Агляд-хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі, травень 2010 году

2010 2010-06-04T16:15:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У траўні ў Беларусі завяршыліся судовыя працэсы па чатырох палітычна матываваных крымінальных справах, вынесены два новыя сьмяротныя прысуды, разагнаныя некалькі мірных акцыяў, у тым ліку актывістаў руху сэксуальных меншасьцяў. У выніку сутычкі з міліцыянтамі моладзевы актывіст Зьміцер Пармон трапіў у шпіталь са зламанай ключыцай. Адміністрацыйны перасьлед у гэты час абмежаваўся ў асноўным прысуджэньнем штрафаў розных памераў, але было вынесена і некалькі арыштаў.

18-19 мая па ўсёй Беларусі пракацілася хваля ператрусаў і затрыманьняў актывістаў грамадзянскай ініцыятывы «Гавары праўду!". Лідэр кампаніі паэт Уладзімір Някляеў, а таксама галоўны рэдактар недзяржаўнай газеты «Таварыш» Сяргей Вазняк і актывіст Аб'яднанай грамадзянскай партыі Андрэй Дзмітрыеў трое сутак знаходзіліся за кратамі.

Узмацненьне рэпрэсіяў з боку ўлады зьвязанае з набліжэньнем прэзідэнцкай выбарчай кампаніі – маштабнай падзеі ў грамадзка-палітычным жыцьці краіны.

У траўні толькі Праваабарончым цэнтрам “Вясна” было прынята 5 заяваў, датычных абуральных фактаў парушэньняў правоў чалавека. Адна з іх сумесная з БХК, датычная асуджэньня вынесеных у Беларусі двух новых сьмяротных прысудаў, апошняя ад 27 траўня сумесная з Міжнароднай Федэрацыяй правоў чалавека (FIDH), зьвязаная з ацэнкай агульнай сітуацыі. І так няпростае становішча з правамі чалавека ў краіне пачало ўскладняцца, і праваабаронцы канстататуюць, што зьявіліся падставы сьцьвярджаць: рэпрэсіі да актыўных групаў грамадзянскай супольнасьці Беларусі набылі планавы характар.

Таксама з заявамі ў траўні выступілі ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў і Асамблея НДА.

19 траўня Старшыня Еўрапейскага парламенту Ежы Бузэк заклікаў беларускія ўлады «неадкладна спыніць рэпрэсіі і перасьлед структур грамадзянскай супольнасьці і вярнуцца на шлях дэмакратызацыі». Таксама ў заяве Ежы Бузэк адзначыў, што праведзеная ў мясцовыя саветы выбарчая кампанія «не паказала бачных паляпшэньняў у галіне празрыстасьці і выкананьня дэмакратычных стандартаў».

3 траўня ў Жэнэве пачала працу сесія Савету правоў чалавека ААН, прысьвечаная правядзеньню Ўнівэрсальнага перыядычнага агляду. У рамках гэтай сесіі Савет правоў чалавека ААН разгледзеў справаздачы аб становішчы з правамі чалавека ў шэрагу краін, у тым ліку Беларусі. На абмеркаваньні справаздачы ўраду краіны 12 траўня прысутнічалі беларускія праваабаронцы, якія падрыхтавалі альтэрнатыўную справаздачу па Беларусі.  14 траўня па выніках працэдуры УПА на адрас Беларусі былі заяўленыя рэкамэндацыі па паляпшэньні становішча ў галіне правоў чалавека. 20 траўня Міжнародная федэрацыя правоў чалавека (FIDH) распаўсюдзіла прэс-рэліз “адносна Універсальнага перыядычнага агляду Беларусі, пытаньняў сьмяротнага пакараньня, свабоды асацыяцыяў, свабоды слова і мірных сходаў, а таксама забароны катаванняў і незалежнасьці судовай сістэмы.”  FIDH, а таксама яе арганізацыя-удзельніца Праваабарончы цэнтр “Вясна” і Беларускі Хельсінскі камітэт выказалі глыбокае расчараваньне з прычыны таго, што дэлегацыя не зрабіла канкрэтных захадаў па выкананьні шматлікіх рэкамендацыяў і большасьць выступоўцаў з афіцыйнага беларускага боку не закранула асноўныя недахопы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі”. Прадстаўнікі ўраду заявілі, што ў краіне існуе свабода аб’яднаньняў, што для грамадзянскай супольнасьці створаныя спрыяльныя ўмовы працы, і што сродкі масавай інфармацыі зьяўляюцца незалежнымі. Праваабарончыя арганізацыі заклікалі кіраўніцтва краіны зрабіць неадкладныя захады па выкананьні прынятых ёй рэкамендацыяў. Універсальны перыядычны агляд Беларусі праваабаронцы ахарактарызавалі як “станоўчая актыўнасьць, пры адсутнасьці рэальных крокаў”.

