Камерунскі футбаліст збіраецца падаць у ААН скаргу на Беларусь

2010 2010-09-09T12:58:31+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/tukam_g_f.jpg

Яго адвакат скардзілася Лукашэнку, але атрымала "дзіўны" адказ ад мінскіх памежнікаў.

28-гадовы Гі Франсуа Тукам (Guy François Toukam), якога на 44 дні затрымалі ў Беларусі і абвінавацілі ў падробцы пашпарту, некалькі тыдняў таму атрымаў адказ ад беларускіх чыноўнікаў. З яго вынікае, што камерунскі футбаліст сам адмовіўся ад адваката, што яму ад самага пачатку быў прадстаўлены перакладчык і што Гі Франсуа Тукам нават прызнаў свой пашпарт падробленым!

"Відавочна, гэта хлусня! — абураецца нявеста і адвакат футбаліста Інмакулада Гансалес. — Гі ведае, як важна мець адваката, і ў першую ж чаргу ён яго папрасіў. І ніякі перакладчык яму не быў прадстаўлены ні ў аэрапорце, ні ў цэнтры затрымання. Гі не падпісваў аніякіх дакументаў, і, натуральна, ён не прызнаваў, што яго пашпарт падроблены!"

Нагадаем, 1 чэрвеня Гі Франсуа Тукам прыляцеў у Мінск на гульню Кубка еўрапейскіх чэмпіёнаў па футзале. Аднак у аэрапорце яго затрымалі з-за падазрэння ў падробцы пашпарту і змясцілі ў мінскі ізалятар на Акрэсціна.

У афіцыйным адказе значыцца, што "яму быў прадстаўлены перакладчык, а таксама прапанаваны ўдзел у адміністрацыйным працэсе адваката, ад якога ён адмовіўся. Аб гэтым сведчаць адпаведныя запісы ў справе, засведчаныя подпісам самога спадара Тукама Г.Ф."

"Гі кажа, што не падпісваў ніякіх дакументаў, ніякіх абсалютна, яму ніякіх дакументаў і не давалі падпісваць, — працягвае Інмакулада. — Я ўпэўненая, што ён нічога не падпісваў. І, натуральна, ён не прызнаваў, што яго пашпарт падроблены".

Інмакулада не разумее, як беларускія памежнікі прызналі пашпарт падробленым, калі гэтага не заўважылі паліцэйскія і іншыя органы еўрапейскіх краін.

Інмакулада Гансалес: "Ніколі ў Гі не было праблем з гэтым пашпартам. З ім ён лятаў з Іспаніі ў Нарвегію. У 2008 годзе ён з гэтым пашпартам атрымаў від на жыхарства Іспаніі, і спецыяльная камісія вывучала кожную старонку пашпарта. Пасля яго праглядалі паліцэйскія органы Іспаніі. У 2009 годзе ён падоўжыў дзеянне віду на жыхарства, зноўку прайшоў гэтую працэдуру — і не было ніякіх нараканняў".

Адзначым, што скарга Інмакулады Гансалес у Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі была перанакіраваная ў Дзяржаўны памежны камітэт, а адтуль — у аддзел памежнага кантролю "Мінск", які і быў адказны за затрыманне футбаліста.

Інмакулад Гансалес: "У Іспаніі гэта немажліва. Кожная скарга перадаецца і разглядаецца на больш высокім узроўні. Я не магла паверыць вачам, калі атрымала адказ, бо там адна хлусня! Гэты спадар апраўдваецца перад вышэйшымі асобамі за незаконнае затрыманне. Бо я дасылала электронныя лісты на імя Лукашэнкі і розных міністэрстваў, і мне сказалі, што будзе адказ. Цяпер яны апраўдваюцца, як могуць, прыдумляюць, што хочуць".

Інмакулада Гансалес кажа, што яны пойдуць далей, аж да Камітэта па правах чалавека ААН.

Інмакулада Гансалес: "Зразумела, мы не спынімся на гэтым, будзем скардзіцца ў ААН. Але спярша трэба прайсці беларускія інстанцыі. І гэта не толькі дзеля Франсуа, але і дзеля іншых людзей, з якімі здараецца падобнае. Гэта скарга не супраць краіны альбо яе грамадзян, але супраць карупцыйных дзеянняў беларускіх чыноўнікаў, ад якіх пакутуюць людзі".

У адказе часовага выканаўцы абавязкаў старшыні аддзела памежнага кантролю "Мінск" заключаецца: "Такім чынам, аналізуючы здарэнне, належыць прыйсці да высновы, што ўпаўнаважанымі асобамі органаў памежнай службы РБ, пачынаючы ад моманту затрымання ў аэрапорце і да моманту вызвалення, правы і законныя інтарэсы спадара Тукама Г. Ф. парушаныя не былі, прыцягненне яго да адміністрацыйнай адказнасці законнае і абгрунтаванае".

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international