У Гомелі пракуратура вынесла папярэджанне фрылансеру за журналісцкую дзейнасць

2010 2010-08-11T08:59:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/bublikava_tatsiana.jpg
Таццяна Бублікава

Таццяна Бублікава

10 жніўня сябра ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Таццяна Бублікава атрымала ад Гомельскай абласной пракуратуры папярэджанне аб недапушчальнасці парушэння закона «Аб СМІ».

Паводле дакумента, Т.Бублікава займаецца журналісцкай дзейнасцю незаконна, бо не мае працоўных і іншых стасункаў са сродкамі масавай інфармацыі.

Пракуратура Гомельскай вобласці зацікавілася журналісцкай дзейнасцю Таццяны Бублікавай на падставе заявы грамадзяніна Віктара Лебяшкова. Спадар Лебяшкоў, які працуе аграномам у калгасе «Урыцкае», 30 чэрвеня даў Таццяне Бубліквавай і «невядомаму маладому чалавеку» каментар на тэму ўплыву спёкі на расліны і ўраджай. Пазней аграному стала вядома, што яго інтэрв’ю было ў эфіры польскага спадарожнікавага тэлеканала «Белсат».

У заяве спадар Лебяшкоў паведаміў, што дакументамі здымачнай групы не цікавіўся і не даваў згоды на паказ яго інтэрв’ю ў эфіры «Белсата». Аграном папрасіў «правесці праверку законнасці дзейнасці Т. Бублікавай і невядомага маладога чалавека ад імя тэлеканала «Белсат»».

У ходзе праверкі, якую праводзіла пракурор Алеся Рабцава, Таццяна Бублікава патлумачыла, што сапраўды сустракалася з Віктарам Лебяшковым, каб узяць каментар аб засушлівым надвор’і. Аднак гэта было ў рамках супрацоўніцтва з прыватнай польскай фірмай «N.E.W. S. Informacije», з якой яна мае дамову ад пачатку 2010 года. Паводле дамовы, выканаўца мае прадстаўляць відэаматэрыялы на замову польскага боку. На згаданую фірму не ўскладзены функцыі рэдакцыі СМІ.

«Я ні з якімі сродкамі масавай інфармацыі не супрацоўнічаю - ні з беларускімі, ні з замежнымі. Пасведчанне журналіста ў мяне адсутнічае, — адзначыла ў тлумачэннях сябра БАЖ. — Я лічу, што заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі ці якога-небудзь іншага не парушаю».

У выніку Таццяна атрымала папярэджанне, падпісанае пракурорам вобласці Валянцінам Шаевым.

З моманту ўступлення ў сілу новага закона «Аб СМІ» (8 лютага 2009 года) органамі пракуратуры і КДБ журналістам было вынесена каля двух дзесяткаў вусных і пісьмовых папярэджанняў за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ. 

«Я б рэкамендаваў усім журналістам, што трапляюць у такую сітуацыю, абскарджваць гэтыя папярэджанні — аж да Камітэта па правах чалавека ААН, — раіць намеснік старшыні ГА „БАЖ“ Андрэй Бастунец.

Тэкст цалкам з фотакопіямі дакументаў і дадатковай інфармацыяй

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international