Уладзімір Някляеў звярнуўся да Генеральнага пракурора Беларусі

2010 2010-08-17T13:31:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/niakliajeu.jpg

Адкрыты ліст генеральнаму пракурору Рэспублікі Беларусь

Прамінула 3 месяцы з таго дня, калі за ўдзел у грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!" я быў затрыманы супрацоўнікамі праваахоўных органаў, якія зрабілі ў маім доме ператрус і забралі ўсе рукапісы: папяровыя і электронныя.

Якія адносіны да крымінальнага кодэкса, да артыкула 250, па якім мяне затрымалі, могуць мець мае аповесці, апавяданні, паэмы і вершы?.. Ніякага. Але на ўсе просьбы вярнуць мне іх — ці маўчанне, ці пустыя адпіскі.

Сярод забранага — творы незавершаныя і толькі распачатыя. Дзённікавыя, інтымныя запісы, якія датычаць выключна майго асабістага жыцця: аносін з маімі сябрамі, знаёмымі, жонкай, дзецьмі… І ва ўсё гэта нехта мае права лезці? Па надуманай прычыне? Праз артыкул, у якім прадугледжана пакаранне за нейкую падманлівую інфармацыю пра нейкія тавары?.. Ці ў нашай краіне таварам стала ўсё?

Калі арыштоўваюцца літаратурныя рукапісы, міжволі згадваюцца трагічна памятныя 30-я гады мінулага стагоддзя. Мяркуючы па дзеяннях, якія дазваляюць сабе сілавыя структуры, па немаце, з якой глядзіць на гэта скаванае страхам грамадства, мы вяртаемся ў тыя часы. Як тады, гэтак і цяпер уся дзейнасць праваахоўных органаў скіравана не на бяспеку дзяржавы, а на ахову інтарэсаў аднаго чалавека, які ўвасабляе ўсю ўладу.

Такога не павінна быць. Мой абавязак грамадзяніна, пісьменніка, паэта гэтаму супрацьстаяць. І Ваш абавязак — грамадзянскі і прафесійны — гэткі ж самы. Краіна павінна жыць не па нечай асабістай волі, а па законах. Спадзяюся, што Вы, як і большасць Вашых калегаў, мяркуеце менавіта так.

Займаючыся палітыкай, я не пакідаю літаратуру. Кожны, хто ёй займаецца прафесійна, ведае асаблівасці гэтай прафесіі. Ёсць творы, у працы над якімі нельга перапыняцца. Яны пішуцца на адным дыханні, да іх немагчыма вярнуцца пазней — яны губляюць закладзеную ў іх энергію і незваротна страчваюцца. Я гэта тлумачыў і тлумачу, але ніхто мяне не чуў і не чуе. "У камеры дапішаце…" — неяк пракінуў следчы. Дык што: мне самому ў турму папрасіцца? Ці ўсё ж ёсць у мяне нейкая іншая магчымасць дапісаць недапісанае?..

Прашу пачуць мяне і паспрыяць у тым, каб мне неадкладна вярнулі мае літаратурныя рукапісы.

Уладзімір НЯКЛЯЕЎ, паэт, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international