Несуцяшальныя вынікі

2010 2010-06-09T09:02:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/2010-03-23-pres.jpg

На сустрэчы з журналістамі 8 чэрвеня кіраўнік Беларускага Хельсінскага камітэта Алег Гулак і сябра Рады Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч падсумавалі вынікі першага паўгоддзя 2010 году ў галіне правоў чалавека і канстатавалі, што практычна ніякіх пазітыўных зменаў у Беларусі за гэты час не адбылося.

Паводле словаў Валянціна Стэфановіча, у першае паўгоддзе бягучага году ніякіх пазітыўных зменаў, што да выканання правоў чалавека, у Беларусі не назіралася, у тым ліку і ў заканадаўстве, якое рэгулюе грамадзянскія і палітычныя правы. Выключэннем сталі змены ў Выбарчае заканадаўства, каторыя, аднак, не паўплывалі на практыку правядзення выбараў (у дадзеным выпадку, мясцовых), якія не былі прызнаны празрыстымі і дэмакратычнымі.

Як адзначыў юрыст, станоўчым момантам можна назваць той факт, што з вышэйшых уладных структур паступіла ўказанне прыняць закон аб альтэрнатыўнай службе, у выніку чаго часткова прыпынілася практыка прыцягнення да крымінальнай адказнасці асобаў, якія адмаўляюцца служыць у войску з рэлігійных ці іншых перакананняў.

Валянцін Стэфановіч канстатаваў, што ў Беларусі працягваецца крымінальны пераслед грамадзянаў па палітычных матывах. “Назіраецца адмоўная дынаміка сітуацыі з правамі чалавека, нашу асаблівую занепакоенасць выклікаюць падзеі апошніх месяцаў, – адзначыў прадстаўнік “Вясны”. – Не стала выключэннем практыка крымінальнага пераследу па паліытчных матывах, напрыклад, справа Алега Сургана, які стаў ахвярай катаванняў з боку супрацоўнікаў міліцыі і якога пазней абвінавацілі ў тым, што ён укусіў міліцыянта за палец, лежачы на падлозе міліцэйскай машыны… Сутнасць справы ў гэтай сітуацыі вельмі падобная на справу Сяргея Парсюкевіча… Гэта і справа Сяргея Каваленкі, якога абвінавацілі ў хуліганскіх дзеяннях за тое, што ён вывесіў бел-чырвона-белы сцяг на навагодняй елцы…”

Асобна праваабаронцы адзначылі справу ваўкавыскіх прадпрымльнікаў Мікалая Аўтуховіча і Уладзіміра Асіпенкі. “Гэты судовы працэс прайшоў з сур’ёзнымі працэсуальнымі парушэннямі, якія звязаныя з палітычнымі матывамі ўладаў, пра што сведчыць надпіс на адным з дакументаў, што справа знаходзіцца на асабістым кантролі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, – лічыць Валянцін Стэфановіч. – Гэта адпавядае паняццю “палітычны вязень”, якое сфармулявана Радай Еўропы”.

Асаблівую заклапочанасць праваабаронцаў выклікае факт працягу Беларуссю практыкі выканання смяротных прысудаў, а менавіта расстрэла ў сакавіку Андрэя Жука і Васіля Юзэпчука насуперак працэдуры ААН № 92, якая была распачата Камітэтам па правах чалавека ААН і пра якую быў уведамлены беларускі ўрад. “Гэта прыкры факт, што Беларусь проста дэманстратыўна ігнаруе свае міжнародныя абавязацельствы, якія яна на сябе ўзяла, прызнаўшы кампетэнцыю Камітэта па правах чалавека ААН”, – падкрэсліў Валянцін Стэфановіч. Ён нагадаў, што нядаўна Гродзенскі абласны суд вынес яшчэ два смяротныя прыгаворы, якія зараз у касацыйным парадку абскарджваюцца ў Вярхоўным Судзе Беларусі.

Праваабаронца таксама звярнуў увагу на тое, што ў краіне можа вярнуцца практыка прымянення артыкула 193-1. Крымінальнага кодэкса за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Пры гэтым удзельнікі прэс-канферэнцыі адзначылі, што ў апошнія месяцы ва ўладных структурах спыніліся ўсе размовы як пра ўвядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне, так і пра адмену артыкула 193-1 КК РБ.

Па словах Алега Гулака, адным з накірункаў працы беларускіх праваабаронцаў, адным з інструментаў паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі з’яўляецца выкарыстоўванне міжнарожных механізмаў абароны правоў чалавека. “На жаль, беларускія ўлады не маюць звычкі слухаць праваабаронцаў і карыстацца іхнымі парадамі”, – сказаў кіраўнік БХК.

“Мы жывем у становішчы і ў той час, калі сітуацыя з правамі чалавека вельмі моцна палітызаваная. З аднаго боку, гэта вельмі добра, бо гэта гаворыць, што правы чалавека сёння – сур’ёзны, неад’емны чыннік міжнароднай палітыкі. З іншага боку, палітызаванасць замінае вырашаць гэтыя праблемы, таму што ўлады бачаць у гэтым пагрозу свайму захаванню, і такім чынам гэтая сістэма мяняецца не так хутка, як нам бы таго хацелася”, – адзначыў старшыня Беларускага Хельсінскага камітэту.

Па словах сябра Рады незарэгістраванага Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянціна Стэфановіча, з набліжэннем прэзідэнцкіх выбараў дзеянні ўладных структур у дачыненні, у тым ліку, і да незалежных СМІ і журналістаў будуць рабіцца больш жорсткімі.

“Выклікае занепакоенасць указ прэзідэнта адносна рэгулявання дзейнасці інтэрнэта, тое, што могуць быць заблакаваны сайты, якія ўлады палічаць экстрэмісцкімі, – адзначае юрыст. – Мы ўжо бачылі практыку спробаў прызнання ў судовым парадку асобных выданняў экстрэмісцкімі, я маю на ўвазе часопіс “ARCHE”, газету “Свабода”… І ў звязку з гэтым няма гарантый, што заўтра сайты “Вясны”, “Хартыі”, “БХК”, іншыя сайты не будуць прызнаны экстрэмісцкімі і не будуць заблакаваны. Апошнія тэндэнцыі мяне вельмі турбуюць, асабліва падзеі, звязаныя з ператрусамі ў межах так званай крымінальнай “паляўнічай справы” у журналістаў “Народнай волі” Святланы Калінкінай і Марыны Коктыш, “Хартыі’97” Наталлі Радзінай, карэспандэнткі расійскай “Новой газеты” Ірыны Халіп з канфіскацыяй маёмасці, з допытамі іх фактычна як падазраваных, хаця фармальна яны знаходзяцца ў статусе сведкі. Але калі даецца загад узламаць у сведкаў электронную пошту і скайп, то відавочна, што следства хоча нешта знайсці, і фактычна гэта азначае, што журналістаў у нечым падазраюць”.

“Гэта незаконныя дзеянні, злоўжыванні органамі, якія вядуць следства, сваімі працэсуальнымі паўнамоцтвамі”, – падкрэсліў старшыня РПГА “Беларускі Хельсінскі камітэт” Алег Гулак. “Гэтыя злоўжыванні робяцца насуперак інтарэсам асобы”, – цытуе словы старшыні БХК прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international