Пакараць смерцю ці памілаваць…

2009 2009-10-12T16:22:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/pastuhou.jpg

На карце Еўропы засталася адна краіна, дзе ў якасці меры пакарання прадугледжваецца смяротная кара. Гэта – Рэспубліка Беларусь.

У дзеючым Крымінальным кодэксе налічваецца каля 20 саставаў злачынстваў, за здзяйсненне якіх вінаватым пагражае пазбаўленне жыцця. Статыстыка сведчыць, што суды Беларусі штогод выносяць некалькі смяротных прыгавораў. Так, сёлета ў першай палове года да “выключнай” меры пакарання прыгавораныя два чалавекі.

Нягледзячы на агульнае зніжэнне колькасці смяротных прыгавораў у параўнанні з пачаткам 90-х гадоў, сам факт узаконенага забойства людзей дзяржавай успрымаецца еўрапейскай супольнасцю як неапраўданая жорсткасць. Такая аўтарытэтная арганізацыя як Савет Еўропы настойвае на адмене смяротнай кары ці хаця б часовай забароне на яе прымяненне.
Што ж стрымлівае прадстаўнікоў вышэйшай улады Беларусі ад прыняцця станоўчага вырашэння гэтага пытання?

Уадным з апошніх інтэрв’ю Генеральны пракурор Рыгор Васілевіч заявіў, што лічыць смяротную кару мерай “жорсткай, але справядлівай”. Такое меркаванне падзяляюць многія работнікі судоў і праваахоўных органаў. Яно распаўсюджанае і сярод значнай часткі насельніцтва. І гэта не дзіўна. На працягу ўсёй савецкай гісторыі, за рэдкім выключэннем (у перыяд 1947-1949 гг.), дзяржава самым жорсткім чынам распраўлялася з тымі грамадзянамі, якія выступалі супраць яго ўстояў, здзяйснялі іншыя асабліва цяжкія злачынствы, у тым ліку эканамічнага характару. У выніку народ проста не ўяўляў сабе дзейнасць дзяржавы без “караючай рукі” правасуддзя.

Гэты падыход сыграў сваю ролю і на лістападаўскім (1996 г.) рэферэндуме, калі пераважная частка выбаршчыкаў (па дадзеных Цэнтральнай выбарчай камісіі, 80,44%) выказалася супраць адмены смяротнай кары.

З таго часу прыхільнікі захавання смяротнай кары пастаянна ссылаюцца на вынікі “ўсенароднага волевыяўлення” і забываюць пра тое, што ў адпаведнасці з пастановай Вярхоўнага Савета 13 склікання ад 6 лістапада 1996 года (вынесенай на падставе рашэння Канстытуцыйнага суда ад 4 лістапада 1996 года) галасаванне па дадзеным пытанні не мела абавязковага значэння (як, дарэчы, і па пытанні аб прыняцці новай рэдакцыі Канстытуцыі). З улікам гэтага нішто не перашкаджае для прыняцця закона ці ўказа кіраўніка дзяржавы аб увядзенні мараторыя на прымяненне смяротнай кары. Між іншым, такі варыянт вырашэння праблемы выбрала Расія.

Цяпер ужо вядома, што смяротная кара як сродак запалохвання патэнцыйных злачынцаў і насельніцтва ў цэлым зжыла сябе. І не таму, што яна не дасягнула чаканых вынікаў. Больш важкай прычынай з’яўляецца тое, што права на жыццё дае чалавеку не дзяржава і, значыць, не яна можа распараджацца яго жыццём, нават калі чалавек пераступае самыя строгія забароны. Акрамя таго, гісторыя, у тым ліку і беларуская, ведае нямала выпадкаў, калі невінаватыя станавіліся ахвярамі непапраўных судовых памылак.

Жорсткасць дзяржавы непазбежна робіць сэрцы грамадзян таксама жорсткімі. Нехта пачынае лічыць, што смяротная кара – мера, хаця і жорсткая, але справядлівая. І ў выключных выпадках можна абысціся без суда. Прыклад таму – самасуд над чалавекам, якога падазравалі ў падпале будынкаў. Гэта адбывалася летась у Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці.

Вядома, пытанне аб захаванні ці адмене смяротнай кары ў нашай краіне павінна вырашаць усё грамадства. Час прыняцця адказных рашэнняў настаў. Мы не можам увайсці ў еўрапейскую сям’ю, калі будзем трымаць у адной руцэ Канстытуцыю дэмакратычнай прававой дзяржавы, а ў другой – сякеру ката.

Міхаіл ПАСТУХОЎ,
доктар юрыдычных навук, прафесар, суддзя Канстытуцыйнага суда
(красавік 1994 – студзень 1997).

 

Каментарый эксперта

Выказаць свой пункт погляду на смяротнае пакаранне і пажыццёвае зняволенне мы папрасілі пракурора Вілейскага раёна Уладзіміра Дубоўскага. Вось што ён сказаў:

– Я думаю, рана ці позна мы прыйдзем да таго, што смяротная кара ў нас будзе адмененая. Па гэтым шляху цяпер ідзе ўвесь цывілізаваны свет. На жаль, у Беларусі былі выпадкі, калі расстрэльвалі невінаватых людзей. І, потым, як пракурор, я ўпэўнены: жорсткасць пакарання ніколі не пераможа злачыннасці.

У свой час я працаваў у Жодзіне. Быў у тых месцах, дзе злачынцы адбываюць пажыццёвае зняволенне. Размаўляў з такімі людзьмі. Яны цалкам усведамляюць, што ніколі не выйдуць на свабоду. Умовы, у якіх утрымліваюць такіх асуджаных, – максімальна жорсткія, адносіны да іх – максімальна жорсткія.

Усё гэта можна назваць маруднай смерцю, альбо смерцю ў растэрміноўку. Такім чынам, можна яшчэ паспрачацца: ці не больш літасцівае пакаранне – хуткая смерць?                         

Гутарыў Сяргей ЗЯНЬКО.

Фотаапытанне на гэту тэму чытайце тут.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international