МАГІЛЁЎСКІ МАРАФОН: ВЫБАРЫ, КАНДЫДАТЫ, ПАРУШЭННІ

2010 2010-05-07T15:04:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Выбары ў мясцовыя Саветы пачаліся амаль за дзевяць месцяцаў да сканчэння паўнамоцтваў папярэдняга Савета дэпутатаў, які быў абраны 14 студзеня 2007 года. Гэтым разам выбары мусілі адбыцца 25 красавіка 2010 года. Калі падыйсці да пытання тэрмінаў правядзення выбараў, то ў дадзеным выпадку ўсё лагічна – тэрмін паўнамоцтваў мясцовых Саветаў быў скарочаны з-за таго, што па тэрмінах адбывалася накладка з прэзідэнцкімі выбарамі і каб іх развесці неабходна было прадпрымаць нейкія дзеянні.

Падрыхтоўчы этап

Да дня абвяшчэння выбараў Цэнтральная выбарчая камісія ініцыявала некаторыя змяненні ў выбарчым заканадаўстве. Усяго было зроблена больш за 100 паправак. Усе гэтыя змяненні былі зацверджаны Палатай Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь. Сярод навізны выбарчага заканадаўства была адмена парога яўкі выбаршчыкаў. Дастаткова было каб на выбарчы ўчастак прыйшоў хаця бы адзін выбаршчык, каб прызнаць факт такго, што выбары адбыліся. Гэта і не дзіўна, бо вопыт папярэдніх кампаній паказаў, што яўка выбаршчыкаў на выбары вельмі нізкая. Пра гэта сцвярджалі і магілёўскія праваабаронцы, які адзначалі, што на выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў ходзіць не больш 30-40% выбаршчыкаў, а неабходныя лічбы падцягваюцца ўчастковымі камісіямі. Акрамя гэтага адпала неабходнасць завяраць подпісы ў кіраўнікоў адміністрацый раёнаў. Гэтае змяненне дазволіла адразу перадаваць подпісы ў акруговыя выбарчыя камісіі. У фарміраванні выбарчых камісій таксама былі ўнесены змены. Па новаму ў іх склад павінна было ўваходзіць адна трэць прадстаўнікоў палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў, а дзяржчыноўнікі не маглі займаць больш адной трэці складу камісій. Выканкамы пасля зменаў закнадаўства не атрымалі права ўключаць сваіх прадстаўкнікоў у выбарчыя камісіі. Суб’екты, якія вылучылі сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі надзяляліся правам прысутнічаць на пасяджэннях мясцовых выканаўчых камітэтаў і прадстаўнічых органаў пры вырашэнні імі пытанняў стварэння выбаркамаў. Рашэнні такіх пасяджэнняў можна было аспрэчыць у судзе. Спрасціўся парадак вылучэння кандыдатаў, у тым ліку ад палітычных партый. Палітычная партыя магла вылучыць кандыдата па любой выбарчай акрузе, незалежна ад існавання на яго тэрыторыі партыйных структур. Была таксама зменшана колькасць падстаў для прызнання подпісаў несапраўднымі. Спрасціўся парадак правядзення перадвыбарных сустрэч з выбаршчыкамі ў выглядзе масавых збораў, пікетаў. Кандыдаты атрымалі права праводзіць масавыя мерапрыемствы па перадвыбарнай агітацыі ў паведамляльным парадку ў спецыяльна адведзеных для гэтага месцах, а таксама магчымасць ажыццяўляць сумесную агітацыю. Пры датэрміновым галасаванні па выніках кожнага дня галасавання павінен складацца пратакол аб колькасці грамадзян, якія атрымалі выбарчыя бюлетэні. 

Трэба адзначыць, што ўнясенне паправак у выбарчае заканадаўства было адным з найважнейшых умоў нармалізацыі адносін паміж Беларуссю і ЕС.

Фарміравання тэрытарыяльных выбарчых камісій

Магілёўская вертыкаль пракалолася яшчэ да пачатку правядзення выбараў. Справа ў тым, што інфармацыя аб утварэнні Магілёўскай абласной выбарчай камісіі была размешчана амаль за месяц да абвяшчэння даты выбараў на афіцыйным сайце аблвыканкама. З гэтай нагоды праваабаронцы пісалі скаргі і атрымалі адказ аб тым, што падчас размяшчэння інфармацыіі на сайце ўзнікла тэхнічная памылка, а ўтварэнне Магілёўскай абласной выбарчай камісіі адбылося паводле плана 27 студзеня 2010 года. У іншым адказе абласная выбарчая камісія вінаваціла ва ўсім хакераў, якія нанеслі збой працы сайта.

З гэтай нагоды праваабаронца Барыс Бухель адзначыў, што пра тэхнічную памылку размова не можа ісці, а з’яўляецца ўсё гэта ні чым іншым як звычайнай фальсіфікацыяй, нахабнай бессаромнай хлуснёй і пра якую тэхнічную памылку можна казаць, калі звесткі былі надрукаваны на афіцыйным сайце за месяц, а ў прыватнай размове адзін з членаў гэтай камісіі пацвердзіў факт яе ўтварэння ў снежні 2009 года?

Як і чакалася ў склад абласной выбарчай камісіі ніхто з прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў не патрапіў.

З 25 пададзеных заяваў на ўваходжанне ў склад камісіі 13 было задаволена. Ад грамадскіх арганізацый і палітычных партый у склад камісіі увайшло пяць чалавек (па аднаму ад БРСМ, прафсаюза дзяржаўных устаноў, ЛДП, КПБ і РГА “Белая Русь”). Астатнія былі вылучаны шляхам збору подпісаў і ад працоўных калектываў.

Прафесару Валеры Беразіенка, які вылучаўся ад Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» са словаў начальніка ўправы арганізацыйна-кадравай працы Аляксандара Сілаева, было адмоўлена з-за ўзросту – яму 71 год.

Кандыдату эканамічных навук Пятру Мігурскаму было адмоўлена з-за яго дэмарша ў мінулы раз, калі ён быў вылучаны ў склад акруговай камісіі падчас выбараў у Палату Прадстаўнікоў.

Пятром Мігурскім былі выяўлены факты фальсіфікацыі выніковых пратаколаў у дзвух участковых камісіях Шклоўскага раёну і ў знак пратэста ён выйшаў са складу тамтэйшай акруговай камісіі і паведаміў пра выяўленыя факты сродкам масавай інфармацыі.

Прадстаўніка ад АГП Уладзімера Парфёнава чыноўнікі не ўключылі, бо ён беспрацоўны і даглядае дзіця-інваліда.

У склад тэрытарыяльных выбарчых камісій увайшлі правераныя кадры. Напрыклад з 13 членаў Магілёўскай гарадской выбарчай камісіі шасцёра уваходзілі ў яе склад на мінулых выбарах  у мясцовыя Саветы дэпутатаў.

Стварэнне ініцыятыўных груп, збор подпісаў і рэгістрацыя ў якасці кандыдатаў у дэпутаты

У Магілёўскай вобласці прадстаўнікі дэмакратычных сілаў вылучылі 83 чалавекі. Ад аргкамітэта партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя - 31, БНФ - 16 , АГП - 7, БСДП - 6, аргкамітэта партыі “Надзея”-1,  Беларускай партыяй левых “Справядлівы свет” - 6, аргкамітэта ПСП-8, аргкамітэта БСДП (НГ) - 2 , прафсаюза РЭП - 9, Свабоднага прафсаюза Беларускага – 5”.

Падчас гэтага этапу выбарчай кампаніі некаторыя члены ініцыятыўных груп падвергліся ціску. Пра гэта заявіў каардынатар па выбарчай кампаніі Магілёўскай абласной кааліцыі дэмакратычных сілаў Юрый Новікаў. 

Спадар Новікаў адзначаў, што выпадкаў таго, каб былі адмовы ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп няма, але мела месца чатыры выпадкі ціску на кандыдатаў у кандыдаты ў дэпутаты.

Так у Кіраўску кандыдата ў кандыдаты ў дэпутаты прадпрымальніка Вячаслаў Шэлега выклікалі ў райвыканкам і прыгразілі ягонаму бізнасу ў тым выпадку, калі ён не адмовіцца ад ініцыятывы балатавацца ў дэпутаты, а членаў ягонай ініцыятыўнай групы прывязлі ў райвыканкам і прымусілі пад дыктоўку пісаць заяву аб выхадзе з ягонай ініцыятыўнай групе. У выніку дзве жанчыны выйшлі з яе, бо спужаліся згубіць свае месцы працы – адна з іх працуе медсястрой, другая санітаркай у мясцовым фельдшарска-акушэрскім пункце.

Алесю Анісімаву з Магілёва з арганізацыі БНФ патэлефанавалі і папярэдзілі, што калі той не адмовіцца ад сваёй ініцыятывы балатавацца ў дэпутаты – яго забяруць у войска. Хлопец не звярнуў на гэта ўвагі і працягнуў ўдзел у выбарчай кампаніі.

Магілёвец Андрэй Марозаў працуе на РУП “Хімвалакно” і збіраўся спачатку ісці сам кандыдатам у дэпутаты, але яго разам з начальнікам запрасілі ў прафкам і сказалі што па той акрузе дзе ён збіраецца балатавацца будзе ісці кіраўнік Кастрычніцкага раёна г.Магілёва Яўген Лебедзеў, таму яму неабходна зняцца каб не было праблем з працай і ён зняўся. Калі ж даведаліся што ён і ў ініцыятыўнай групе сацыял-дэмакрата Аляксандра Ірхо на яго зноў націснулі і ён падпарадкаваўся.

На загадчыцу клуба з вёскі Сяргеевічы Наталлю Гарыст націснула яе начальства, паставіўшы ёй выбар – балатавацца ў дэпутаты, альбо застацца без працы, пасля чаго жанчына адмовілася ад удзелу ў выбарчай кампаніі.

Падчас праверкі подпісаў быў выяўлены выпадак, калі за кандыдата ў дэпутаты Аляксея Паўлоўскага членвы выбарчай камісіі прасілі адклікаць подпісы некаторых выбаршчыкаў, але тыя не пагадзіліся.

У выніку этап рэгістрацыі прайшло па Магілёву 27 дэмакратаў, па вобласці - 37. Усяго ў горадзе вылучалася 108 чалавек на 40 дэпутацкіх месцаў і гэта быў самы высокі конкурс па ўсёй краіне.

Агітацыя

Для агітацыі ў Магілёве першапачаткова было вызначана адно месца і то з недакладнасцю. У газеце “Веснік Магілёва”, на сайце гарвыканкама і ў адказах на лісты пазначалася пляцоўка для правядзенння масавых мерапрыемстваў па-за межамі памяшканняў па адрасе Чалюскінцаў 64. Гэта звычайны чатырохпавярховы дом да тарца якога прымыкае гарадскі цэнтр рытуальных паслуг. А будынак па адрасе Чалюскінцаў 64А – гэта будынак былога палаца культуры завода штучнага валакна імя Куйбышава, які знаходзіцца ў аварыйным стане, але менавіта там і праходзяць усе масавыя мерапрыемствы ў горадзе. Пасля доўгай перапіскі праваабаронцаў з гарадской выбарчай камісііяй былі ўнесены змены і замест аднаго месца для правядзеня масавых мерапрыемстваў было зроблена тры. Да пляцоўкі па адрасе Чалюскінцаў 64 А дадаліся пляцоўкі каля палаца культуры чыгуначнікаў па вул. Першамайская 117 і палац культуры аўтазавода імя Кірава, па вул. Аўтазаводскай 1. Але ніхто з кандыдатаў у дэпутаты не скарыстаўся гэтымі месцамі.

Навогул, правесці пікет і зрабіць раздачу ўлётак адважыліся нешматлікія кандыдаты. Сярод іх трэба адзначыць двух кандыдатаў ад аргкамітэта партыі Свабоды і прагрэса Юрыя Стукалава і Анатоля Аношкіна.

Месцы для правядзення сустрэч у памяшканнях з кандыдатамі ў дэпутаты не адпавядалі патрабаванням выбарчай кампаніі. Не было такога, каб на кожнай выбарчай акрузе было месца для сустрэчы з выбаршчыкамі. Каб правесці сустрэчу з выбаршчыкамі трэба было ехаць у памяшканне ў іншы канец горада і запрашаць у яго выбаршчыкаў. На гэты крок таксама ніхто не адважыўся. Тым не менш праўладныя кандыдаты ў дэпутаты не грэбалі выкарыстоўваць адміністрацыйны рэсурс і праводзілі сустрэчы з працоўнымі калектывамі ў працоўны час. Калі ж кандыдат у дэпутаты Аляксей Паўлоўскі папрасіў праз заяву сваю акруговую выбарчую камісію, каб і яго запрашалі на такія мерапрыемствы, каб ён мог выступіць перад сваімі выбаршчыкамі пасля праўладнага кандыдата, то яму было адмоўлена  і сказана, што яго апанент спадар Малашка праводзіць сустрэчы па адмысловаму плану.

Выдадзеных сродкаў кандыдатам у дэпутаты не хапала. Калі зыходзіць з прапорцыі адзін выбаршчык=адна ўлётка, то па такой схеме хапала ўлётак толькі 30-40% выбаршчыкаў. Калі рабіць разлік на раскідванне іх па паштовых скрынках з улікам таго, што у кватэры пражывае 2-3 чалавекі, то не хапала сродкаў на прадвыбарчыя плакаты і агітматэрыял для правядзення пікетаў.

Акрамя гэтага праўладныя кандыдаты ў дэпутаты не прамінулі выкарыстоўваць адміністрацыйны рэсурс. Яны выступалі як галоўныя героі ў разнастайных інтэрвію ў газеце “Веснік Магілёва”, але дэлікатна абыходзілі пытанне выбараў. Дастаткова прыгадаць спадароў Міхеенку, Дзенгалёва і іншых.

Агітацыйныя матэрыялы дэмакратычных кандыдатаў не ўсюду дазвалялі вывешваць. Напрыклад, усе плакаты кандыдата ад БНФ Антона Цыдзіка на яго выбарчым участку былі пазрываны па загаду майстра ЖЭУ.

Праўладныя кандыдаты не праміналі пры распаўсюдзе выкарыстоўваць адміністрацыйны рэсурс. Адзін з такіх наватараў дырэктар аўтобуснага парка №1 Віктар Лазарэнка падключыў да распаўсюду сваіх улётак “Пошту”.

Выбары

Датэрміновае галасаванне ў інтэрнатах зноўку праходзіла пад прымусам. Былі зафіксаваны выпадкі прымусовага загону на выбарчыя ўчасткі ў інтэрнатах РУП “Хімвалакно”.

На некаторых участках пратаколы з вынікамі датэрміновага галасавання не вывешваліся, альбо вывешваліся ў малалюдных месцах.

Каардынатар па выбарчай кампаніі Магілёўскай абласной кааліцыі дэмакратычных сілаў адзначае, што афіцыйная яўка не адпавядае рэальнай, бо на некаторых участках у дзень галасавання прадстаўнікі дэмакратычных сіл вялі незалежны падлік выбаршчыкаў, якія прыйшлі на выбарчыя ўчасткі.

Так у дзень галасавання на выбарчым участку №113 прыйшло галасаваць 335, а па пратаколу выбарчай камісіі – 1101, №114 – 310 чалаваек, па пратаколу – 856, №115 – 248 чалавек, па пратаколу - 658.

Гэтыя дадзеныя спраўджвае дырэктар Магілёўскага праваабарончага цэнтра Ўладзімір Краўчанка, дзе сябры яго арганізацыі на трох выбарчых участках вялі незалежны падлік галасоў.

Паводле яго дадзеных на выбарчым участку №24 з улікам датэрміновага галасавання пры колькасці выбаршчыкаў 2923 чалавекі ў галасаванні прыняла ўдзел 523 чалавекі, альбо 18%; участак №25 пры колькасці выбаршчыкаў 2081 чалавек прагаласавала 442, альбо 21%; участак №27 пры колькасці выбаршчыкаў 23631 чалавек прагаласавала 425, альбо 16%.

Усе гэтыя дадзеныя сведчаць пра тое, што яўка ў Магілёве завышана ўсярэднім ў тры разы.

Юры Новікаў адзначае, што падлік галасоў выбаршчыкаў адбываўся без агучвання вынікаў, гэтаксама як і не падлічваліся подпісы тых, хто прагаласаваў у дзень выбараў. Лічбы з вынікамі з розных вурн для датэрміновага галасавання, галасавання на даму і галасавання ў дзень выбараў не агучваліся. Пасля падліку не было пасяджэння камісіі дзе бы разглядаліся скаргі, якія паступілі ад назіральнікаў. Пратаколы з вынікамі галасавання вывешваліся, але не падпісваліся членамі камісіі.

Праваабаронца Барыс Бухель адзначыў, што перад тым як адвожаць пратаколы ў акруговую выбарчую камісію члены ўчастовых выбарчых камісіій завожалі іх у адміністрацыі раёнаў горада.

Трэба адмыслова прыпыніцца на выпадку, калі кандыдатка ў дэпутаты Марыя Кульманава паймала за руку члена выбарчай камісіі, якой пры ёй далі два бюлетэні на рукі і папрасілі ўкінуць у вурна для галасавання. Жанчына перахапіла іх і ўбачыла, што за кандыдатаў у гарсавет і аблсавет стаяць птушкі. Жанчына ўчыніла скандал, напісала скаргі ў акруговую выбарчую камісію, Магілёўскую абласную выбарчую камісію і Пракуратуру, але старшыня выбарчай камісіі пад выглядам паглядзець махлярскім чынам забраў у жанчыны гэтыя бюлетэні.

У момант падліку галасоў выбаршчыкаў з участка для галасавання быў выдалены праваабаронца Аляксей Колчын. Падставай для выдалення стала нежаданне праваабаронцы знаходзіцца на месцы, з якога ён не бачыў, як адбываецца падлік галасоў. Старшыня камісіі аддаў загад супрацоўніку міліцыі выправадзіць яго за межы памяшкання.

Аб тым, што галасы ў часе выбарчай кампаніі не лічыліся сведчыць яшчэ адзін з фактаў. Мужчына, заўважыўшы махінацыі членаў выбарчай камісіі паведаміў пра гэта назіральніку і акрамя гэтага перадаў яму свой невыкарыстаны бюлетэнь для галасавання. Калі ж адбываўся “падлік” галасоў выбршчыкаў, то ніхто з членаў камісіі не заўважыў недахоп аднаго бюлетэня.

Аўтар гэтага артыкула ўгадаў 32 чалавекі, якія стануць дэпутатамі гарсавета са 108 па 40 выбарчых акругах. Пакуль з такой верагоднасцю можна прадказваць вынікі выбараў сэнс іх губляецца.

Вынікі

У Магілёве дэмакраты не атрымалі ніводнага дэпутацкага мандата.

Вітольд НЯЎРЫДА 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international