viasna on patreon

Алесь Бяляцкі: Наш альтэрнатыўны даклад паўплываў на рэкамендацыі, вынесеныя беларускім уладам

2010 2010-05-13T14:22:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/a_bialiatski8.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Старшыня Праваабарончага Цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі

Старшыня Праваабарончага Цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі

Старшыня ПЦ “Вясна”, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай Федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі пракаментаваў абмеркаванне справаздачы беларускага ўраду ў межах працэдуры Універсальнага перыядычнага агляду ў Савеце па правах чалавека ААН. 12 траўня ў Жэневе праваабаронца прысутнічаў на абмеркаванні ў ліку прадстаўнікоў беларускіх няўрадавых арганізацыяў, якія падрыхтавалі альтэрнатыўны даклад пра выкананне Рэспублікай Беларусь яе міжнародных абавязацельстваў у галіне правоў чалавека.

Альтэрнатыўны дакумент – “Матэрыялы беларускіх НДА, падрыхтаваныя для Універсальнага перыядычнага агляду па Беларусі ў Савеце па правах чалавека ААН” – група беларускіх НДА падрыхтавала ў жніўні-кастрычніку 2009 года для перадачы ў офіс Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека. У Матэрыялах беларускія праваабаронцы выклалі 47 рэкамендацыяў па паляпшэнні становішча з правамі чалавека ў Беларусі.

Алесь Бяляцкі адзначыў, што рэкамендацыі беларускаму ўраду, якія сыходзілі ад нацыянальных дэлегацыяў, выразна перагукаюцца з рэкамендацыямі аўтараў альтэрнатыўнага дакладу.

- Падчас абмеркавання справаздачы Беларусі рэкамендацыі выступоўцаў былі, з аднаго боку, разнастайныя, а з іншага – часта паўтараліся адны і тыя ж дэталі. У першую чаргу гэта датычыцца пазіцыі краінаў Еўразвязу, Канада таксама паспела выступіць. Фактычна ўсе прадстаўнікі дэмакратычных краінаў выказвалі заклапочанасць наяўнасцю смяротнага пакарання і вынясеннем двух апошніх прысудаў. А Швейцарыя нават рэкамендавала выдаць сваякам целы расстраляных Жука і Юзэпчука. Таксама прасілі неадкладна ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне з тым, каб у далейшым адмяніць яго канчаткова, - распавядае праваабаронца.

Таксама А.Бяляцкі назваў іншыя праблемы, па якіх выказвалі прэтэнзіі да Беларусі прадстаўнікі міжнароднай грамадскасці.

Амаль усе выступоўцы адзначылі складанае становішча СМІ ў Беларусі, рэкамендавалі спрасціць сістэму іх рэгістрацыі і аблегчыць умовы працы, а таксама спыніць пераслед журналістаў.

Рэкамендавалася адмяніць артыкул 193.1 Крымінальнага кодэкса і ў дадзеным рэчышчы аблегчыць умовы працы праваабаронцаў.

Не засталася па-за ўвагай і праблема неабходнасці далейшай выбарчай рэформы. Нават дэлегацыя з Турцыі ўказала на тое, што да іх дайшлі звесткі пра парушэнне выбарчага заканадаўства Рэспублікі Беларусь падчас адбыўшыхся выбараў у мясцовыя саветы. Турцыя рэкамендавала працягваць рэформу выбарчага заканадаўства.

Абмяркоўвалася і праблема палітычных знікненняў. У прыватнасці, дэлегацыі Францыі, Нідэрландаў казалі пра неабходнасць даследвання сітуацыі са зніклымі ў Беларусі.

Выказвалася меркаванне наконт таго, што Беларусь мусіць падпісаць адпаведны факультатыўны пратакол супраць катаванняў, паколькі ў краіне зафіксаваныя факты катаванняў падчас затрыманняў і знаходжання людзей у турмах і следчых ізалятарах.

Французская дэлегацыя акцэнтавала ўвагу на наяўнасці палітзняволеных у Беларусі і заклікала спыніць гэту практыку.

Шмат прэтэнзіяў да беларускіх уладаў было, у прыватнасці ад прадстаўнікоў Чэхіі, Польшчы, па праблеме свабоды сходаў.

На афіцыйным узроўні краіну прадстаўляў Мікалай Хвастоў – пастаянны прадстаўнік Беларусі ў ААН ды іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе.

У сп. Хвастова падчас абмеркавання была магчымасць адказаць на пытанні.

- У сваіх адказах ён спыніўся на праблемах смяротнага пакарання, мірных дэманстрацыяў, катаванняў, свабоды асацыяцыяў і свабоды СМІ. І тут ён ці ўхіляўся ад прамых пытанняў, пастаўленых нацыянальнымі дэлегацыямі, ці гаварыў няпраўду, - адзначае Алесь Бяляцкі. – У прыватнасці, гэта датычылася пытання свабоды асацыяцыяў, дзе ён казаў, што ніякіх праблемаў няма і ўсе аб’яднанні могуць рэгістравацца. Таксама Хвастоў сказаў, што няма ніякіх праблемаў і са свабодай СМІ. А далей цытую: “па ступені свабоды ў Інтэрнеце Беларусь знаходзіцца ў лідэрах сусветнай супольнасці” – асабліва гэта смешна чуць у кантэксце новага заканадаўства па ўрэгуляванні Інтэрнета, якое яны хацелі прыняць.

Датычна смяротнага пакарання, са словаў праваабаронцы, М.Хвастоў нічога канкрэтнага не сказаў, спаслаўшыся толькі на вынікі рэферэндума і адзначыўшы, што Беларусь у гэтым пытанні ідзе на супрацоўніцтва.

Тое, што Беларусь прадстаўляў М.Хвастоў, паводле меркаванняў экспертаў, сведчыць пра прыніжэнне статуса. Звычайна краіну на такім узроўні прадстаўляе намеснік міністра замежных справаў. Магчыма, гэты факт з’яўляецца дэманстрацыяй таго, наколькі для Беларусі важная працэдура Універсальнага перыядычнага агляду.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства