«Вярну ім свае ўзнагароды»

2010 2010-08-17T14:02:15+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/kamunizm.jpg

Сталыя чытачы «Нашай Нівы» знаёмыя з Аляксандрам Доўбікам з Карэліцкага раёна па артыкуле «Дзесяць гадоў лагера за лісты да Джавахарлала Нэру» (№40 ад 1 лістапада 2007). У 1958 г. Аляксандра Сафронавіча арыштавалі за ананімныя лісты да прэзідэнта ЗША Эйзенхаўэра, прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі Ідэна ды прэм’ера Індыі Нэру.

У іх ён пісаў пра парушэнне правоў чалавека ў СССР, масавыя рэпрэсіі і аднаўленне прыгону ў вёсцы. Настаўнік з Карэліччыны прасіў сусветных лідэраў паўплываць на Мікіту Хрушчова, каб той урэшце пачаў паважаць правы савецкіх працоўных. Суд расцаніў лісты да сусветных лідэраў як «паклёп на КПСС, савецкі ўрад, яго ўнутраную ды знешнюю палітыку, а таксама ўмовы жыцця працоўных». Вырак — 10 гадоў катаргі і 5 гадоў пазбаўлення ў правах. Акрамя таго, Доўбіка, удзельніка вайны, пазбавілі вайсковых ўзнагародаў. У снежні 1991 г. Аляксандра Сафронавіча рэабілітавалі.

«Хачу жыць побач з роднымі»

У незалежнай Беларусі былы настаўнік таксама піша лісты. Колькі гадоў таму прасіў Філарэта паспрыяць пабудове капліцы ў Курапатах, да былога міністра МУС Навумава звяртаўся наконт курапацкіх вандалаў.

Цяпер 89-гадовы ветэран дасылае лісты ў суды. Ён хоча атрымаць кампенсацыю за незаконны арышт і катаргу. Рыхтуючыся да суда, Аляксандр Сафронавіч звярнуўся з запытам у Канстытуцыйны суд. Адтуль атрымаў адказ, што парадак кампенсацыі шкоды, нанесенай у выніку незаконнага арышту, вызначаецца артыкулам 460 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса (глава 48). Згодна яго, шкода, нанесеная ў выніку незаконнага затрымання, утрымання пад вартай, асуджэння, прымянення прымусовых мераў бяспекі і лячэння, кампенсуецца дзяржавай у поўным аб’ёме. Акрамя гэтага, Доўбік апелюе да артыкула 969 Грамадзянскага кодэкса, які гарантуе матэрыяльную кампенсацыю маральнай шкоды, а таксама міжнародных пагадненняў, якія рэгулююць парадак кампенсацыі незаконна асуджаным. У прыватнасці, да Факультатыўнага пратакола да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх правах, падпісанага нашай краінай.

«На маім баку канстытуцыя і міжнародныя пагадненні, таму я маю права на кампенсацыю за незаконны прысуд», — упэўнены вязень ГУЛАГа.

Грошы, калі іх удасца атрымаць, ён хоча патраціць на кватэру ў Мінску. «Хачу жыць побач з роднымі, каб яны мяне пахавалі. Каб над маёй магілай расказвалі сваім дзецям пра мяне і нашу пакутніцкую сям’ю».

Спадар Доўбік ад 2003 г. жыве ў інтэрнаце для састарэлых у в.Жухавічы Карэліцкага раёна.

Чытаць артыкул цалкам

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international