viasna on patreon

Рашэнне суду па справе Якавенкі не вырашае праблемы па сутнасці, лічаць праваабаронцы

2010 2010-07-23T16:20:47+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёння, 23 ліпеня, судовая калегія па крымінальных справах Гомельскага абласнога суда пад старшынствам Людмілы Грынько ўжыла да асуджанага прызыўніка Яўгена Якавенкі амністыю ў сувязі з 65-годдзем Перамогі, вызваліўшы ад крымінальнай адказнасці за ўхіленне ад прызыву на вайсковую службу.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» лічыць, што існуючыя праблемы з альтэрнатыўнай службай і дыскрымінацыі беларускай мовы і ў далейшым будуць прыводзіць да крымінальнай пераследу прызыўнікоў. Праваабаронцы Анатоль Паплаўны і Леанід Судаленка,  якія назіралі за ходам крымінальнага працэсу, лічаць, што рашэнне судовай калегіі не вырашае праблемы па сутнасці.

- Пытанні вядзення справаводства на беларускай мове ў ваенкаматах і альтэрнатыўнай службы патрабуюць неадкладнага вырашэння ў нашай краіне, - кажа Л. Судаленка. - Калегія па крымінальных справах вынесла сёння кампраміснае рашэнне, вызваліла Яўгена Якавенка ад крымінальнай адказнасці, ужыўшы да яго амністыю. У той жа час пачнецца чарговы прызыў, ён запатрабуе позву на беларускай мове і альтэрнатыўнай службы і зноў будзе прыцягнуты да крымінальнай адказнасці.

- Дзяржава не выконвае свае абавязкі, бо ў нас дзяржаўнымі мовамі з'яўляюцца дзьве мовы. Таму патрабаванні прызыўніка выпісаць яму позву на беларускай мове і даць магчымасць праходжання альтэрнатыўнай службы з'яўляюцца яго канстытуцыйным правам, - падкрэслівае А.Паплаўны.

У адпаведнасці з артыкулам 17 Канстытуцыі дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з'яўляюцца беларуская і (або) руская. Закон "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" вызначае, што ва Узброеных Сілах, іншых вайсковых фармаваннях Рэспублікі Беларусь ужываюцца беларуская і (або) руская мовы (артыкул 20).

А артыкул 57 Канстытуцыі гаворыць, што парадак праходжання вайсковай службы, падставы і ўмовы вызвалення ад вайсковай службы альбо замена яе альтэрнатыўнай вызначаюцца законам. У 2000 годзе Канстытуцыйны Суд прыняў рашэнне, накіраванае на замену вайсковай службы альтэрнатыўнай па рэлігійных перакананнях. У рашэнні Канстытуцыйнага Суда гаворыцца, што Асноўны Закон не разглядае вайсковую службу ў якасці адзінай і безумоўнай, паколькі дапускае магчымасць вызвалення ад вайсковай службы альбо замену яе альтэрнатыўнай.

Нагадаем, што пасля вынясення прысуду судом Цэнтральнага раёна Гомеля 4 чэрвеня, ПЦ «Вясна» праінфармаваў Amnesty International аб пакаранні Яўгена Якавенкі за нібыта ўхіленне ад воінскай службы адным годам абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу. Уплывовая праваабарончая арганізацыя выступіла ў абарону асуджанага. Беларускія праваабаронцы неадкладна праінфармуюць Amnesty International і аб выніках разгляду касацыйнай скаргі Якавенкі Гомельскім абласным судом.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства