ГА «БАЖ» патрабуе спыніць гвалт над свабодай слова

2010 2010-05-21T10:08:35+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» абураная грубым наступам на свабоду слова ў Беларусі, чарговая хваля якога пачалася 18 траўня з «рэйду» міліцыі і спецслужб па офісах і кватэрах грамадскіх актывістаў.

Як стала вядома 20 траўня каля 16.00, сябра Праўлення нашай арганізацыі, галоўны рэдактар газеты «Товарищ» Сяргей Вазняк застаецца пад вартай. Пра гэта паведаміла адвакат журналіста, якая прысутнічала сёння на яго чарговым допыце ў Ленінскім РУУС. Па яе словах, абвінавачання Вазняку не прад’яўлялася, але ён па-ранейшаму з’яўляецца падазраваным па крымінальнай справе, заведзенай паводле арт. 250 ч.1 аб «распаўсюдзе заведама ілжывай інфармацыі». Разам з Сяргеем Вазняком пад вартай знаходзяцца яшчэ двое актывістаў — Уладзімір Някляеў і Андрэй Дзмітрыеў.

Сярод тых, хто падпаў пад ператрусы, затрыманні і допыты, акрамя Вазняка, аказаліся яшчэ некалькі сябраў ГА «БАЖ»: Юрый Алейнік, Юрый Варонежцаў, Ларыса Насановіч, Аляксандр Уліцёнак, Аляксандр Фядута.

Журналісцкая арганізацыя разглядае апошнія падзеі ў кантэксце ранейшых, аналагічных. У першую чаргу ўзгадваецца масавая «зачыстка» ў кватэрах і офісах журналістаў па ўсёй краіне вясной 2008 года нібыта на падставе расследавання крымінальнай справы аб паклёпе на кіраўніка дзяржавы, а таксама сёлетнія ператрусы і допыты журналістаў на падставе расследавання крымінальнай справы аб паклёпе на высокую службовую асобу з КДБ. 19 траўня па гэтай справе ў чарговы раз выклікалі ў міліцыю журналістак Наталлю Радзіну, Святлану Калінкіну і Марыну Коктыш, якім вось ужо некалькі месяцаў не аддаюць забраных у іх камп’ютэраў.

На думку ГА «БАЖ», фармальныя падставы для гэткіх дзеянняў — усяго толькі прыкрыццё для расправы з іншадумствам. Зацікаўленні следчых, як правіла, выходзяць за межы згаданых крымінальных спраў. Якія, да таго ж, вельмі хутка адыходзяць на другі план пасля гвалтоўнага атрымання доступу да гэткай «неабходнай» для следства інфармацыі.

Журналісцкая арганізацыя ўпэўненая, што галоўная мэта гэтых «рэйдаў» больш глабальная — перашкодзіць свабоднаму абарачэнню інфармацыі ў беларускім грамадстве.

ГА «БАЖ» патрабуе тэрміновага вызвалення затрыманых, вяртання забранай у іх маёмасці і забеспячэння дзяржавай канстытуцыйнага права кожнага на свабоду выказвання і свабоду думкі.

Заклікаем беларускае грамадства і міжнародную супольнасць выказаць пратэст супраць гвалту над свабодай слова ў Беларусі.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international