Як станоўчы момант варта адзначыць, што ў траўні па дзьвюх крымінальных справах, узбуджаных у дачыненьні да прызыўнікоў, якія прасілі замяніць тэрміновую службу ў войску на альтэрнатыўную, гарантаваную Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, былі вынесеныя апраўдальныя прысуды. 4 таўня Менскі райсуд апраўдаў верніка Яна Міхайлава, які паводле папярэдняга прысуду амаль 3 месяцы адседзеў пад арыштам за ўхіленьне ад праходжаньня вайсковай службы, а “Міжнародная амністыя” прызнала Міхайлава вязьнем сумленьня. 31 траўня суд Цэнтральнага раёну Гомеля апраўдаў верніка “Сьведкі Еговы” Дзьмітрыя Смыка, які паводле папярэдняга прысуду быў аштрафаваны на 100 б.в. (3 млн. 500 тыс. руб). Праваабаронцы расцэньваюць новыя судовыя рашэньні як перамогу грамадзянскай супольнасьці краіны і першы крок да ўвядзеньня Закону аб альтэрнатыўнай службе, а таксама з’яўленьня механізму рэалізацыі канстытуцыйнага права на праходжаньне альтэрнатыўнай грамадзянскай службы. 

Напрыканцы траўня Міжнародная арганізацыя Amnesty International апублікавала штогадовую справаздачу аб парушэньнях правоў чалавека ў сьвеце. Беларусі ў справаздачы прысьвечаны асобны разьдзел. У ім адзначаецца, што ўлады краіны працягвалі выносіць сьмяротныя прысуды. Забараняліся грамадзкія і культурныя мерапрыемствы, удзельнікі мірных дэманстрацый затрымліваліся, падвяргаліся жорсткаму абыходжаньню ў міліцэйскіх пастарунках. Правы на свабоду асацыяцыяў і сходаў былі абмежаваныя. Неадэкватныя спосабы прымяняліся ў барацьбе з гвалтам супраць жанчын. Працягваецца кантроль над сродкамі масавай інфармацыі. Беларускія праваабаронцы назвалі сёлетні даклад сур’ёзным паказчыкам для ўладаў Беларусі пра неабходнасьць тэрміновай лібералізацыі нацыянальнага заканадаўства і прывядзеньня сродкаў яго выкананьня ў адпаведнасьць з міжнароднымі стандартамі, якія існуюць у галіне грамадзянскіх і палітычных правоў.

  1. Сьмяротнае пакараньне

12 траўня праваабаронцы ў межах кампаніі супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі накіравалі на імя Міністра ўнутраных справаў, Генеральнага пракурора і Старшыні Вярхоўнага Суду Рэспублікі Беларусь запыты пра колькасьць вынесеных і выкананых сьмяротных прысудаў з 1990 па 2009 год. Як зазначыў берасьцейскі праваабаронца Раман Кісьляк, гэтыя зьвесткі неабходныя для працягу кампаніі па інфармаваньні насельніцтва пра прымяненьне сьмяротнага пакараньня ў Беларусі. “Пералічаныя дзяржустановы адказалі, што не могуць даць такую інфармацыю і параілі зьвярнуцца ў Міністэрства юстыцыі. Мы накіравалі запыт у Мінюст, але адказу пакуль не атрымалі”, - распавяла каардынатар кампаніі Ірына Тоўсцік.

14 траўня Гарадзенскі абласны суд прысудзіў да вышэйшай меры пакараньня двух жыхароў Горадні – Алега Грышкаўцова (29 гадоў) і Андрэя Бурдыку (28 г.). Яны прызнаныя вінаватымі ў забойстве з асаблівай жорсткасьцю трох чалавек, разбоі з прычыненьнем цяжкіх цялесных пашкоджаньняў, наўмысным пашкоджаньні маёмасьці і выкраданьні малалетняга. 17 траўня Беларускі Хельсінкскі Камітэт (БХК) і Праваабарончы цэнтр "Вясна" выступілі з асуджэньнем вынесеных двух сьмяротных прысудаў. Міжнародная праваабарончая арганізацыя "Amnesty International" далучылася да гэтай заявы. Праваабаронцы адзначылі, што дадзеная мера пакараньня была абвешчаная літаральна праз два дні пасьля крытыкі, якая прагучала ў адрас Беларусі падчас сэсіі рабочай групы па прадстаўленьні Універсальнага перыядычнага агляду ААН за ўжываньне дзяржавай сьмяротнай кары.

«Гэтыя прысуды гавораць аб неабходнасьці тэрмінова абвесьціць мараторый на сьмяротнае пакараньне, - заявіў генеральны сакратар Савета Еўропы Турб’ерн Ягланд. - Прымяненьне сьмяротнага пакараньня па-ранейшаму зьяўляецца галоўнай перашкодай у адносінах Беларусі з Саветам Еўропы. Мы гатовыя аказаць садзейнічаньне ў рашэньні гэтага пытаньня і дапамагчы Беларусі стаць бліжэй да стандартаў Савета Еўропы ў галіне правоў чалавека». Адмяніць сьмяротныя прысуды афіцыйны Менск таксама заклікалі старшыня Камітэта міністраў Савета Еўропы Антоніо Мілашоскі і кіраўнік Парламенцкай асамблеі Савету Еўропы (ПАРЭ) Маўлют Чавушоглу.

  1. Палітычна матываваны крымінальны перасьлед

6 траўня Вярхоўны Суд Беларусі вынес прысуд па крымінальнай справе Мікалая Аўтуховіча, Уладзіміра Асіпенкі, Міхаіла Казлова і Аляксандра Ларына. Абвінавачаныя правялі пад вартай больш за год, а судовы разгляд справы заняў амаль паўтары месяцы. У выніку судовага разбіральніцтва большая частка абвінавачаньняў, а менавіта – наўмыснае зьнішчэньне альбо пашкоджаньне маёмасьці і падрыхтоўка тэрарыстычнага акту, не знайшла падцьверджаньня доказамі і была зьнятая. У выніку трое былі асуджаны за незаконныя дзеяньні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў. Гэта Мікалай Аўтуховіч, які атрымаў 5 год і два месяцы калоніі ўзмоцненага рэжыму, Уладзімір Асіпенка і Аляксандр Ларын – па тры гады зьняволеньня. Міліцыянт Міхаіл Казлоў асуджаны на два гады пазбаўленьня волі за бязьдзеяньне службовай асобы. З моманту ўзбуджэньня крымінальнай справы яна атрымала вялікі грамадзкі рэзананс не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. Да суду сьледзтва насіла закрыты для грамадскасьці характар, працэс у Вярхоўным Судзе праходзіў у адкрытым рэжыме, што дазволіла праваабаронцам сачыць за ім і зрабіць пэўныя высновы. Вынікам стала прыняцьце ПЦ "Вясна" і БХК адпаведнага заявы, у якой выкладзеныя ўсе аргументы. Праваабаронцы заклікалі Генеральнага пракурора РБ і Старшыню ВС РБ правесьці праверку законнасьці і абгрунтаванасьці вынесенага прысуду і вызваліць асуджаных з-пад варты, а таксама прыцягнуць да адказнасьці службовых асобаў, якія дапусьцілі грубыя парушэньні крымінальна-працэсуальнага заканадаўства падчас папярэдняга сьледзтва. У заяве амбасады Вялікабрытаніі, якая прадстаўляе ў Беларусі Іспанію, краіну-старшыню Еўразьвязу, ад 10 траўня адзначаецца: "Беручы пад увагу папярэдні актыўны ўдзел Аўтуховіча ў абароне правоў прадпрымальнікаў і вэтэранаў вайны ў Афганістане, а таксама яго публічныя заявы пра выпадкі карупцыі, якія, паводле яго меркаваньня, мелі месца, гэты працэс можа разглядацца ў якасьці палітычна матываванага".

