Агляд-хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі, ліпень-жнівень 2010 году

2010 2010-09-13T14:13:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Грамадзка-палітычнае жыцьцё ў апошнія летнія месяцы было адносна спакойным і не вызначаліся значнымі падзеямі, але яно праходзіла на фоне абвастрэньня афіцыйных адносін паміж Беларусьсю і Расеяй, нафтавай і інфармацыйнай войнаў. Пры гэтым агульная сітуацыя ў галіне правоў чалавека у Беларусі заставалася на ранейшым узроўні: абмежаваньні свабоды слова, адміністрацыйны і крымінальны перасьлед апанентаў ўлады, гвалтоўныя разгоны мірных акцыяў.

Прызнаньне 29 ліпеня Гаспадарчым судом Менску дамовы на арэнду памяшканьня дасьледча-асьветніцкай установы "Рух наперад" у ТАА "Ціна Влаці" "нікчэмнай" фактычна дало юрыдычную падставу для ліквідацыі "Руху наперад". 25 жніўня апеляцыйная інстанцыя пакінула судовае рашэньне Гаспадарчага суду бяз зьменаў, а апеляцыйную скаргу без задавальненьня. "Мы разумелі ад пачатку, што ўлада будзе прымаць усе захады, каб паставіць нас у нелегальнае становішча, каб зрабіць, што мы нібыта дзейнічаем ад імя незарэгістраванай арганізацыі і тады ўзмацніць супраць нас рэпрэсіі. Але мы зробім усё, каб ніводнага дня ніхто з актывістаў кампаніі "Гавары праўду" не знаходзіўся ў нелегальных умовах", — заяўляў перад судом Уладзімер Някляеў, кіраўнік "Руху наперад", у межах якой дзейнічае кампанія "Гавары праўду". Між тым прыхільнікі гэтай грамадзянскай ініцыятывы знаходзяцца пад пільнай увагай супрацоўнікаў праваахоўных органаў, і затрыманьні актывістаў з інфармацыйнай прадукцыяй сталі звычайнай практыкай. 

30 жніўня адзначаўся Міжнародны дзень ахвяраў гвалтоўных зьнікненьняў. Міжнародная канвенцыя аб абароне ўсіх асоб ад гвалтоўных зьнікненьняў была прынятая 20 сьнежня 2006 году Генеральнай асамблеяй ААН. Дакумент падпісалі 57 дзяржаваў. У наступныя гады да яе далучыліся новыя краіны, і зараз пад дакументам стаяць подпісы паўнамоцных прадстаўнікоў 83 краінаў. Між тым Кавенцыя набудзе юрыдычную моц і ўступіць у дзеяньне толькі тады, калі яе ратыфікуюць урады 20 краін удзельніц гэтай дамовы. Зараз гэты дакумент ратыфікаваны толькі 19 дзяржавамі. Сярод тых, хто не паставіў подпісы пад гэтым міжнародным дакументам – Рэспубліка Беларусь.

Тым часам праблема гвалтоўных зьнікненьняў для Беларусі актуальная. Напачатку жніўня лідэры апазіцыі, грамадзянскай супольнасьці, праваабаронцы і іншыя вядомыя беларусы зьвярнуліся ў Савет бясьпекі ААН з просьбай правесьці міжнароднае расьсьледаваньне выкраданьняў людзей у Беларусі: былога міністра унутраных справаў Юрыя Захаранкі, віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету XIII скліканьня Віктара Ганчара і прадпрымальніка Анатоля Красоўскага, а таксама журналіста Дзьмітрыя Завадскага. Зварот быў накіраваны міністрам замежных справаў пастаянных чальцоў Саўбеса ААН — Кітая, Расіі, Вялікабрытаніі, Францыі і ЗША.

  1. Адміністрацыйныя затрыманьні і пакараньні грамадзка-палітычных актывістаў

16 ліпеня Першамайскі райсуд сталіцы прызнаў моладзевага актывіста Андрэя Кіма віноўным у арганізацыі несанкцыянаванай акцыі, прымеркаванай да 600-годзьдзя Грунвальдскай бітвы, і пакараў мінімальным штрафам у памеры 0,5 б.в., улічыўшы п. 6 арт. 6.5 КаАП.

