Менгарвыканкам супраць “Гавары праўду”

2010 2010-06-04T14:41:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/gavary.jpg
Гавары праўду

Гавары праўду

На 10 чэрвеня прызначана папярэдняе слуханьне ў справе закрыцьця асьветніцкай установы «Движение вперёд», адной з праграмаў якой ёсьць кампанія «Гавары праўду». Пра гэта «Свабодзе» паведаміла намесьніца дырэктара ўстановы Ніна Пахлопка.

Намесьніца дырэктара ўстановы «Движение вперёд» Ніна Пахлопка паведаміла Радыё Свабода пра прэтэнзіі да ўстановы, зь якімі будзе разьбірацца суд:

«Аддзел ліквідацыі суб’ектаў гаспадараньня галоўнай управы юстыцыі Менгарвыканкаму зьвярнуўся ў Менскі гаспадарчы суд з заявай аб тым, каб прызнаць несапраўднай дзяржаўную рэгістрацыю дасьледчай асьветніцкай установы „Движение вперёд“. Чамусьці пазначаецца, што падчас рэгістрацыі мы далі недакладныя зьвесткі пра юрыдычны адрас. Але гэта няпраўда. Я сама гэтым займалася. Якое адразу памяшканьне знайшлі, па адрасе — праспэкт Машэрава 54, — такое і пазначылі. Мы там дагэтуль офіс і арандуем, наш адрас ніколі не мяняўся. Тут яшчэ спасылка ідзе на дэкрэт прэзыдэнта № 1 ад 16.01.2009, быццам мы гэты дэкрэт парушылі. З майго пункту гледжаньня, як гаспадарніка, мы нічога не парушылі. Будуць далей з гэтым працаваць юрысты. Папярэднія слуханьні прызначаныя на 10 чэрвеня ў Менскім гаспадарчым судзе».

Калі я пазваніў у аддзел ліквідацыі суб’ектаў гаспадараньня ўправы юстыцыі Менгарвыканкаму, каб удакладніць іх прэтэнзіі да ўстановы «Движение вперёд», там зьдзівіліся і сказалі, што арганізацыя лічыцца ў іх дзеючай і прэтэнзій да яе няма:

«Мы ў суд не падавалі. Калі гаворка пра юрыдычны адрас, то гэта тычыцца аддзелу рэгістрацыі. Можа, яны падавалі, а мы — не», — сказала супрацоўніца аддзелу.

У аддзеле рэгістрацыі суб’ектаў гаспадараньня сытуацыя паўтарылася. Вядучы спэцыяліст аддзелу Ксенія Петрукевіч таксама сказала, што прэтэнзій да ўстановы «Движение вперёд» там няма:

«Гм, на якой падставе на іх падалі ў суд? Ня ведаю. Магчыма, зь імі была скасаваная дамова аб арэндзе, а яны не паведамілі? Адзінае, што магу сказаць дакладна — што яны ніякага юрыдычнага адрасу не мянялі. У іх як быў адрас — праспэкт Машэрава, 54 — так і застаецца дагэтуль».

Калі не аддзел ліквідацыі і не аддзел рэгістрацыі, дык хто падаў пазоў на ўстанову «Движение вперёд» у Менскі гаспадарчы суд? У канцылярыі суду далі дакладны адказ на гэтае пытаньне, а таксама паведамілі, што пазоў будзе разглядаць судзьдзя Аляшкевіч:

«Пазоўнік — Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт. Адказьнік — асьветніцкая ўстанова «Движение вперёд».

Карэспандэнт: «Ня нейкі аддзел падаў пазоў, а ўвесь Менгарвыканкам?»

Супрацоўніца канцылярыі: «Так. Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт».

Тэлефон прэсавай службы Менгарвыканкаму не адказаў. У кіраўніцтве ўстановы «Движение вперёд» кажуць, што статутныя дакумэнты ўстановы засталіся ў офісе, які апячатаны. «Зараз з гэтымі дакумэнтамі могуць зрабіць што заўгодна», — ня выключыла намесьніца дырэктара Ніна Пахлопка.


18 траўня ў офісе ўстановы «Движение вперёд», а таксама ў кватэрах больш як 20 актывістаў кампаніі «Гавары праўду» па ўсёй Беларусі прайшлі ператрусы. У актывістаў забралі кампутары, дакумэнты, грошы. Дырэктар установы паэт Уладзімер Някляеў, актывісты Сяргей Вазьняк і Андрэй Дзьмітрыеў былі затрыманыя і тры дні правялі ў ізалятары часовага ўтрыманьня ў якасьці падазроных па справе паводле 250-га артыкула Крымінальнага кодэксу — «распаўсюджваньне ілжывай інфармацыі аб таварах і паслугах». Абвінавачаньне па гэтай справе нікому ня выстаўленае дагэтуль. У Ленінскім РАУС Менску, дзе вядзецца справа, ад камэнтароў адмаўляюцца, спасылаючыся на незавершанасьць расьсьледаваньня. Забраныя кампутары, носьбіты інфармацыі, дакумэнты і грошы нікому з актывістаў дагэтуль не вярнулі.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international