнасці, актывізаваўся працэс ліквідацыі, што стварае ўмовы для крымінальнага пераследу грамадскіх актывістаў. Моцна абмежавана магчымасць свабоднай дзейнасці і развіцця  палітычных партый. Усе спробы правесці рэгістрацыю новых палітычных утварэнняў  за апошнія гады былі не задаволены  выканаўчымі ўладамі.

У сувязі з вышэйпералічаным немагчыма казаць пра спрыяльны грамадскі і палітычны клімат у дзяржаве напярэдадні важнейшай электаральнай кампаніі. У гэтай сітуацыі незалежнае, аб’ектыўнае, незаангажаванае  назіранне за выбарамі з боку беларускіх праваабаронцаў, накіраванае на ацэнку выбарчага працэсу, ягоную адпаведнасць беларускаму заканадаўству і міжнародным нормам, можа паслужыць прыкладам бесстаронняга выканання грамадзянскага абавязку перад беларускім народам, палітычнымі суб’ектамі і дзяржаўнымі структурамі, адказнымі за палітычны крызіс, які на працягу доўгага часу адбываецца ў краіне.

Мінск, 16 верасня 2010 г.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international