5 жніўня Савецкі райсуд Менску пакараў удзельнікаў акцыі, прысьвечанай 20-годзьдзю Дэкларацыі аб незалежнасьці Беларусі, адміністрацыйнымі штрафамі па абвінавачаньні ў нецэнзурнай лаянцы (арт 17.1 КаАП РБ): Міколу Дземідзенку і Кацярыну Давыдзік у памеры 3 б.в. (105 тыс. руб), Вячаслава Сіўчыка і Андрэя Кіма  у памеры - 10 базавых велічынь (350 тыс. руб).

24 жніўня Салігорскі суд па абвінавачаньні за непадпарадкаваньне міліцыі пакараў штрафамі ў памеры 20 б.в. (700 тыс. руб) маладафронтаўцаў Андруся Тычыну і Рыгора Астапеню. Нагодай стала акцыя, прымеркаваная да дня падпісаньня Дэкларацыі аб незалежнасьці. 27 ліпеня маладафронтаўцы зьбіраліся зладзіць конкурс малюнкаў крэйдай на асфальце. Сярод затрыманых таксама былі Іван і Ільля Шылы, суд над якімі перанесьлі.

  1. Парушэньне прынцыпу свободы слова і распаўсюду інфармацыі 

Напачатку ліпеня ў Вілейцы заведзена крымінальная справа па факце паклёпу ў каментарах на мясцовым незалежным сайце vialejka.org. У якасьці сьведкі ў міліцыю  выклікалі аднаго з карыстальнікаў інтэрнэт-старонкі Міколу Суслу. У яго забралі на эксьпертызу ўласны камп’ютар. Нагадаем, што раней была заведзена крымінальная справа па факце паклёпу ў каментарах на сайце «Хартыя'97».

9 ліпеня на крычаўскім аўтавакзале супрацоўнікі міліцыі затрымалі кур’ера з 297 асобнікамі незалежнай  крычаўскай газеты “Вольны горад”, надрукаваныя ў Смаленску. Галоўнай тэмай арыштаванага нумару быў артыкул "НТВ зьнішчыла рэпутацыю прэзідэнта Лукашэнкі" з каментаром Паўла Шарамета. Праз нейкі час кур’ера адпусьцілі, але газеты канфіскавалі. Выдаўцы "Вольнага гораду" пісьмова запатрабавалі ад пракурора і начальніка раённай міліцыі вярнуць незаконна канфіскаваны наклад, а міліцыянтаў прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці. 27 ліпеня рэдактару выданьня Сяргею Няроўнаму паведамілі ў раённай пракуратуры, што арыштаваны наклад “адправілі на лінгвістычную экспэртызу”. Эксьпертыза будзе доўжыцца да паўгода.

У ліпені на працягу аднаго тыдня незалежнае выданьне «Наша Ніва» атрымала два папярэджаньні ад Міністэрства інфармацыі. У загалоўках артыкулаў, у якіх былі знойдзеныя «парушэньні», фігуруе «Хросны бацька». Абодва папярэджаньні непасрэдна тычацца нумару «НН», які чытачы па ўсёй краіне не знайшлі ў кіёсках «Белсаюздруку».

У папярэджаньні, датаваным 22 ліпеня, Мінінфармацыі вінаваціла газету ў распаўсюдзе зьвестак, якія не адпавядаюць рэчаіснасьці. Падставай для санкцыі стаў загаловак «Хросны бацька сканфіскаваў» («НН» № 26). «Паводле арт. 244 Грамадзянскага кодэксу РБ канфіскацыяй зьяўляецца бязвыплатнае выманьне маёмасьці ва ўласніка ў выглядзе санкцыі за зьдзейсненае злачынства ці іншае правапарушэньне». А між тым, наклад «НН», па інфармацыі РУП «Белсаюздрук», быў накіраваны на рэалізацыю, — падкрэсьлівала Мінінфармацыі.

Другое папярэджаньне, датаванае 26 ліпеня, тычылася артыкула «БРСМ рэкламуе фільм «Хросны бацька», зьмешчанага ў «НН» № 25. «Згодна інфармацыі грамадскага аб’яднаньня “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі“ актывістамі згаданага аб’яднаньня 6 ліпеня ў г. Менску была зладжаная акцыя, зьместам якой не зьяўлялася рэклама згаданага фільму», — адзначаецца ў лісьце. Адпаведна, палічылі ў Мінінфарме, «апублікаваная інфармацыя не адпавядае рэчаіснасьці і ганьбіць рэпутацыю дадзенай юрыдычнай асобы».

У жніўні адміністрацыйная камісія Ленінскага раёну Гародні завочна прысудзіла штраф у памеры 25 базавых велічынь (875 тыс. руб.) намесьніку старшыні “Маладога Фронту” Алесю Кіркевічу за распаўсюд друкаванай прадукцыі ў межах кампаніі "Горад наш!". Ён быў затрыманы 3 ліпеня супрацоўнікамі міліцыі. Пасьля складаньня пратаколу па ч.2 арт. 21.14 КаАП (Парушэньне правілаў добраўпарадкаваньня, забесьпячэньня чысьціні і парадку) міліцыя правяла дагляд кватэры актывіста.

  1. Парушэньне права на свабоду мірных сходаў

У ліпені чыноўнікі Менгарвыканкаму без тлумачэньня прычыны не далі дазволу на правядзеньне 15 ліпеня «бітвы падушкамі», прымеркаванай да 600-годзьдзя Грунвальдскай бітвы. З ініцыятывай гэтай жартоўнай акцыі выступіла аб'яднаньне "Гісторыка". Між тым мірная акцыя адбылася каля да Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, аднак вялікая колькасьць удзельнікаў была затрыманая супрацоўнікамі міліцы.

26 ліпеня ў Гомелі былі затрыманыя каля дзесяці ўдзельнікаў акцыі, прымеркаванай да 20-ай гадавіны прыняцьця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі. Сярод затрыманых знаходзіўся і прадстаўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” Анатоль Паплаўны. Актывістаў даставілі ў пастарунак, дзе ў тэксце паштовак знайшлі "інфармацыю антыпалітычнай накіраванасьці". Па словах праваабаронцы, канфіскацыя віншавальных паштовак адбывалася са шматлікімі парушэньнямі. Дзвюма гадзінамі раней у Гомелі  затрымалі грамадскага актывіста Уладзіміра Няпомняшчых, які быў спынены супрацоўнікамі міліцыі з-за надпісу "За Беларусь без Лукашэнкі" на майцы. Таксама ў гэты ж час у іншых месцах абласнога цэнтра былі затрыманыя дэмакратычныя актывісты Васіль Палякоў, Юрась Глушакоў і Ларыса Шчыракова.

Менгарвыканкам не даў дазвол лідэрам палітычных партыяў і рухаў на правядзеньне 16 жніўня ля Акадэміі навук "ланцуга неабыякавых людзей" з патрабаваньнем міжнароднага расьсьледаваньня зьнікненьняў апазіцыйных палітыкаў Віктара Ганчара і Юрыя Захаранкі, бізнэсмэна Анатоля Красоўскага і журналіста Зьмітра Завадзкага. Афіцыйная падстава – нібыта заяўка аформлена неналежным чынам, аднак у чым канкрэтна палягаюць парушэньні заяўнікам так і не патлумачылі.

У жніўні магілёўскія улады не дазволілі актывістам створанай Партыі свабоды і прагрэсу правесьці ў трох спальных раёнах гораду пікеты з мэтай збору  подпісаў жыхароў пад зваротам да ўлады, каб тая пачала вырашаць актуальныя мясцовыя праблемы. У лісьце за подпісам намесьніка старшыні гарвыканкаму Ігара Шардыкі гаворыцца, што абраныя месцы для пікетаў не зьяўляюцца вызначанымі для правядзеньня масавых мерапрыемстваў.

Улады Мазыра не дазволілі правесьці 31 жніўня на месцы самаспаленьня яўрэяў падчас Другой сусветнай вайны мітынг, прысьвечаны 69-й гадавіне трагедыі. Па словах старшыні пярвічнай арганізацыі Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Паўла Наздры, на мерапрыемства планавалася запрасіць сваякоў загінулых, гісторыкаў і журналістаў, палітыкаў і дыпламатаў, прадстаўнікоў грамадскасьці.

  1. Палітычна матываваны крымінальны перасьлед

Актывіст кампаніі "Гавары праўду", сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і ПЭН-цэнтру. Міхась Башура быў затрыманы ў Менску 6 жніўня на сваёй кватэры і зьмешчаны ў ізалятар часовага ўтрыманьня. 16-га жніўня яму выставілі абвінавачаньне ў вырабе і выкарыстаньні падробных дакументаў па ч.1 і ч. 2 арт. 380 КК РБ. Два гады таму, выступаючы паручальнікам жонкі, якая брала крэдыт, М.Башура нібыта прадставіў даведку аб заробку, у якой былі завышаныя ягоныя даходы. Па словах актывіста, ён не бухгалтар і памыліўся пры падліках, унёсшы ў даведку недакладныя зьвесткі. Справу вядзе РУУС Савецкага раёну сталіцы. 18 жніўня М. Башуру перавялі ў жодзінскі ізалятар.

