viasna on patreon

Артыкул 193.1: Галаванаў ківае на Лукашэнку

2010 2010-09-08T14:13:10+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/193logo.jpg

Міністар юстыцыі Віктар Галаванаў перакладае адказнасьць за існаваньне адыёзнага артыкула Крымінальнага кодэкса 193.1 на прэзыдэнта. Прынамсі, такую выснову можна зрабіць па выніках сустрэчы прадстаўнікоў Асамблеі НДА з высокапастаўленым чыноўнікам.

Удзельнікі перамоваў Алёна Валынец і Сяргей Мацкевіч нагадалі чыноўніку пра  шматлікія абяцаньні як ягонага намесьніка Ігара Тушынскага, так і самога міністра, што сыходзілі зь іхных вуснаў шматкроць у мінулым і ў бягучым гадах. “Віктар Галаванаў пацьвердзіў, што ягонае міністэрства разглядала пытаньне аб скасаваньні крымінальнай адказнасьці за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Больш таго, Міністэрства юстыцыі падрыхтавала і прадставіла сваё меркаваньне ў пісьмовай форме на разгляд прэзыдэнта. Цяпер, паводле міністра, усё залежыць ад кіраўніка дзяржавы”, -- падзялілася ўражаньнямі ад сустрэчы каардынатарка кампаніі “Стоп 193.1!” Алёна Валынец. Што праўда, аніякай канкрэтыкі і падрабязнасьцяў адносна прадстаўленага прэзыдэнту заключэньня ад Віктара Галаванава пачуць не ўдалося.

Паводле словаў прадстаўнікоў Асамблеі НДА, міністар спрабаваў апраўдацца, што такая норма (крымінальны перасьлед за дзейнасьць незарэгістраваных арганізацыяў) ёсьць і ў іншых краінах. Сваёй чаргой, грамадзкія актывісты зазначылі, што міністар мае рацыю, але часткова, бо ў цывілізаваных дзяржавах за несанкцыянаваную зьверху грамадзкую актыўнасьць не караюць.  

Другое пытаньне, якое закранулі старшыня Рабочай групы Асамблеі НДА і каардынатарка кампаніі “Стоп 193.1!” Алёна Валынец, тычылася канцэпцыі будучага Закона “Аб некамэрцыйных арганізацыях”. І гэтым разам больш-менш уцямнай канкрэтыкі ад міністра грамадзкія дзеячы не атрымалі. “Яшчэ ў канцы 2004-га году міністар Галаванаў запрасіў мяне, Алеся Бяляцкага, Раісу Міхайлоўскую і шэраг іншых грамадзкіх лідэраў на вельмі дзіўную сустрэчу. У агульнай прысутнасьці абмяркоўвалася сытуацыя са станам грамадзкіх аб’яднаньняў. Міністар сказаў, што рыхтуецца прапанова па зьменах парадку рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў. Меркавалася, што гэта будзе заяўны прынцып рэгістрацыі. Зараз ён сказаў, што прагрэсіўныя прапановы адкладзеныя ў скрыню”, -- згадаў варункі папярэдніх кантактаў зь міністрам юстыцыі Галаванавым сьпікер Форума грамадзянскай супольнасьці Ўсходняга партнэрства і старшыня Рабочай групы Асамблеі НДА Сяргей Мацкевіч. “Увогуле, склалася ўражаньне, што Мінюст старанна ўхіляецца ад сваіх функцыяў альбо, так бы мовіць, проста ня мае аніякіх магчымасьцяў па вырашэньні канкрэтных пытаньняў, спасылаючыся на прэзыдэнта. І ў пытаньні ўвядзеньня мараторыя на сьмяротнае пакараньне, і ў наяўнасьці артыкула 193.1, і ў адсутнасьці ініцыятывы па распрацоўцы Закона “Аб некамэрцыйных арганізацыях...”, -- падсумаваў Сяргей Мацкевіч.

Цікавы момант: Віктар Галаванаў ня выключыў вынясеньня пытаньня аб скасаваньні артыкула 193.1 КК РБ на парадак дня бліжэйшай сэсіі дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, якая мае адбыцца 14 верасьня. Паводле Алёны Валынец, “Віктар Галаванаў паведаміў, што зараз у дэпутатаў ёсьць зацьверджаны парадак дня пасяджэньня. Але, маўляў, вы самі разумееце, што розныя пытаньні могуць быць вынесеныя спантанна, у тым ліку і абмеркаваньне артыкула 193.1 КК”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства