Гомель: праваабаронцы б'юць у адну кропку

2010 2010-06-11T18:26:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/zabarona-na-zabaronu.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёння, 11 чэрвеня, праваабаронцы Анатоль Паплаўны і Леанід Судаленка накіравалі ў суд Цэнтральнага раёна Гомеля скаргі па факце забароны мясцовымі ўладамі правядзення пікетаў у Міжнародны Дзень абароны дзяцей 1 чэрвеня. Гомельскаму гарвыканкаму ў судзе давядзецца даказаць правамернасць абмежавання права на свабоду правядзення мірных сходаў і свабоду выказвання свайго меркавання.

Праваабаронцы аспрэчваюць не толькі рашэнне гарвыканкама, але таксама ставяць перад судом пытанне аб прызнанні неправамерным вызначэнне ў абласным цэнтры адзінага месца для правядзення масавых мерапрыемстваў, а таксама ўскладанне на арганізатараў мірных сходаў грамадзян абавязкаў па заключэнні дамоваў на выплатнай аснове з міліцыяй, медыцынай і санітарнай ачысткай горада.

«Прымаючы пад увагу той факт, што мірныя сходы грамадзян з'яўляюцца адной з асноў дзеючай дэмакратыі, а абарона свабоды сходаў неабходная для стварэння талерантнага грамадства, у якім могуць мірна суіснаваць групы з рознымі перакананнямі, нормамі паводзінаў або прынцыпамі, рашэнні Гомельскага гарвыканкама лічым недапушчальным абмежаваннем нашых правоў на свабоду выказвання свайго меркавання і правядзення масавых мерапрыемстваў паводле артыкулаў 23, 33 і 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, а таксама артыкулаў 19 і 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах», - гаворыцца ў скаргах А.Паплаўнага і Л.Судаленкі.

Таксама праваабаронцы адзначылі, што Беларусь да гэтага часу не рабіла ў адпаведнасці з Міжнародным Пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах аб'явы пра тое, што ў краіне ўзнікла надзвычайнае становішча і таму яна прыпыняе дзеянне некаторых правоў, замацаваных у Пакце.

Усяго ў Гомелі да Міжнароднага Дню абароны дзяцей, на 1 чэрвеня, было пададзена больш за 30 заявак на пікеты, але ўлады не задаволілі ні воднай. Прычына адна - хочаш пратэставаць, ідзі на ўскраіну горада і пры гэтым не забудзь папярэдне аплаціць рахункі міліцыі, хуткай дапамогі і санітарнай уборкі горада.

Нагадаем, што па аналагічнай прычыне А.Паплаўнаму і Л.Судаленку гарадскія ўлады адмовілі ў правядзенні пікетаў у Дзень правоў чалавека - 10 снежня 2009 года. Па дадзеных адмовах скаргі праваабаронцаў ўжо чакаюць рэгістрацыі ў Камітэце ААН па правах чалавека ў Жэневе.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international