Беларускія НДА абмеркавалі з міжнароднай грамадскасцю сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі

2010 2010-05-13T09:35:23+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/aah.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Прадстаўнікі няўрадавых аб’яднанняў Беларусі правялі 12 траўня ў Жэневе некалькі мерапрыемстваў з нагоды справаздачы беларускага ўраду у межах працэдуры Універсальнага перыядычнага агляду ў Савеце па правах чалавека ААН.

Прадстаўнікі Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі і Валянцін Стэфановіч і прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага Камітэта Гары Паганяйла арганізавалі брыфінг, прысвечаны сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Праваабаронцы распавялі замежным журналістам пра праблемы, апісаныя ў “Матэрыялах беларускіх НДА, падрыхтаваных для Універсальнага перыядычнага агляду па Беларусі ў Савеце па правах чалавека ААН”. Гэтую падборку матэрыялаў пра выкананне Рэспублікай Беларусь яе міжнародных абавязацельстваў у галіне правоў чалавека рыхтавалі эксперты такіх няўрадавых арганізацыяў, як ПЦ “Вясна”, Беларускі Хельсінкскі Камітэт, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Асамблея дэмакратычных няўрадавых арганізацыяў. Раней Матэрыялы былі перададзеныя ў офіс Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека.

Падчас брыфінгу праваабаронцы таксама распаўсюдзілі сумесную заяву БХК і “Вясны” па справе Аўтуховіча ад 6 траўня 2010 г.

Другое мерапрыемства, арганізаванае Асамблеяй НДА сумесна з міжнароднай сеткай грамадзянскіх арганізацыяў CIVICUS і Міжнароднай Федэрацыяй правоў чалавека (FIDH), было прысвечанае выключна пытанню свабоды асацыяцыяў у Беларусі. А менавіта – наяўнасці крымінальнай адказнасці паводле артыкула 193.1. У абмеркаванні праблемы з беларускага боку бралі ўдзел Юры Чавусаў (Асамблея НДА), Вольга Смалянка (Фонд прававых тэхналогій), Эніра Браніцкая (Камітэт абароны рэпрэсаваных “Салідарнасць”), Алесь Бяляцкі і Валянцін Стэфановіч (ПЦ “Вясна”). Сярод прысутных былі прадстаўнікі розных структураў – ад МЗС краінаў-сябраў Савету па правах чалавека ААН да няўрадавых арганізацыяў, зацікаўленых праблемай правоў чалавека ў Беларусі.

На пачатку сустрэчы Алесь Бяляцкі акрэсліў агульную сітуацыю са свабодай асацыяцыяў у Беларусі. Валянцін Стэфановіч прааналізаваў практыку выкарыстання артыкула 193.1 і колькасць прыцягнутых да крымінальнай адказнасці. Эніра Браніцкая распавяла пра ўласны досвед: у 2006 годзе за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі “Партнёрства” яна правяла за кратамі 6 месяцаў. Вольга Смалянка раскрыла юрыдычны змест артыкула, а Юры Чавусаў распавёў пра кампанію “Стоп 193.1!” у Беларусі.

Праваабаронцы адзначылі зацікаўленасць міжнароднай грамадскасці не толькі вынесенай на абмеркаванне праблемай - кола пытанняў было больш шырокае.

- У нас запытваліся, што мы чакаем ад Універсальнага перыядычнага агляду. Я адказаў, што тое, што Беларусь слухаецца на такім высокім узроўні – у Савеце па правах чалавека ААН – ужо само па сабе для нас важна. Асабліва на фоне таго, што беларускія ўлады апошнім часам не прадастаўлялі (двойчы!) справаздачы пра выкананне Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, прапусцілі некалькі тэрмінаў прадастаўлення справаздачы ў Камітэт па катаваннях, не выконваюць рашэнні Камітэта па правах чалавека па індывідуальных зваротах, - распавядае Валянцін Стэфановіч. – Таксама я адзначыў, што для нас важна тое, якія рэкамендацыі для Беларусі будуць вынесеныя і якія з іх Беларусь прыме, бо ўрад мае права адхіляць рэкамендацыі. Але, тым не менш, мы сказалі, што адкрытыя для абмеркавання з урадам узнятых праблемаў і спадзяемся на нейкія крокі з афіцыйнага боку.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international