viasna on patreon

Суддзя меў загадзя надрукаваны прысуд Жукоўскаму

2010 2010-05-21T12:14:14+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

20 траўня суддзя Савецкага раёну Гомеля Юры Валашыненка пакараў штрафам на 1 мільён 750 тысяч рублёў экс-кандыдата ў дэпутаты аблсавету, актывіста Партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя Кастуся Жукоўскага — за абразу міліцыянта на выбарчым участку. Паводле актывіста БХД Яўгена Якавенкі, які прысутнічаў на судзе, суддзя з самага пачатку перадузята ставіўся да падсуднага.

 “Спачатку суддзя адмовіў у хадайніцтве весці справу па-беларуску, пры тым, што была выклікана перакладчыца. Неаднаразова прыпыняў Жукоўскага, калі той спрабаваў растлумачыць сваю пазіцыю. Але самае абуральнае тое, што дзеля падрыхтоўкі прысуду Юры Валышыненка нават не выйшаў з залі: дастаў загадзя надрукаваны дакумент з папераў на сваім стале”, - распавёў прэсавай службе БХД Яўген Якавенка.

Інцыдэнт адбыўся амаль месяц таму падчас датэрміновага галасавання ў Студэнцкай выбарчай акрузе. Спадар Жукоўскі як кандыдат у дэпутаты прыйшоў на выбарчы ўчастак і папрасіў пратакол датэрміновага галасавання. Сакратарка камісіі Святлана Смыкоўская адмаўлялася гэта зрабіць. І толькі калі Кастусь патэлефанаваў у Цэнтравыбаркам, сакратарка ўзяла чысты бланк і на вачах кандыдата стала ўпісваць у пратакол нейкія лічбы.

Паколькі міліцыянер Уладзімер Басалкін ніяк не рэагаваў на заяву кандыдата пра парушэнне, Жукоўскі праз тэлефон «102» стаў выклікаць нарад міліцыі. Тэлефанаваў разы чатыры. І вось тады капітан адрэагаваў: стаў «тыкаць» Кастусю, хапаць за рукі й пагражаць, што складзе пратакол «за ілжывы выклік міліцыі». У такой сітуацыі кандыдат і адпусціў на адрас капітана слова, на якое той пакрыўдзіўся. Апрача таго, кандыдат падаў заяву на Басалкіна, каб таго прыцягнулі да адказнасці.

Аднак да адказнасці прыцягнулі самога Жукоўскага — за «абразу службовай асобы пры выкананьні ёй службовых паўнамоцтваў».

Кастусь Жукоўскі так паставіўся да выраку суду:

 «Пакаралі за тое, што я назваў рэчы сваімі імёнамі. Басалкін Уладзімер, капітан, палічыў, што я яго моцна абразіў, назваўшы „чучалам“. У той момант, калі здарылася вялікае парушэнне выбарчага заканадаўства, ён не прыняў ніякіх мераў. І калі ў яго функцыя — толькі палохаць мяне, то ён і ёсьць „чучала“.Менавіта як чалавека я яго не абражаў. Ён выконваў функцыю прадстаўніка ўнутраных органаў, і я назваў рэчы сваімі імёнамі».

Кастусь Жукоўскі зачытваў суду вытрымку са слоўніка Ожэгава, дзе ўтрымліваецца слова “чучала”. Такім чынам актывіст спрабаваў даказаць, што гэта слова не мацернае, не абразлівае.

Пацвердзіла гэта і перакладчыца, якая ў якасці эксперта растлумачыла, што слова “чучала” мае пераноснае значэнне: так могуць называюць таго, хто запалохвае, а таксама неахайна апранутага чалавека.

 Між тым суддзя Валашыненка пакараў экс-кандыдата ў дэпутаты максімальна магчымым штрафам — 50 базавых велічыняў. Пры гэтым адхілены былі ўсе хадайніцтвы Жукоўскага, у тым ліку наконт таго, каб весьці разбор на беларускай мове і каб атрымаць зь міліцыі даведку пра тое, колькі разоў ён як кандыдат выклікаў ахоўнікаў правапарадку дзеля фіксацыі факту парушэньня выбарчага заканадаўства.

 Кастусь Жукоўскі на сёння беспрацоўны. Актывіст выказаў недавер суду і мае намер абскардзіць прысуд на падставе таго, што суддзя парушыў закон аб мовах і Канстытуцыю РБ.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства