Сёння — 10 гадоў з часу знікнення Дзмітрыя Завадскага

2010 2010-07-07T10:04:07+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/zavadski_d.jpg
Дзмітрый Завадскі

Дзмітрый Завадскі

 

Роўна дзесяць гадоў таму бясследна знік вядомы беларускі аператар Дзмітрый Завадскі.

Раніцай 7 ліпеня 2000 года Завадскі, які ў той час працаваў на расійскім тэлеканале ОРТ (зараз — Першы канал), адправіўся ў Нацыянальны аэрапорт "Мінск" сустракаць свайго калегу — журналіста  Паўла Шарамета. З таго часу аператара ніхто не бачыў. Яго аўтамабіль быў знойдзены ў аэрапорце.

У 2002 годзе Мінскі абласны суд прызнаў вінаватай у выкраданні Завадскага групу былога байца спецпадраздзялення МУС "Алмаз" Валерыя Ігнатовіча. Два ўдзельнікі гэтай групы, у тым ліку сам Ігнатовіч, прыгавораныя да пажыццёвага зняволення.

У сакавіку 2004 года рэспубліканская пракуратура прыпыніла расследаванне справы аб выкраданні Завадскага "ў сувязі з невыяўленнем асобы, якая знікла без вестак". У 2005 годзе расследаванне было адноўлена, але ў красавіку 2006-га — зноў прыпынена.

"Мы неаднаразова патрабавалі аднаўлення крымінальнай справы, бо група Ігнатовіча была абвінавачаная толькі ў выкраданні Завадскага і незаконным яго пазбаўленні волі, — заявіў БелаПАН юрыст і праваабаронца Гары Паганяйла. — Але іх не абвінавацілі ў забойстве Завадскага, і фармальна ў яго смерці яны невінаватыя. Аднак усе нашы просьбы засталіся без адказу. Калі Дзмітрый Завадскі прызнаны памерлым, то хтосьці павінен адказваць за яго смерць. Аднак пакуль за гэта ніхто не адказаў". У чэрвені 2008 года генпракурор Рыгор Васілевіч заявіў, што сітуацыя са справамі аб "гучных знікненнях" знаходзіцца на кантролі ў пракуратуры. На пытанне аб тым, як прасоўваецца следства па справах аб знікненні Дзмітрыя Завадскага, бізнесмена Анатоля Красоўскага, былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі і палітыка Віктара Ганчара, генпракурор адказаў: "Пытанне аб вышуку зніклых без вестак — адно з галоўных для нас. Мы яго разглядалі на міжведамаснай камісіі. Але хачу зазначыць, што за апошнія пяць ці сем гадоў зніклі без вестак больш за 48 тысяч людзей. З іх 99% урэшце аб'явіліся самі". "Але, безумоўна, гэтае пытанне ў полі зроку пракуратуры", — падкрэсліў генпракурор.

1 чэрвеня 2009 года Аляксандр Лукашэнка  ў інтэрв'ю расійскім СМІ выказаў версію знікнення Завадскага, які ў свой час працаваў асабістым аператарам прэзідэнта. "Была ваенізаваная група ў Беларусі на чале з нейкім Ігнатовічам, вельмі падрыхтаваныя хлопцы са спецназу СССР. Яны паехалі ў Чэчню падчас вайны і ваявалі на баку Масквы. Яны лазілі па скалах, сядзелі ў засадах, наводзілі страх на сепаратыстаў. Гэта была вельмі моцная, апорная група. Паваявалі і вярнуліся дамоў. Прыязджаюць да іх Шарамет і Завадскі здымаць сюжэт для расійскага тэлебачання. У гэтым сюжэце было сказана, што вось гэтыя беларускія грамадзяне ваююць на баку чэчэнскіх сепаратыстаў супраць федэральных войскаў. Узялі інтэрв'ю ў гэтага Ігнатовіча, а потым сказалі, што ён ваяваў супраць рускіх. Шарамет выкруціўся, а Завадскага злавілі. Пачалі з мужчынскіх разбораў: "Навошта ж ты нас абылгаў?" І забілі Завадскага. Ігнатовіч атрымаў пажыццёвае зняволенне і знаходзіцца ў нашай калоніі. Загінуў аператар, а гэты правакатар Шарамет сядзіць у Маскве і піша ўсялякія брыдоты пра Беларусь", — заявіў Лукашэнка.

Беларуская асацыяцыя журналістаў заклікае ўсіх неабыякавых запаліць сёння апоўдні свечкі ў памяць пра Дзмітрыя Завадскага і абвясціць 10 хвілін маўчання — па хвіліне за кожны год з часу яго знікнення.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international