У Вярхоўным судзе працягваюцца слуханьні па справе былога дэпутата Сяргея Скрабца

2006 2006-01-18T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

18 студзеня працягнулася судовае паседжаньне ў Вярхоўным судзе па справе Сяргея Скрабца, былога дэпутата Палаты прадстаўнікоў Беларусі, кіраўніка апазіцыйнай дэпутацкай групы “Рэспубліка”.
На пачатку судовага паседжаньня С.Скрабец заявіў, што ён кепска сябе адчувае, бо ў яго баляць ныркі. Нагадаем, што С.Скрабец галадае ўжо больш за тыдзень. С.Скрабец патлумачыў, што пры дастаўцы яго з сьледчага ізалятару ў суд яго напачатку трымаюць у халодным падвале, затым у халодным памяшканьні распранаюць дагала, праводзячы татальны вобшук, затым закоўваюць ў кайданкі і ў такім становішчы вязуць у халоднай машыне ў суд. Пры чым сама перавозка займае даволі шмат часу. Гэтыя працэдуры ў холадзе прывялі да боляў у нырках.
С.Скрабец заявіў, што ён не давярае дактарам сьледчага ізалятару, якія па ягонай скарзе зусім фармальна правяралі стан ягонага здароўя.
Суддзя В.Ракіцкі абвясьціў перапынак, пад час якога была выклікана брыгада хуткай дапамогі. Медыкі правялі медычны агляд С.Скрабца і прыйшлі да высновы, што стан здароўя галадаючага зьяўляецца задавальняючым.
Дзіўным здаўся эпізод, калі суддзя зачытаў рашэньне медыкаў дзе было запісана, што тэмпература С.Скрабца ў норме, а той у адказ заявіў, што тэмпературу дактары ў яго ня мералі. Ахова пацьвердзіла факт фальсіфікацыі запісу пра тэмпературу С.Скрабца з боку медыкаў хуткай дапамогі.
Суддзя адхіліў хадайніцтва С.Скрабца аб яго больш грунтоўным медычным абсьледваньні.
Затым С.Скрабец зачытаў заяву, у якой паведаміў, што ў 2006 годзе ў рэспубліцы Беларусь рыхтуецца дзяржаўны пераварот з мэтай захопу ўлады. І кіруе гэтым захопам прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, які знаходзячыся на дзяржаўнай службе, карыстаючыся дзяржаўным становішчам, зьмяніў дзеля гэтага Канстытуцыю Беларусі.
С.Скрабец таксама абвінаваціў А.Лукашэнку ў стварэньні “чорнай касы” і ўхіленьні ад уплаты падаткаў з прысабечаных даходаў.
Пракурор М.Осіпчык перабіла С.Скрабца, зьвярнуўшыся да суду з пярэчаньнем па сутнасьці заявы абвінавачанага. Суд задаволіў просьбу пракурора і забараніў С.Скрабцу ў агалошваньні заявы, а таксама не далучыў хадайніцтва да справы.
Далей С.Скрабец паведаміў пра тое, што ў сьледчым ізалятары, дзе ён знаходзіцца, адбываюцца катаваньні. Неваядомыя людзі ў чорных масках зьбіваюць затрыманых, якія знаходзяцца пад сьледзтвам. У прыватнасьці, на калідоры СІЗА быў зьбіты ягоны сукамернік, палкоўнік Восіпаў.
Суддзя параіў С.Скрабцу зьвярнацца да пракурора па нагляду і надалей выступаць “у рамках судовага разьбіральніцтва”.
С.Скрабца абвінавачваюць па некалькіх артыкулах крымінальнага кодэксу. Беларускія праваабаронцы перакананыя, што сапраўдная прычына ізаляцыі С.Скрабца зьяўляецца ягоная выразная актыўная грамадзянская пазіцыя.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international