Мінгарвыканкам забараніў правядзенне акцыі «Бой падушкамі», прысвечанай гадавіне біты пад Оршай

2010 2010-09-03T14:37:31+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/boi_poduszkami-telegrafby.jpg
фота Telegraf.by

фота Telegraf.by

Мінгарвыканкам забараніў правядзенне акцыі «Бой падушкамі», прысвечанай гадавіне біты пад Оршай, паведамілі 3 верасня на прэс-канферэнцыі ў Мінску арганізатары мерапрыемства.

Гэтым разам ініцыятарам «Бою падушкамі» выступіла маладзёжнае грамадскае аб’яднанне «Гісторыка». Як адзначыў на прэс-канферэнцыі актывіст арганізацыі Валянцін Сакалоўскі, у заяўках на правядзенне «Бою падушкамі» былі ўказаны чатыры магчымыя месцы правядзення акцыі — парк Дружбы народаў, лесапаркавая зона побач з Нацыянальнай бібліятэкай, парк імя Янкі Купалы і парк 50-годдзя Кастрычніка.

«Каля месяца мы ўзгаднялі правядзенне акцыі з рознымі зацікаўленымі органамі. Правядзенне такой акцыі ўхвалілі Міністэрства культуры, аддзел культуры і аддзел ідэалогіі Мінгарвыканкама. Аднак, калі мы прыйшлі на сустрэчу з намеснікам старшыні Мінгарвыканкама Міхаілам Ціцянковым, ён нам заявіў, што «мерапрыемства — недарэчнае, я яго не разумею, таму маю намер яго забараніць», — сказаў Сакалоўскі.

Арганізатары атрымалі тры адмовы на свае заяўкі. «У парку Дружбы народаў бой падушкамі быў забаронены з-за таго, што за паўкіламетра ад яго, уздоўж вуліцы Арлоўскай, праводзіцца рэканструкцыя цеплавых сетак, і гэта нібыта будзе садзейнічаць узнікненню небяспекі для жыцця і здароўя ўдзельнікаў мерапрыемства. У лесапаркавай зоне каля Нацыянальнай бібліятэкі і ў парку імя Янкі Купалы нам адмовілі па прычыне таго, што „Бой падушкамі“ не будзе садзейнічаць захаванню зялёных насаджэнняў у месцы правядзення мерапрыемства. Інакш кажучы, мы там траву патопчам або дрэвы падушкамі паламаем», — сказаў Сакалоўскі.

На заяўку, пададзеную ў парку 50-годдзя Кастрычніка, адказу наогул не прыйшло, хоць ужо прайшоў устаноўлены законам тэрмін для дачы адказу, адзначыў Сакалоўскі.

Сакалоўскі назваў абсурднай матывіроўку адмоў. «Падушкай немагчыма зламаць дрэва — гэта не сякера. Праводзіць бітву падушкамі на асфальце таксама нельга — менавіта тады і ўзнікае небяспека для здароўя ўдзельнікаў мерапрыемства», — заявіў Сакалоўскі.

Арганізатар «Баёў падушкамі» ў 2009 годзе Андрэй Кім адзначыў, што акцыя, прымеркаваная да гадавіны бітвы пад Оршай, усё роўна адбудзецца 8 верасня ў Мінску. «Мы зменім фармат і месца правядзення мерапрыемства. Пакуль мы не агучваем гэтыя моманты, каб не атрымалася так, як падчас „Бою падушкамі“, прысвечанага гадавіне Грунвальдскай бітвы, калі было затрымана больш за 200 чалавек», — заявіў Кім. Пры гэтым ён падкрэсліў, што сам не з’яўляецца арганізатарам мерапрыемства.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international