У кампаніі "Гавары праўду" перасьлед М. Башуры зьвязваюць з ягонай актыўнай грамадзянскай дзейнасьцю. На апошніх мясцовых выбарах М. Башура вылучаўся кадыдатам у дэпутаты ад прадпрымальніцкага блоку. Праваабаронцы таксама бачаць у арышце актывіста яўны палітычны падтэкст. Хадайніцтвы адваката зьняволенага аб зьмяненьні меры стрыманьня на падпіску аб нявыезьдзе выніку ня далі.

31 жніўня Менскі гарадскі суд не задаволіў касацыйную скаргу на рашэньне Савецкага райсуду, які адмовіўся вызваліць М.Башуру  з-пад варты. Па словах адвакаткі Тамары Сідарэнка, у Беларусі наўрад ці знойдуцца людзі, якіх бралі б пад варту па аналагічным артыкуле Крымінальнага кодэксу. 

15 ліпеня дэмакратычны актывіст і выдавец незалежнага выданьня з Клецка Сяргей Панамароў даведаўся ў пракуратуры Менскай вобласьці, што сьледства па крымінальнай справе супраць яго скончана і матэрыялы накіраваныя ў суд. Крымінальная справа супраць актывіста была ўзбуджана паводле арт. 369 КК РБ  (“Зьнявага прадстаўніка ўлады”) па факту артыкулаў на старонках выданьня “Бойкі Клецк”, дзе востра крытыкаваліся прадстаўнікі мясцовай ўлады.  23 жніўня меў пачацца крымінальны працэс, 26-га адміністрацыйны, аднак С. Панамароў з’ехаў ў Польшчу, дзе папрасіў палітычнага прытулку. У Беларусь ён зьбіраецца вярнуцца толькі пасля зьмены ўлады.

  1. Перасьлед дэмакратычных актывістаў

25 жніўня Астравецкі райсуд пакараў штрафам у памеры 1 млн 225 тыс. рублёў (35 б.в.) актывіста АГП Міколу Ўласевіча. Яго прызналі вінаватым у непадпарадкаваньні пажарным інсьпектарам. М. Уласевіч з рашэньнем суда ня згодны і лічыць яго палітычна матываваным. На ягоную думку, такім чынам мясцовыя ўлады помсьцяць яму за тое, што ён не прызнае выбары ў мясцовыя саветы і працягвае іх абскарджваць. У прыватнасьці актывіст патрабуе прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці сябраў раённай выбарчай камісіі, датычных да фальсіфікацыі вынікаў выбараў у Астравецкім раёне. Яшчэ ў мінулым годзе М. Уласевіч зьвярнуўся ў мясцовыя органы ўлады з тым, каб па сваім хатнім адрасе зарэгістраваць раённую суполку Аб'яднанай грамадзянскай партыі, сябрам якой ён зьяўляецца. Пажарны інсьпектар, правёўшы абсьледаваньне, адмовіў у рэгістрацыі і напісаў больш за 10 прадпісаньняў, якія трэба было выправіць. З кожнай наступнай праверкай пажарнікі, з яго слоў, патрабавалі выкананьня новых прадпісаньняў. М.Уласевіч, у сваю чаргу, пачаў пісаць скаргі іх кіраўніцтву ў вобласьць і нават міністру МНС.

  1. Парушэньне права на свабоду асацыяцыяў

20 жніўня Грамадскаму праваабарончаму аб’яднаньню "Берасьцейская вясна" абласное ўпраўленьне юстыцыі ў дзясяты раз адмовіла ў рэгістрацыі. Падставай для адмовы паслужыў нібыта недакладны адрас жыхарства аднаго з заснавальнікаў, а менавіта нумар дому. Між тым, па словах старшыні арганізацыі Уладзіміра Вялічкіна, дадзеныя, прадстаўленыя Упраўленьнем унутраных справаў Берасьцейскага аблвыканкаму рэгіструючаму органу не адпавядаюць рэчаіснасьці, то бок заснавальнік, супраць якога ўзьнікла прэтэнзія, усё-ткі жыве ва ўказаным доме.

25 жніўня ў Галоўнае ўпраўленьне юстыцыі Берасьцейскага аблвыканкаму была накіраваная заява, у якой праваабаронцы просяць адмяніць прынятае рашэньне, зарэгістраваць “Берасьцейскую вясну” і абавязаць УУС аблвыканкаму выправіць памылку ў прадстаўленых зьвестках аб месцы жыхарстве аднаго з заснавальнікаў. Да заявы прыкладзены копіі даведкі аб месцы рэгістрацыі заяўніка і пашпарта з прапіскай.

Згодна з рашэньнем Магілёўскага абласнога гаспадарчага суду, Магілёўскі праваабарончы цэнтар абавязаны выплаціць камунальнай управе Ленінскага раёну Магілёву 13 мільёнаў 658 тысяч рублёў запазычанасьці за арэнду сядзібы. Такіх грошай у праваабаронцаў няма, і паўстала пагроза страціць памяшканьне. Паводле сябра Магілёўскага праваабарончага цэнтру Барыса Бухеля, недаплату камунальнікі налічылі ад 24 красавіка 2008 году, калі няўрадавую арганізацыю пазбавілі льготнага каэфіцыенту аплаты арэнды, аднак пра гэта камунальнікі не паінфармавалі праваабаронцаў. Цягам двух гадоў, як сьцьвярджае Б.Бухель, яго арганізацыя плаціла паводле тых рахункаў, якія выстаўлялі камунальнікі. Паводле праваабаронцы, у суд камунальнікі зьвярнуліся пасьля патрабаваньня ўправы маёмасьці гарвыканкаму.

Магілёўскі праваабарончы цэнтар утвораны ў 1998 годзе. Ад 2006 году арганізацыя ўваходзіць у камісію пры ўправе юстыцыі аблвыканкаму па назіраньні за месцамі пазбаўленьня волі ў рэгіёне. Камісію ачольвае сябра праваабарончага цэнтру. Няўрадавая арганізацыя актыўна ўдзельнічае ў выбарчых кампаніях.

  1. Парушэньне права на свабоду сумленьня

18 жніўня на паседжаньні групы, створанай Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыяй для абароны касьцёла сьвятога Язэпа, быў дадзены старт масавай кампаніі абароны сьвятыні. Актывісты БХД у 14-ці гарадах Беларусі запланавалі сабраць некалькі тысяч подпісаў з патрабаваньнем вярнуць касьцёл вернікам. Калі рэакцыі на зварот не будзе, БХД заявіла аб намеры распачаць штодзёньнае пікетаваньне каля будынку касьцёла і кляштара, а таксама разгарнуць шырокую кампанію салідарнасьц. Нагадаем, згодна з планамі Менгарвыканкаму, будынак мусіць быць прыстасаваны пад гатэльны комплекс і аб’екты гандлёва-побытавага прызначэньня. У 2007 годзе кіраўніку Беларусі быў накіраваны зварот з больш чым 30 тысячамі подпісаў за вяртаньне касьцёла вернікам, аднак з пачатку 2010 года вядуцца працы па пераабсталяваньні касьцёла ў гатэль.

14 жніўня набыло законную моц рашэньне Гаспадарчага суду Менску пра спагнаньне з менскай царквы Рэлігійнага аб’яднаньня абшчын хрысьціян поўнага Евангельля «Новае жыцьцё» 249 млн. рублёў у якасьці кампенсацыі за нанясеньне шкоды навакольнаму асяродзьдзю. 29 ліпеня Гаспадарчы суд сталіцы прызнаў пратэстанцкую царкву вінаватай ў нанясеньні шкоды навакольнаму асяродзьдзю — забруджаньні тэрыторыі царквы нафтапрадуктамі. Акрамя 249 млн. «Новае жыцьцё» абавязана выплаціць 8 млн. рублёў дзяржпошліны. Каментуючы рашэньне суду адразу пасьля яго абвяшчэньня, юрыст царквы Сяргей Луканін заявіў, што прадстаўнікі «Новага жыцьця» не прызнаюць сябе вінаватымі. Таксама ён паведаміў пра намер абскардзіць судовае рашэньне ў апеляцыйнай інстанцыі. Аднак 8 жніўня ў выніку галасаваньня вернікаў было вырашана вэрдыкт суду не аспрэчваць, бо з-за велізарнай сумы іску за працэс абскарджаньня прыйшлося б заплаціць вялізарную пошліну.