14 траўня Кастрычніцкі райсуд Віцебску абвесьціў прысуд, вынесены сябру КХП БНФ Сяргею Каваленку,  –  тры гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Таксама С. Каваленка мусіць сплаціць маральную кампенсацыю міліцыянтам Іванову і Палітыку – па мільёну, Максімаву – 1,5 мільёны, а таксама кампенсаваць прадпрыемству "Гарсьвятло"  за пашкоджаную ілюмінацыю 1 мільён 222 тысячы рублёў і 62 тысячы рублёў "Зеленбуду". Крымінальны перасьлед актывіста пачаўся пасьля таго, як 7 студзеня ён на вачах у соцень мінакоў вывесіў на 40-метровай вышыні бел-чырвона-белы сьцяг, здолеўшы залезьці па зборнай мэталічнай канструкцыі на самую верхавіну галоўнай навагодняй елкі ў Віцебску. С. Каваленка абвінавачаны паводле ч. 1 арт. 339 КК (наўмысныя дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і ч. 2 арт. 363 (супраціў работніку праваахоўных органаў пры выкананьні  ім службовых абавязкаў).

25 мая скончыўся тэрмін зьняволеньня актывіста «Маладога Фронту" палітвязьня Арцёма Дубскага, прызнанага ў ліку іншых фігурантаў «працэсу 14-ці» Міжнароднай праваабарончай арганізацыяй Amnesty International вязьнем сумленьня. На прэс-канферэнцыі, якая прайшла пасьля яго вызваленьня з магілёўскай калоніі, А. Дубскі заявіў, што працягне займацца грамадзкай дзейнасьцю.

  1. Адміністрацыйныя затрыманьні і пакараньні грамадзка-палітычных актывістаў

19 траўня адміністрацыйная камісія разгледзела справу гомельскага актывіста “Маладога Фронту” Антося Назаранку па арт. 21.14 КаАП (парушэньне правілаў дабраўпарадкаваньня і ўтрыманьня населеных пунктаў і абавязала кампенсаваць суму нанесенай шкоды ў памеры 600 тысяч рублёў за расклейваньне маладафронтаўскай агітацыі. Пры гэтым камісія праігнаравала факт прызнаньня А. Назаранкам віны і просьбу выпісаць яму мінімальны штраф, згодна п. 6 арт. 6.5 КаАП.

12 траўня Ленінскі райсуд сталіцы пакараў па арт. 17.1 КаАП (дробнае хуліганства) дэмакратычных актывістаў, затрыманых 6 траўня каля будынку Вярхоўнага Суду пасьля абвяшчэньня прысуду па так званай справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў. Міліцыянты склалі пратаколы па абвінавачаньню ў нецэнзурнай лаянцы ў грамадзкім месцы. Палітык Аляксандр Казулін аштрафаваны на 20 б.в. (700 тыс. руб), прадпрымальнік Алесь Макаеў, моладзевыя актывісты Мікола Дземідзенка і Уладзь Яроменак на 15 б.в. (525 тыс. руб).

20 траўня Савецкі райсуд Гомеля пакараў экс-кандыдата ў дэпутаты аблсавету, актывіста Партыі БХД Кастуся Жукоўскага максімальным штрафам у памеры 50 б.в. (1 млн 750 тыс. руб) за абразу міліцыянта на выбарчым участку. Пры гэтым судзьдзя Юры Валышыненка з самага пачатку адхіліў хадайніцтвы абвінавачанага, каб весьці слуханьні на беларускай мове і каб атрымаць з міліцыі даведку пра тое, колькі разоў К. Жукоўскі як кандыдат выклікаў ахоўнікаў правапарадку дзеля фіксацыі факту парушэньня выбарчага заканадаўства. Па звестках прэс-службы БХД, дзеля вынясеньня прысуду судзьдзя нават не выйшаў з залі: дастаў загадзя надрукаваны дакумент з папераў на сваім стале.

30 траўня ўвечары пасьля зьезду “Маладога Фронту” ў Менску быў затрыманы актывіст арганізацыі з Магілёву Дзьмітры Зорка. Міліцыянты правялі асабісты дагляд рэчаў з мэтай нібыта пошуку наркотыкаў. Знайшоўшы ў заплечніку рэгіянальнага актывіста кнігу "Маладафронтаўцы", Д.Зорку даставілі ў Цэнтральнае РУУС Менску, дзе ўзялі адбіткі пальцаў, сфатаграфавалі і адпусьцілі ў гадзіну ночы без складаньня пратаколу. У выніку актывіст спазьніўся на цягнік.

  1. Парушэньне прынцыпу свободы слова і распаўсюду інфармацыі 

6 траўня судзьдзя Першамайскага райсуду Валяньціна Кісьмярошкіна прысудзіла заснавальніку газеты Віктару Рамнёву 1 мільён 50 тысяч штрафу за тое, што 1 красавіка ў ягонай машыне міліцыянты знайшлі 53 асобнікі «Витебскага курьера». Гэта ўжо не першы штраф, прысуджаны заснавальніку выданьня.

7 траўня за распаўсюд канвэнцыі ААН аб абароне людзей ад гвалтоўнага зьнікненьня ў Берасьці былі затрыманыя рэгіянальныя дзеячы Раман Кісьляк і Андрэй Шарэнда. У пастарунку Маскоўскага РАУС у іх канфіскавалі друкаваную прадукцыю, пасьля чаго адпусьцілі без складаньня пратаколаў. Дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі абскарджаныя.

21 траўня ГА БАЖ выказала абурэньне ў сувязі з грубым наступам на свабоду слова ў Беларусі, чарговая хваля якога пачалася 18 траўня з «рэйду» міліцыі і сьпецслужбаў па офісах і кватэрах грамадзкіх актывістаў. Быў арыштаваны сябра Праўленьня арганізацыі, галоўны рэдактар газеты «Товарищ» Сяргей Вазьняк, разам з якім пад вартай таксама ўтрымліваліся актывісты кампаніі “Гавары праўду” Уладзімір Някляеў і Андрэй Дзьмітрыеў. Сярод тых, хто падпаў пад ператрусы, затрыманьні і допыты, акрамя Вазьняка, аказаліся яшчэ некалькі сябраў БАЖ: Юры Алейнік, Юры Варонежцаў, Ларыса Насановіч, Аляксандр Уліцёнак, Аляксандр Фядута. У заяве адзначаецца, што журналісцкая арганізацыя разглядае апошнія падзеі ў кантэксьце ранейшых, аналагічных. 19 траўня на падставе расьследаваньня крымінальнай справы аб паклёпе на высокую службовую асобу з КДБ у чарговы раз у міліцыю выклікалі журналістак Натальлю Радзіну, Сьвятлану Калінкіну і Марыну Коктыш, якім вось ужо некалькі месяцаў не аддаюць забраных у іх кампутараў. На думку БАЖ, “фармальныя падставы для гэткіх дзеяньняў — усяго толькі прыкрыцьцё для расправы з іншадумствам”. БАЖ заклікала беларускае грамадзтва і міжнародную супольнасьць выказаць пратэст супраць гвалту над свабодай слова ў Беларусі.

  1. Парушэньне права на свабоду мірных сходаў

7 траўня ў Менску прайшоў пікет памяці да 11 гадавіны зьнікненьня былога міністра ўнутраных спраў і апазіцыйнага палітыка, сябра АГП  Юрыя Захаранкі, лёс якога да гэтага часу застаецца невядомым. Актывісты сталі ў ланцуг з  партрэтамі Ю.Захаранкі, а потым паклалі іх разам з кветкамі каля пад’езду дома, у якім ён жыў. У гэты ж дзень Кастрычніцкі суд Менску аштрафаваў семярых удзельнікаў акцыі ў памерах ад 10 да 30 базавых велічынь: Зьмітра Кавалгіна на 10 б.в., Аляксандра Сьцепаненку і Міхася Мікуліча на 15 б.в., Алега Корбана і Рамана Багдановіча на 20 б.в., лідэра АГП Анатоля Лябедзьку – на 25 б.в. і Сяржука Клюева на 30 б.в. Іх прызналі віноўнымі ў парушэньні парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў па арт. 23.34 КаАП.

15 траўня прадстаўнікі МУС гвалтоўна спынілі мірнае шэсьце актывістаў сэксуальных меншасьцяў. Напярэдадні Менгарвыканкам  па фармальнай прычыне не даў дазволу на правядзеньне ў сталіцы гей-прайду, удзельнікі якога планавалі сабрацца ля будынка Белдзяржфілармоніі і прайсьці па прасьпекце Незалежнасьці да прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук. “Amnesty International” выказала шкадаваньне ў сувязі забаронай шэсьця і заклікала беларускія ўлады паважаць правы сексуальных меншасьцяў. Аднак мірная несанкцыянаваная акцыя актывістаў ЛГБТ была разагнаная міліцыяй, а пяцёра ўдзельнікаў пакараныя мінімальнымі штрафамі па арт. 23.34 КаАП.

17 траўня барысаўскія правабаронцы зьвярнуліся са скаргай у аблвыканкам на рашэньне Барысаўскага раённага выканкаму, згодна з якім сталым месцам для правядзення масавых мерапрыемстваў” вызначана тэрыторыі за заходняй трыбунай гарадскога стадыёну. Марына Статкевіч і Алег Мацкевіч лічаць, што адно месца, вызначанае для дастаткова вялікага гораду з плошчай каля паўсотні квадратных кіламетраў, супярэчыць духу Канстытуцыі. Спасылаючыся на адпаведныя артыкулы заканадаўства ў галіне свабоды мірных сходаў, праваабаронцы просяць аблвыканкам прызнаць прынятае рашэнне незаконным і абавязаць Барысаўскі раённы выканаўчы камітэт вызначыць месцамі правядзеньня масавых мерапрыемстваў пляцоўкі, якія характарызуюцца масавасьцю наведваньня і публічнасьцю, з мэтай магчымасьці інфармаваньня грамадзянаў аб існуючых праблемах у выпадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў.

27 траўня грамадзянін Бельгіі Адрыен Бодуэн накіраваў у суд Маскоўскага раёну Менску скаргу на незаконныя дзеяньні супрацоўнікаў раённага упраўленьня міліцыі. 17 траўня Адрыен разам з іншымі ўдзельнікамі паседжаньня Беспартшколы быў беспадстаўна затрыманы ў памяшканьні “Гістарычнай майстэрні”. Малады чалавек абураны паводзінамі супрацоўнікаў праваахоўных органаў і ў скарзе паведамляе пра грубае парушэньне сваіх правоў. Ён просіць суд, сярод іншага, прызнаць дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі незаконнымі і абавязаць іх прынесьці публічнае прабачэньне. Копію скаргі А. Бодуэн таксама накіраваў у консульства Бельгіі ў Беларусі і амбасаду Бельгіі ў Маскве.

Гарадзенскі гарвыканкам па надуманых падставах не дазволіў актывістам Беларускага незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці правесьці пікеты 1 чэрвеня з мэтай абароны правоў дзяцей. Адмову ў правядзеньні мірнага сходу, прысьвечанага Міжнароднаму дню абароны дзяцей, таксама атрымалі праваабаронцы ў Гомелі. Падставай паслужыла тое, што не былі аплочаны паслугі міліцыі, медыцыны і санслужбаў. Між тым, Леанід Судаленка і Анатоль Паплаўны падкрэсліваюць, што рашэньне гарвыканкаму, якім устаноўлены парадак правядзеньня мірных сходаў у Гомелі, у частцы вызначэньня ў паўмільённым горадзе адзінага месца для іх правядзеньня і ўскладаньня абавязкаў па адплатным складаньні дамоваў з органамі правапарадку, медыцынаю і ўборкай тэрыторыі без сумневу супярэчыць ня толькі канстытуцыйным гарантыям на свабоду правядзеньня мірных сходаў, але і міжнародным абавязальніцтвам нашай краіны.

  1. Катаваньні і іншыя формы жорсткага бесчалавечнага абыходжаньня

27 траўня супрацоўнікі міліцыі жорстка разагналі велапрабег, арганізаваны актывістамі "Моладзі БНФ" у гонар зоркі беларускай паэзіі Максіма Багдановіча. Пры гэтым міліцыянты, апранутыя ў спартыўную форму зьбілі ўдзельнікаў культурніцкай акцыі. Сярод пацярпелых Франак Вячорка і Зьміцер Пармон, якому супрацоўнікі праваахоўных органаў нават зламалі ключыцу, спрабуючы адабраць у яго бел-чырвона-белы сьцяг. У выніку З. Пармон трапіў у шпіталь, дзе яму была праведзена складаная апрерацыя – устаўлена металічная пласьціна для правільнага зрастаньня костак.

  1. Парушэньне права на свабоду асацыяцыяў

5 траўня Вярхоўны Суд Беларусі адхіліў скаргу Асамблеі неўрадавых дэмакратычных аб’яднаньняў на адмову Міністэрства юстыцыі ў рэгістрацыі. Пры гэтым, па словах юрыста Юрыя Чавусава, які прысутнічаў на паседжаньні, некаторыя аргументы Асамблеі суд часткова прызнаў, аднак у цэлым скарга была пакінутая без задавальненьня. Варта адзначыць, што заснавальнікам Асамблеі НДА тройчы адмовілі ў ажыцьцяўленьні права на свабоду стварэньня асацыяцыі.

26 траўня Вярхоўны Суд Беларусі адмовіў заснавальнікам беларускага аддзяленьня Міжнароднага грамадзкага аб'яднаньня «Міжнародная Хельсінская асацыяцыя па правах чалавека» у задавальненьні скаргі на адмову ў рэгістрацыі з боку Міністэрства юстыцыі. У аснову сваёй адмовы чыноўнікі Мінюсту паклалі ўласнае тлумачэньне ўкраінскага заканадаўства (бо цэнтральныя органы аб'яднаньня знаходзяцца ў Кіеве). Вярхоўны ж Суд Беларусі вырашыў не чакаць адказу з украінскага Міністэрства юстыцыі па гэтым пытаньні, хоць такі запыт быў накіраваны заснавальнікамі арганізацыі.

