Сяргей Панамароў папрасіў прытулку ў Польшчы

2010 2010-08-19T09:37:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/panamarou.jpg
Сяргей Панамароў

Сяргей Панамароў

У панядзелак 23 жніўня над актывістам апазіцыі з Клецка меў пачацца крымінальны працэс.

Актывіст апазіцыі з Клецка Сяргей Панамароў папрасіў палітычнага прытулку ў Польшчы. У Беларусі супраць яго была заведзеная крымінальная справа паводле арт. 369 КК РБ («Знявага прадстаўніка ўлады»). Да суду Панамароў мусіў знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе.

Карэспандэнт НН звязаўся з Сяргеем Панамаровым у Варшаве, дзе той цяпер знаходзіцца ў лагеры для ўцекачоў. Сяргей Германавіч распавёў пра акалічнасці свайго ад’езду.

Знаёмы клецкі міліцыянт папярэдзіў жонку Панамарова Святлану, што яе мужу трэба тэрмінова з’язджаць за мяжу. Нібыта ў Клецкі РУУС прыязджаў супрацоўнік КДБ, пры сабе меў папку з прозвішчам апазіцыянера і казаў, што з ім трэба сканчаць.

За Панамаровым усталявалі сачэнне. У Мінск ён паехаў з пустымі рукамі, рэчы для яго падрыхтавалі сябры ў сталіцы. Спачатку паехаў у Маскву, а адтуль праз Кіеў у Варшаву. У сталіцы Польшчы яго сустрэлі прадстаўнікі фонду «Свабода і дэмакратыя» («Wolność i demokracja»). Сяргей Панамароў папрасіў палітычнага прытулку. Цяпер ён знаходзіцца ў лагеры ўцекачоў пад Варшавай. Разам з ім там перабывае полацкі маладафронтавец Зміцер Сакалоў. Асноўны кантынгент лагеру — каўказцы, акрамя двух беларусаў прытулку чакае адзін украінец.

Вымушаны ад’езд даўся клецкаму актывісту не проста. «Вельмі цяжка, бо мне ўжо хутка 59 гадоў». Панамароў перакананы, што пад арыштам з ім магло здарыцца ўсё, што заўгодна.

Пры гэтым ён не хавае, што яму сорамна за свой ад'езд.

У Польшчы ён плануе знайсці працу, паралельна мяркуе працягваць грамадска-палітычную дзейнасць. «Я ўжо сустракаўся з Алесем Зарэмбюком, на наступным тыдні да мяне з Берліна прыедзе Алег Алкаеў», — кажа Панамароў. У Беларусь ён збіраецца вярнуцца толькі пасля змены рэжыму.

Жонка Панамарова Святлана Анатолеўна расказала, што ў Клецку пакуль усё ціха. «Здаецца, Сяргея пакуль не хапіліся. Нам даслалі дзве павесткі ў суды — на 23 жніўня па крымінальнай справе, на 26-е па адміністрацыйнай». Спадарыня Святлана не выключае, што яе мужа маглі справакаваць на ўцёкі. Але пры гэты яна адзначае, што сама ўгаворвала яго з’ехаць, бо атрымала перасцярогі ад вартай даверу крыніцы.

«Ягоная крымінальная справа шытая белымі ніткамі, але ў нашай краіне зусім няма надзеі на справядлівы суд, а ў Сяргея не той узрост і здароўе, каб ні за што ісці ў турму».

23 жніўня ў 10.30 у судзе Слуцкага раёну павінен пачацца крымінальны працэс паводле арт. 369 КК РБ («Знявага прадстаўніка ўлады»). Справу на Панамарова завялі 25 мая гэтага года. Супраць яго будуць судзіцца пяць клецкіх чыноўнікаў: старшыня Клецкага райвыканкама А. Бойка, суддзя райсуда А. Гасцеева, старшыня раённага савета дэпутатаў П. Дудук і клецкія міліцыянты А. Канановіч і С. Здрок. Паводле следства, абразы вышэйпамянёным асобам Панамароў нанёс сваімі артыкуламі ў выдаваным ім бюлетэні «Бойкі Клецк».

Акрамя таго, 26 жніўня ў судзе Нясвіжскага раёну будзе разглядацца адміністрацыйная справа ў дачыненні да Панамарова. Начальнік клецкай ЖКГ Аляксандр Навіцкі абскардзіў у Мінскім абласным судзе рашэння нясвіжскага суда наконт невінаватасці Панамарова.

* * *

Сяргей Панамароў нар. у 1951 у Расіі. У Беларусі з 1989. У 2004, калі ягоная жонка балатавалася ў парламент, паміж Панамаровым і старшынёй клецкага райвыканкама Бойкам разгарэўся канфлікт. Вынікам стала знішчэнне бізнесу Панамарова — у яго фактычна адабралі сталярны цэх. З таго часу Панамароў пайшоў у апазіцыю да ўладаў: пачаў выдаваць бюлетэнь «Бойкі Клецк», стварыў сайт, дзе рэзка крытыкаваў мясцовую вертыкаль і праваахоўныя органы. Яго колькі разоў спрабавалі прыцягнуць да крымінальнай адказнасці за паклёп у друкаваным выданні. Акрамя таго, Сяргей Панамароў займаўся праваабарончай дзейнасцю — да яго неаднаразова звярталіся па дапамогу мясцовыя жыхары, пакрыўджаныя дзеяннямі ўладаў і міліцыі. На сваім сайце Панамароў асвятляў і сацыяльныя пытанні — напрыклад, умовы пражывання ў адным з клецкіх інтэрнатаў, праблемы п’янства асацыяльных паводзін у публічных месцах, у прыватнасці ў гарадскім парку. Ён прапаноўваў мясцовым уладам зачыніць у скверы бар, каб туды маглі спакойна прыходзіць бацькі з малымі дзецьмі.

У дні салідарнасці, а таксама на непрызнаныя сённяшняй уладай святы Панамароў рэгулярна вывешваў над сваім домам вялікі бел-чырвона-белы сцяг.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international