viasna on patreon

Затрыманьні ў Гомелі

2010 2010-07-26T18:58:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vasil_paliakou.jpg
Намеснік старшыні АГП  Васіль Палякоў

Намеснік старшыні АГП Васіль Палякоў

У Гомелі 26 ліпеня міліцыя затрымала Васіля Палякова – кіраўніка гомельскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Юрыя Глушакова – першага намесніка старшыні партыі "Зялёныя” і грамадскую актывістку Ларысу Шчыракову.

Як паведаміў Васіль Палякоў, з якім на сувязь выйшла наша карэспандэнтка, усе трое да затрымання міліцыяй раздавалі ў горадзе паштоўкі ад імя Каардынацыйнай рады Аб'яднаных дэмакратычных сіл Гомельскай вобласці з нагоды Дня незалежнасці 27 ліпеня. Да іх падышлі людзі ў цывільным і сказалі, што яны парушаюць закон. Актывістаў адвялі ў аўтобус і завезлі ў цэнтральны РАУС Гомеля.

 - Мы зараз знаходзімся ў цэнтральным РАУСе, тут збіраюцца складаць пратаколы за гэтую акцыю, калі мы раздавалі паштоўкі. (...) Зараз Ларыса ў кабінеце – там, відаць, складаюць пратакол аб канфіскацыі гэтых улётак, пакуль яшчэ не ведаю, якія яшчэ пратаколы будуць складаць – чакаем.

Раней міліцыя затрымала сябра АГП Уладзіміра Няпомняшчых за тое, што ён хадзіў па горадзе ў кашульцы з надпісам "За Беларусь без Лукашэнкі! Хопіць! Надакучыў!". Пасля складання пратакола Уладзіміра Няпомняшчых адпусцілі.

У паштоўках было напісана, што "27 ліпеня 1990 года ў Менску была прынятая Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце Рэспублікі Беларусь. Гэты дакумэнт стаў першым афіцыйным крокам да самастойнасьці Беларусі. Менавіта ад гэтага дня пачаўся адлік новай гісторыі нашай краіны. Праблема незалежнасьці Беларусі самым непасрэдным чынам зьвязаная з дэмакратыяй, з дабрабытам і свабодай кожнага асобнага чалавека. Незалежнасьць нашай дзяржавы – гэта адзін з галоўных чыньнікаў і гарантыі пабудовы свабоднага, дэмакратычнага грамадзтва. Лёгіка падзеяў і здаровы сэнс гавораць пра тое, што свабода абавязкова вернецца ў Беларусь, а незалежнасьць краіны стане велізарнай каштоўнасьцю ўсяго беларускага народа".  

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства