viasna on patreon

Ахвяры прымусовай падпіскі

2010 2010-06-03T16:58:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/gazeta.jpg

Паштары аддзяленьня сувязі вёскі Падрэчча, што ў Кіраўскім раёне Магілёўшчыны, заявілі пра сваё звальненьне.

Такім чынам яны выказваюцца супраць падпіснога пляну на дзяржаўныя газэты. Яго ім даводзіць начальства. Выканаць гэты плян яны ня могуць, бо ахвотнікаў падпісвацца няшмат.

Пра пазыцыю паштароў паведаміў актывіст стваранай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» з Кіраўскага раёну Вячаслаў Шэлег. Паводле яго, у трох паштароў скончыўся тэрмін працоўнага кантракту, і яны заявілі начальству пра сваё звальненьне. Кіраўніцтва супраць спыненьня зь імі працоўных адносінаў:

«Учора парвала іх заявы начальніца. Сказала: „Не выдумляйце, ідзіце працуйце. Ведаць нічога не хачу. Я іх ня бачыла“. Працаваць жа няма каму. Хто будзе працаваць на вёсцы? Там ужо няма нікога. А вазіць работнікаў з Кіраўску за пятнаццаць кілямэтраў — хто будзе езьдзіць? Людзі разумеюць, што гэта будзе кабала поўная. Будуць указаныя цэны, сумы, і яны стануць нявольнікамі», — тлумачыць сытуацыю Вячаслаў Шэлег.

Як кажа актывіст, паштары незадаволеныя ўмовамі працы й патрабаваньнем начальства падпісваць людзей на дзяржаўныя газэты. Гэта пацьвердзіў у тэлефоннай гутарцы і адзін зь незадаволеных супрацоўнікаў вясковай пошты:

«Мы ж разумеем, што заработную плату нам не павысяць, а падпіску ня зьнізяць. Нават калі два-тры чалавекі адмовяцца выходзіць, што нам сабе трэба іх выпісваць. У нас на аддзяленьне каля сарака экзэмпляраў „Советской Белоруссии“, „Белорусских нив“ — восем. 36 тысячаў „Советская Белоруссия“ каштуе. Сямідзесяцігадовай бабе — навошта яна ёй? Раней неяк угаворвалі, а цяпер…»

У Кіраўскай раённай управе паштовай сувязі адмаўляюць факт групавога звальненьня падрэчанскіх паштароў. Начальнік управы Марыя Падаляк цьвердзіць, што звольніўся толькі адзін супрацоўнік пошты — па стане здароўя. Спадарыня Падаляк прызнае цяжкасьці з падпіскай на дзяржаўныя газэты:

«Заняпалі населеныя пункты па ўсіх пазыцыях. Людзі ня сталі жыць лепей. Хто пазьяжджаў, хто пачаў шукаць іншыя варыянты зарабіць грошай, каб сям’ю пракарміць. Мы сапраўды плянуем падпіску. Зразумела, плянуем і даходнасьць паводле гэтага артыкула, а яна прывязаная да колькасьці экзэмпляраў. Выданьні ж дзяржаўныя, і дзяржава хоча, каб як мага болей інфармацыі даходзіла да людзей».

Як удалося высьветліць, падрэчанцы паводле дзяржаўнага пляну мусяць выпісаць, акрамя сарака экзэмпляраў «Советской Белоруссии» і васьмі — «Белорусской нивы», яшчэ 60 экзэмпляраў мясцовай раёнкі «Кіравец».

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства