Рыгор Кастусёў супраць сьмяротнага пакараньня

2010 2010-09-06T10:02:10+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/kostuseu.jpg

Кандыдат у прэзыднты Беларусі ад Партыі БНФ Рыгор Кастусёў паставіў свой подпіс пад пэтыцыяй супраць сьмяротнага пакараньня. Падпісаньне пэтыцыі ладзіцца беларускай грамадзянскай кампаніяй "Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня", мэтай якой ёсьць спыненьне сьмяротнай кары ў краіне і далучэньне Беларусі да агульнаэўрапейскіх каштоўнасьцяў. Апроч Рыгора Кастусёва, пад гэтым дакумэнтам паставілі свае подпісы сотні грамадзянаў Беларусі. Палітык заўважыў, што пасьля абраньня на пасаду прэзыдэнта ягоныя крокі будуць скіраваныя на тое, каб мараторый на сьмяротнае пакараньне быў абвешчаны парлямэнтам найхутчэйшым чынам.

 

У пэтыцыі адзначаецца, што нішто ня можа апраўдаць наўмыснае і бязьлітаснае пазбаўленьне чалавека жыцьця ад імя дзяржавы, пры гэтым сьмяротнае пакараньне мае незваротны характар. Пазбаўленьне жыцьця ня толькі ня выправіць зьдзейсьненага злачынцам і не адновіць справядлівасьць, але і ня зможа прывесьці яго да пакаяньня, усьведамленьня сваёй віны. Акрамя таго, нельга выключаць судовых памылак, што пагражае казьнямі невінаватых людзей – і гэта ўжо было ў гісторыі Беларусі. У выпадку сьмяротнага пакараньня выправіць судовую памылку і вярнуць жыцьцё чалавеку немагчыма.

 

Рыгор Кастусёў, камэнтуючы свой подпіс пад пэтыцыяй, сказаў: “Сёньня наяўнасьць сьмяротнага пакараньня зьяўляецца ці не асноўнай перашкодай вяртаньня нашай краіны на шлях нармальнага разьвіцьця. Нідзе ў Эўропе, і нідзе на постсавецкай прасторы сьмяротная пакараньне не ўжываецца – нашая краіна выглядае цяпер нейкай варварскай выспай, якая адасобленая ад усяго цывілізаванага сьвету і нават ад нашых найбліжэйшых суседзяў. Сёньняшняя ўлада такім чынам паставіла нашую краіну ў адзін шэраг з самымі неразьвітымі дзяржавамі сьвету. Я ўпэўнены, што адказная дзяржаўная ўлада мусіць праявіць палітычную волю і пазбавіць нашую краіну ад кляйма дзяржавы-забойцы”.

Кандыдат ад Партыі БНФ зазначыў, што ягоны подпіс пад пэтыцыяй варта разглядаць і як палітычны крок, і як сродак прыцягненьня ўвагі да праблемы сьмяротнага пакараньня ў Беларусі. “Грамадзтва ня можа дазволіць сабе раскошу даваць дзяржаўным чыноўнікам права вызначаць, хто мае права жыць, а хто павінны памерці. Я лічу, што наяўнасьць сьмяротнага пакараньня – гэта сьведчаньне недзеяздольнасьці і слабасьці сёньняшняй ўлады, якая сваю няздольнасьць змагацца са злачыннасьцю хавае за гэтым сярэдневечным відам пакараньня”, – падкрэсьліў кандыдат у прэзыдэнты ад Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства