“Народная Воля” выйграла суд

2010 2010-06-10T12:42:41+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/nv.jpg

Суд Ленінскага раёну Менску прыняў рашэньне на карысьць газэты «Народная Воля». Прарэктар Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Ф.Скарыны Сяргей Ханеня спрабаваў праз суд спагнаць з газэты 95 з паловай мільёнаў рублёў.

У красавіку «Народная воля» надрукавала інфармацыю пра тое, што гадавы заробак сп.Ханені склаў 193 мільёны рублёў, а гэта ў 7 разоў болей, чым заробкі ягоных калегаў. Насамрэч гэта быў гадавы даход прарэктара. За гэтую недакладнасьць апошні папрасіў заплаціць яму 95 з паловай мільёнаў рублёў.

Іосіф Сярэдзіч назваў судовае рашэньне справядлівым. У судзе ён распавёў, што пасьля публікацыі Сяргей Ханеня зьвярнуўся ў рэдакцыю з патрабаваньнем абвяржэньня інфармацыі. Апроч таго, ён папрасіў пералічыць яму на рахунак 10 мільёнаў рублёў, патлумачыўшы, што гэта кампэнсацыя маральнаай шкоды.

Пасьля таго як газэта апублікавала абвяржэньне, але грошы пералічаць адмовілася, сп.Ханеня зьвярнуўся ў суд, але цяпер сума кампэнсацыі ўзрасла да 95 з паловай мільёнаў рублёў.

У судзе Сяргей Ханеня казаў, што з-за публікацыі ён вымушаны быў на працы тлумачыць на сходзе сваім калегам, адкуль у яго такія грошы. Яму давялося расказаць, што ён прадаў кватэру сваёй маці. Апроч таго, паводле сп.Ханені ён пацярпеў шкоду і як кандыдат у дэпутаты мясцовага савету. Рэпліку рэдактара Іосіфа Сярэдзіча пра тое, што ён быў адзіным кандыдатам у сваёй акрузе, ён пакінуў па-за ўвагай.

Сяргей Ханеня патлумачыў «Свабодзе»: «Справа ня ў суме. Справа ў тым, што да суду тое, што было мной акрэсьлена, гэта сымбалічная сума. Я ўжо тлумачыў у судзе, што гэта заробак, які я быццам бы атрымліваю за месяц. А насамрэч „Народная Воля“ вымусіла мяне перажываць вось менавіта на тую суму, якая была акрэсьлена ў маёй заяве ў суд. Не 95 мільёнаў, а 95 мільёнаў і 500 тысяч. Мы будуем Беларусь. Гэта цяжка рабіць, але кожны павінен быць прафэсіяналам і прафэсійнасьць гэта адказнасьць».

Прадстаўнік грамадзкасьці Гары Паганяйла і адвакатка Іосіфа Сярэдзіча даказвалі ў судзе, што ніякай маральнай шкоды публікацыя прарэктару не нанесла.

Судзьдзя Ленінскага суду Вера Тупік адмовіла сп.Ханеню і патлумачыла, што газэтная нататка не зьняважыла ягоны гонар.

Іосіф Сярэдзіч выказаўся пасьля суду: «На душы нейкі горкі асадак. Асадак ад таго, што ў нас ёсьць яшчэ такія людзі, якія думаюць не пра тое, каб сапраўды была ў нас дэмакратыя, свабода слова… Але кіруюцца зусім іншымі мэтамі. Мэркантыльнымі. Што значыць спагнаць з газэты 95 мільёнаў? І за што?! Альбо ўльтыматум: пералічы мне на рахунак 10 мільёнаў. Сёньня 10, а заўтра папросіш яшчэ 30 мільёнаў… І адкуль я ведаю, чый гэта рахунак. Можа, гэта нейкага бандыцкага аб’яднаньня. Вельмі балюча, што гэтым займаецца чалавек, які выхоўвае нашу моладзь».

Намесьнік старшыні БАЖ Андрэй Аляксандраў быў на судзе: «Дзяржаўныя службоўцы бачаць трэнды, якія задаюць іх кіраўнікі, кіраўнікі дзяржавы, першыя асобы. Яны папросту адчуваюць і бачаць, што незалежная прэса, незалежныя журналісты абсалютна безабаронныя. Яны лічаць, што яны беспакараныя, што ёсьць лёгкі сродак, каб абагаціцца. Памеры пазову папросту астранамічныя. Яны ня сумяшчаюцца ні са здаровым сэнсам, ні зь бюджэтамі рэдакцый».

Газэта «Народная Воля» мае тры папярэджаньні ад Міністэрства інфармацыі і, калі б суд задаволіў пазоў Сяргея Ханені, то сытуацыя магла б стаць крытычнай.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international