Актывіста БХД Алеся Галаваня выклікаюць на допыт

2010 2010-08-03T13:43:05+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/bhd4.jpg

Актывіста БХД з Віцебска Алеся Галаваня 4 жніўня выклікаюць быццам бы на вочную стаўку з рабаўніком, які напаў на яго тры гады таму. Аднак, на думку актывіста, рыхтуецца правакацыя, бо дзеянні міліцыі выглядаюць вельмі заблытана.

Як распавёў Алесь Галавань прэсавай службе БХД, падзеі разгортваліся вельмі дзіўна. 2 жніўня ўвечары міліцыянты затрымалі актывіста ў ягонай кватэры. Спачатку Алесю сказалі, што ён абвешчаны ў вышук Першамайскім РАУС Віцебска ў сувязі з крымінальнай справай наконт ілжывага паведамлення пра злачынства.

Потым быццам бы высветлілася, што справай насамрэч займаецца Кастрычніцкі РАУС. Следчы, які размаўляў з Алесем, сказаў яму, што з ім размаўляюць як з пацярпелым па крымінальнай справе аб рабаўніцтве. Рабаўніцтва здарыўся тры гады таму – на Алеся напалі на вуліцы і адабралі пашпарт і мабільны тэлефон. Злачынцы былі знойдзеныя і асуджаныя.

“Следчы кажа мне, што ў той справе не былі выкананыя асобныя фармальнасці. Напрыклад, мной не падпісаны дакумент аб судова-медыцынскай экспертызе. Ён жа сказаў, што праваахоўныя органы быццам бы тры гады шукалі мяне і не маглі знайсці. Быццам бы нават збіраліся прызнаваць мяне зніклым без вестак”, - кажа Алесь Галавань.

Аднак пазней у працэсе размовы следчы пачаў распытваць актывіста пра яго грамадска-палітычную дзейнасць, навучанне за мяжой, папрасіў даць яму тэлефоны ягоных паплечнікаў. Напрыканцы ўзяў з яго распіску, што той з’явіцца 4 жніўня на вочную стаўку быццам бы з тым злачынцам, які напаў на яго тры гады таму.

Тое, што словы і дзеянні супрацоўнікаў ворганаў унутраных справаў вельмі заблытаныя, на думку актывіста, выглядае падазрона.

Алесь Галавань – вядомы моладзевы актывіст БХД. Неаднаразова быў затрыманы міліцыянтамі за распаўсюд друкаванай прадукцыі. На думку сябраў БХД, дзеянні праваахоўных органаў могуць быць выкліканыя імкненнем ізаляваць актывіста напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international