  1. Звальненьні з працы па палітычных матывах

6 траўня ў Салігорску з дзяржаўнага прадпрыемства звольнены дэмакратычны актывіст Уладзімір Шыла, які ўладкаваўся на новую працу толькі 3 траўня. Па словах начальніка, напярэдадні ён меў размову наконт У. Шылы ў адпаведных органах. Актывіст не захацеў называць прадпрыемства, каб потым не ўзьніклі праблемы ў кіраўніцтва. Па адукацыі У. Шыла інжынер‑будаўнік, і да гэтага працаваў у недзяржаўнай будаўнічай фірме. Але потым яму паступіла прапанова менавіта з дзяржпрадпрыемства зьмяніць працу, на якую ён пагадзіўся. Спробы У. Шылы зарэгістраваць незалежнае выданьне аказаліся марнымі.

Настаўнік беларускай мовы з вёскі Копці Віцебскага раёну Сяргей Салодкін, які выдае для землякоў маланакладную газету “Покліч волі” на ўласныя сродкі, звольнены з працы. Уведамленьне пра непрацягненьне працоўнага кантракту ён атрымаў адразу пасьля мясцовых выбараў – у  райаддзеле адукацыі яму паведамілі, што ягоная настаўніцкая праца прызнана «малаэфектыўнай». Па словах С. Салодкіна, яму неаднаразова рабілі намёкі і ў школе, і ў райаддзеле адукацыі, што начальства лічыць ягонае выданьне «апазіцыйным». Яшчэ адна прычына, якая магла паўплываць на рашэньне чыноўнікаў, — гэта нежаданьне настаўніка ўступаць у афіцыйны прафсаюз.

Па заканчэньні тэрміну працоўнай дамовы быў звольнены сябра Свабоднага прафсаюзу Беларускага (СПБ) высокакваліфікаваны работнік Бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў Леанід Гайшун. У прафсаюзе ўпэўненыя, што прычынай звальненьня стала сяброўства ў Свабодным прафсаюзе і актыўная пазіцыя рабочага, які абараняў правы працаўнікоў прадпрыемства. Паколькі адміністрацыя заводу парушыла дзеючую на прадпрыемстве калектыўную дамову, СПБ заявіў, што рыхтуе пазоў у суд аб аднаўленьні на працы свайго актывіста.

31 траўня мазырскі праваабаронца Уладзімір Целяпун, які працуе на пасадзе начальніка тэхнічнага аддзела ААТ "Беларускабель", атрымаў уведамленьне аб непрацягненьні з ім працоўнага кантракту. Тэрмін папярэдняга кантракту, заключанага на 5 гадоў, сканчаецца 30 чэрвеня. Па словах праваабаронцы, ніякіх тлумачэньняў з нагоды прыпыненьня працоўных адносінаў ад наймальніка ў асобе дырэктара ААТ "Беларускабель" ён не атрымаў. У. Целяпун вядомы на Гомельшчыне дэмакратычны дзяяч, падчас мясцовай выбарчай кампаніі ён балатаваўся кандыдатам у Гомельскі абласны і Мазырскі раённы саветы дэпутатаў, але, як і большасьць апазіцыйных кандыдатаў не здолеў патрапіць у выканаўчыя органы ўлады.

  1. Парушэньні права на свабоду сумленьня

Канфлікт паміж пратэстанцкай царкой “Новае жыцьцё” і сталічнымі ўладамі ў асобе экалагічнага ведамства працягваецца. Між тым спагнаньне з царквы 250 мільёнаў рублёў за нібыта забруджваньне навакольнага асяродзьдзя нафтапрадуктамі пакуль адкладзена. Такое рашэньне 27 траўня прыняў судзьдзя Гаспадарчага суду Алег Клюйко ў сувязі з прыняцьцем Вярхоўным Судом Рэспублікі Беларусь скаргі царквы на пастанову Маскоўскага райсуду ад 25 лютага, якім царква была прызнаная вінаватай у парушэньні прыродаахоўнага заканадаўства. 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international