  1. Катаваньні і іншыя формы жорсткага абыходжаньня

Актывіст “Моладзі БНФ” Зьміцер Пармон атрымаў з пракуратуры Цэнтральнага раёну Менску адказ на сваю заяву з просьбай узбудзіць крымінальную справу ў дачыненьні да міліцыянтаў, якія зьбілі яго падчас затрыманьня  27 траўня. У той дзень моладзь планавала правесьці велапрабегу ў гонар Максіма Багдановіча, аднак супрацоўнікі міліцыі з ужываньнем сілы перашкодзілі ўдзельнікам. У выніку З.Пармон апынуўся ў 6-ым гарадскім клінічным шпіталі з дыягназам “пералом ключыцы” і яму была зроблена складаная хірургічная аперацыя. Між тым, як вынікае з адказу за подпісам сьледчага А.А.Бачылы, пракуратура Цэнтральнага раёну правяла праверку выкладзеных у заяве фактаў і не знайшла складу злачынства ў дзеяньнях міліцыянтаў. З паказаньняў сьведкаў-міліцыянтаў (Жданаў Н.Г., Градовіч А.С., Лазуцін А.В., Ляшок С.Д., Шарэдаў А.Л., Якімаў А.А, Касперскі Д.Г.) цялесныя пашкоджаньні ў З. Пармона “атрыманыя ім у выніку яго ж уласнай неасьцярожнасьці”. 

  1. Дэпартацыя

Уліпені ПЦ “Вясна” па просьбе іспанкі Інмакулады Гансалес, якая прасіла даведацца пра лёс свайго затрыманага 1 чэрвеня ў менскім аэрапорце сябра Гі Франсуа Тукама (Guy François Toukam), знайшоў грамадзяніна Камеруна ў менскім Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна. 28-гадовага грамадзяніна Камеруна, які жыве ў Еўропе і мае від на жыхарства ў Іспаніі, затрымалі міграцыйныя службы па падозраньні ў падробцы пашпарту. Камерунец прыляцеў у Беларусь у складзе нарвежскага клубу IOF на гульню Кубка еўрапейскіх чэмпіёнаў па футзале (разнавіднасьць міні-футболу). 44 дні прайшлі, пакуль беларускія службы пераканаліся: і камерунскі пашпарт, і іспанскі від на жыхарства Гі Франсуа Тукама сапраўдныя. Увесь гэты час камерунец правёў за кратамі, без юрыдычнай дапамогі, у дрэнных умовах. Па вяртаньні дадому Гі Франсуа Тукам распавёў пра ўмовы зьняволеньня ў менскім ізалятары, пра пабоі, турэмную ежу, расісцкія жарты сакамернікаў, а таксама адзначыў, што за паўтары месяца "адпачынку" на Акрэсьціна, дзе ён схуднеў на 20 кг, давялося заплаціць 250 долараў: “Да людзей там абсалютна ніякай павагі. Замежнікі не маюць ніякіх правоў. Душ можна толькі раз на тыдзень і толькі калі просіш-патрабуеш. Я 44 дні правёў без прагулак. У мяне забралі ўсе асабістыя рэчы. Ложкаў няма, спяць на драўлянай лаве. Замежнікі сядзяць там не асобна, а разам з бамжамі і звар'яцелымі, усе разам. Сярод зьняволеных ёсьць відавочна хворыя людзі. Некаторыя людзі так праводзяць у зьняволеньні па 7-8 месяцаў, і калі іх адпускаюць на вуліцу, яны проста не могуць хадзіць!” 

  1. Сьмяротнае пакараньне

На 30 ліпеня ў Вярхоўным Судзе Беларусі быў прызначаны разгляд касацыйных скаргаў жыхароў Гародні Алега Грышкаўцова і Андрэя Бурдыкі, асуджаных да вышэйшай меры пакараньня за патройнае забойства. Сьмяротныя прысуды былі вынесеныя 14 траўня абласным судом, які палічыў цалкам даказанай віну абодвух злачынцаў. Па невядомых прычынах Вярхоўны суд перанёс дату разгляду касацыйнай скаргі на 17 верасьня.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international