viasna on patreon

Алег Сурган: “На судзе я зразумеў, што не забыты, не пакінуты сам насам са сваёй бядой”

2010 2010-07-28T13:15:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/surgany.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

27 ліпеня з калоніі горада Глыбокае быў вызвалены палітвязень, актывіст руху “Маладая Беларусь” Алег Сурган. У той жа дзень ён сустрэўся з сябрамі, праваабаронцамі, удзельнічаў у прэсавай канферэнцыі. Аб тым, як прайшлі для актывіста шэсць месяцаў зьняволеньня і пра тое, што падтрымлівала яго ў калоніі, ён распавёў нашаму карэспандэнту.

- Алег, ці быў ты гатовы атрымаць тэрмін за тое, чаго ты не рабіў?

- Пачну з таго, што перад судом я знаходзіўся пад падпіскай аб нявыяздзе. За чатыры дні да суду я атрымаў позву і распісаўся. Але раптам прыехалі супрацоўнікі міліцыі, прад’явілі паперу, быццам я цэлы месяц знаходжуся ў вышуку. Гэта пры тым, што я жыву ў бацькоў, працую… Да гэтага яны заходзілі да маці, шукалі, пыталіся, дзе я. Маці дала ім працоўны тэлефон, каб званілі. Аднак мяне забралі і я зразумеў, што гэта спланавана адмыслова. У Віцебскім сіза, куды мяне адвезлі, паглядзелі на артыкул 364 Крымінальнага кодэксу “Супраціўленне прадстаўніку улады пры выкананьні абавязкаў” і пачалося…  Знайшлі самую халодную камеру, без вакон, дзе я сядзеў адзін.  Усю ноч давялося рабіць розныя практыкаваньні, каб не змерзнуць. Увогуле, там не толькі да мяне гэтак ставіліся. У сіза – сапраўдны прэсінг. Напрыклад, калі мяне завялі назаўтра ў камеру, усе хто там быў - павярнуліся да мяне сьпінамі. Ну, думаю, гэта так мяне сустракаюць. Аказваецца, калі заходзіць нехта з адміністрацыі – усе павінны павярнуццца сьпінамі. І не глядзець у вочы, толькі ўніз, у падлогу. А ў сіза ж сядзяць яшчэ не  асуджаныя, не злачынцы! Навошта так рабіць?  Альбо ставяць на расьцяжку, прымушаюць скакаць, хорам крычаць: “Нам падабаецца рэжым утрыманьня!”. Былі такія выпадкі, калі людзей, якія пісалі скаргі, зьбівалі, аказвалі розны ціск. За чатыры дні да суда я зразумеў, што сядзець мне давядзецца абавязкова, толькі не мог ведаць, які тэрмін дадуць. І было крыху не па сабе. Але калі прывезлі на суд  і я ўбачыў перад сабой поўную залу людзей, то зразумеў, што не забыты нікім, не пакінуты сам насам са сваёй бядой.  Гэтая падтрымка проста неапісальная!  Я атрымаў моцны ўздым і ўвесь той час, якія цягнуўся суд – а гэта сем паседжаньняў –  я не адчуваў ні прэсінгу, ні нязручнасцей сізо, ні іншых цяжкасьцей.  Я чуў словы “Трымайся!”  і калі прагучаў прысуд “6 месяцаў”, я  шчыра скажу, не захваляваўся нават. Калі б і болей далі, дык і не моцна перажываў бы, паколькі адчуваў тады за сабой моцную падтрымку самых розных людзей, бачыў, што не адзін.

Яшчэ я зразумеў тады, што на маім прыкладзе хацелі “правучыць” і  застрашыць іншых, але мне падаецца, рэакцыя атрымалася адваротная.

- А як сустрэла цябе Глыбоцкая калонія?

- У Глыбоцкай жа калоніі, дзе я адбываў пакараньне, найперш уразіла, штосядзіць тут вельмі шмат народу. Людзі розныя. Многія атрымалі тэрміны, але па вялікім рахунку, ім бы і па пятнаццаць сутак хапіла, а ім даюць па тры-чатыры месяцы.  Пагаворыш з чалавекам, які ў яго крымінал? “А што мне рабіць, -кажа, - калі ў СПК зарабіць практычна немагчыма, і вось за мех камбікорму, за флягу нейкую, адразу ў турму”.

Харчаваньне ў Глыбокім адносна нармалёвае, але зразумела, што маладым, тым, хто яшчэ, як кажуць, расце, вітамінаў бракуе.  Адносіны з боку адміністрацыі да мяне былі лаяльныя, неперадузятыя. Ведаючы пра маю грамадскую пазіцыю, часам пыталіся “Можа ты, Алег, заблукаў?”, спрабавалі пераканаць. Дык я ж не ў тым узросьце, каб погляды свае мяняць.

Сукамернікі таксама розныя: нехта, хто быў настроены апалітычна, наслухаўшыся мяне, заяўляў: “Я на выбары не хадзіў ніколі, а зараз пайду абавязкова, бо цяпер разумею, куды дзяваліся мае выбарчыя бюлютэні”.

Але бачна, што многія зьняволеныя знаходзяцца пад уплывам нашага тэлебачаньня, ідэалогіі, і  ўспрымаюць апазіцыю як нейкі злачынны негатыў. Аднак пагавораць са мной ужывую, паглядзяць, што перад імі звычайны чалавек... А яшчэ мне прыходзіла шмат лістоў. Пытаюцца, хто так шмат піша. Кажу, нават незнаёмыя пішуць, зачытаю ім, а там паўсюль словы падтрымкі, салідарнасьці. Яны тады задумваюцца.

У ларку - абмежаваньне. Можна толькі на 70 тысяч у месяц атаварыцца. Звычайна набываецца гарбата, сродкі гігіены, цыгарэты, хто паліць. А ўвогуле даўно трэба змяняць на Беларусі сістэму зняволеньня і ўтрыманьня. Гэта ж пячорныя ўмовы. Сядзела нас 15 чалавек у камеры 3,5 на 6 метраў. А яна, відаць, разлічаная толькі чалавек на 6. Смурод паўсюль. Многія ў камеры курылі, астатнія змушаныя каўтаць гэты дым!

Хачу яшчэ, карыстаючыся нагодай, падзякаваць усім, хто быў нераўнадушны да майго лёсу, дапамагаў і словам, і справай вытрымаць гэтае выпрабаваньне".

Застаеwца нагадаць,  што 19 лютага 2010 года суддзя Кастрычніцкага суда Віцебска Яўген Буруноў вынес прысуд Алегу Сургану. Актывіст быў асуджаны на 6 месяцаў турмы і 2,5 мільёны беларускіх рублёў на карысць “пацярпелага” міліцыянта Сяргея Дудкевіча. Алега Сургана судзілі за напад на міліцыянта. Ад 28 студзеня 2010 года Алег знаходзіўся ў следчым ізалятары.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства