Асамблея НДА прыняла заяву па выбарах

2010 2010-09-07T11:28:14+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/asamblejanda2.jpg

Асамблея дэмакратычных няўрадавых арганізацыяў Беларусі, у складзе якой каля 280 грамадзкіх аб’яднаньняў, прыняла заяву адносна сытуацыі разьяднанасьці ў дэмакратычных палітычных колах напярэдадні выбарчай прэзыдэнцкай кампаніі. Як паведаміў старшыня Рабочае групы Асамблеі НДА Сяргей Мацкевіч, “заява адрасаваная шырокай аўдыторыі: патэнцыйным кандыдатам у прэзыдэнты, лідэрам палітычных партыяў і рухаў. Але, у першую чаргу, тым актывістам грамадзкага і палітычнага сэктараў, якія зацікаўленыя ў дэмакратычных пераменах у Беларусі”. Дакумэнт ухвалілі сябры Рабочай групы Асамблеі НДА, у склад якой уваходзяць прадстаўнікі найбольш уплывовых грамадзкіх аб’яднаньняў Беларусі.

“Мы, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці Беларусі, глыбока занепакоеныя сытуацыяй у дэмакратычных палітычных колах краіны напярэдадні выбарчай прэзыдэнцкай кампаніі. Разьяднанасьць дэмакратычных прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта краіны, няздольнасьць вызначыць адзінага кандыдата, адсутнасьць у іх супольных стратэгічных мэтаў і распрацаванага пляну дзеяньняў ставяць пад сумнеў сур’ёзнасьць іхных намераў”. – Гаворыцца ў тэксьце заявы.

Сябры Рабочае групы ад імя дэмакратычнай грамадзянскай супольнасьці паабяцалі прыняць “чынны ўдзел у інфармаваньні, актывізацыі, арганізаваньні беларускага грамадзтва напярэдадні выбараў дзеля дасягненьня правоў і свабодаў і адбудовы дэмакратычнага ладу”.

Таксама ў тэксьце заявы адзначаецца ўстрывожанасьць адсутнасьцю ў дэмакратычным лягеры ўзгодненага стаўленьня да рэжыму і будучыні Беларусі. “Беларускаму грамадзтву навязваецца штучны выбар паміж прапановамі зьмяніць кіраўніцтва краіны паводле расейскіх стратэгіяў, з аднаго боку, і абаронаю рэжыму як “гаранта незалежнасьці” з другога. Такі “выбар” не накіраваны на адстойваньне нацыянальных дэмакратычных інтарэсаў, але нясе пагрозу адначасова і нацыянальным, і дэмакратычным пэрспэктывам Беларусі”, -- адзначаецца ў дакумэнце.

У зьвязку з паўсталымі напярэдадні выбараў праблемамі сябры Рабочае групы Асамблеі НДА заклікаюць палітычных дэмакратычных лідэраў да стратэгічнага і практычнага аб’яднаньня.

“Дадзеная заява – гэта, можна сказаць, пазыцыя пэўнай часткі грамадзкага сэктару Беларусі, інтарэсы якой рэпрэзэнтуе Асамблея НДА. Спадзяемся, палітычныя лідэры зь ліку патэнцыйных кандыдатаў усё ж такі ўлічаць меркаваньне неабыякавых беларусаў, задзейнічаных у працы аб’яднаньняў трэцяга сэктару. Грамадзянская супольнасьць Беларусі ня можа заставацца ў баку ад вызначальных палітычных падзеяў, таму мы вырашылі данесьці наш погляд на наяўную перадвыбарчую сытуацыю”, -- рэзюмаваў старшыня Рабочае групы Асамблеі НДА і сьпікер Форуму грамадзянскай супольнасьці Ўсходняга партнэрства Сяргей Мацкевіч.

 

Даведка. Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі – аб'яднаньне 278 грамадзкіх арганізацыяў ды ініцыятываў Беларусі. Існуе з 1997 году. Асноўныя мэты: прасоўваньне і адстойваньне інтарэсаў НДА Беларусі; забесьпячэньне камунікацыі паміж грамадзкімі арганізацыямі; дапамога ў працы НДА; маніторынг, аналіз і ацэнка стану грамадзкага сэктару і прававога становішча. З моманту абвяшчэньня Эўрапарлямэнтам тэставага пэрыяду для беларускіх уладаў вядзе інтэнсіўны маніторынг сытуацыі з правам на асацыяцыю ў Беларусі.

 

ЗАЯВА РАБОЧАЙ ГРУПЫ

АСАМБЛЕІ ДЭМАКРАТЫЧНЫХ НЯЎРАДАВЫХ АРГАНІЗАЦЫЯЎ БЕЛАРУСІ

Палітычнае, эканамічнае і сацыяльнае становішча ў краіне як ніколі раней спрыяльнае для пачатку пераменаў у бок рэформаў і дэмакратызацыі. Абавязак як грамадзкага, так і палітычнага сэктару – актыўна працаваць з грамадзтвам, змагацца за дасягненьне асноўных свабодаў і правоў чалавека пры захаваньні ды ўмацаваньні незалежнасьці, а сёньня – перадусім за права свабодна выбіраць уладу, дэкляраванае Канстытуцыяй.

Мы, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці Беларусі, глыбока занепакоеныя сытуацыяй у дэмакратычных палітычных колах краіны напярэдадні выбарчай прэзыдэнцкай кампаніі.

Разьяднанасьць дэмакратычных прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта краіны, няздольнасьць вызначыць адзінага кандыдата, адсутнасьць у іх супольных стратэгічных мэтаў і распрацаванага пляну дзеяньняў ставяць пад сумнеў сур’ёзнасьць іхных намераў. Замест далучэньня новых людзей адбываецца перацягваньне актыўных грамадзянаў зь лягера аднаго прэтэндэнта ў іншы, што разбурае ініцыятыўнасьць і валянтэрскія прынцыпы грамадзянскай супольнасьці ды зьніжае шанцы на эфэктыўную выбарчую кампанію.

Мы ўстрывожаныя тым, што напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў сярод палітычных арганізацыяў, якія дэкляруюць дэмакратычныя прынцыпы, няма ўзгодненага стаўленьня да аўтарытарнага рэжыму і будучыні Беларусі.

Беларускаму грамадзтву навязваецца штучны выбар паміж прапановамі зьмяніць кіраўніцтва краіны паводле расейскіх стратэгіяў, з аднаго боку, і абаронаю рэжыму як “гаранта незалежнасьці” з другога. Такі “выбар” не накіраваны на адстойваньне нацыянальных дэмакратычных інтарэсаў, але нясе пагрозу адначасова і нацыянальным, і дэмакратычным пэрспэктывам Беларусі. Бо вырашэньне лёсу краіны – гэта справа саміх беларусаў, а сапраўдная незалежнасьць немагчымая без свабоды і дэмакратыі.

Заклікаем палітычных дэмакратычных лідэраў, якія бачаць Беларусь свабоднай эўрапейскай краінай, для якіх непрымальнае любое апраўданьне існага рэжыму, а дэмакратыя ды незалежнасьць ёсьць узаемазьвязанымі каштоўнасьцямі, да стратэгічнага і практычнага аб’яднаньня. У сваю чаргу, дэмакратычная грамадзянская супольнасьць прыме чынны ўдзел у інфармаваньні, актывізацыі, арганізаваньні беларускага грамадзтва напярэдадні выбараў дзеля дасягненьня правоў і свабодаў і адбудовы дэмакратычнага ладу.

 

 

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international