ЗАЯВА ПРАВААБАРОНЦАЎ ПА СПРАВЕ АЎТУХОВІЧА

2010 2010-05-06T21:04:08+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/autuhovich.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Мікалай Аўтуховіч

Мікалай Аўтуховіч

6 траўня 2010 г. Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь вынес прысуд па крымінальнай справе Мікалая Аўтуховіча, Уладзіміра Асіпенкі, Міхаіла Казлова і Аляксандра Ларына.

Мікалай Аўтуховіч абвінавачваўся ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 18, ч. 3 арт. 218 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (далей – КК) (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці), ч. 4 арт. 295 КК (незаконныя дзеянні ў адносінах да вогнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў), арт. 13 і арт. 359 КК (падрыхтоўка тэрарыстычнага акта);

Уладзімір Асіпенка,  Аляксандр Ларын – па ч. 3 арт. 16 і ч. 2 арт. 218 КК, ч. 3, 4 арт. 295 КК, арт. 13 і арт. 359 КК;

Міхаіл Казлоў – па ч. 2 арт. 425 КК (бяздзеянні службовай асобы).

Абвінавачаныя правялі пад вартай пряцяглы час (больш за адзін год).

Пасля судовага разбіральніцтва суд апраўдаў Мікалая Аўтуховіча, Уладзіміра Асіпенку, Аляксандра Ларына па наўмысным знішчэнні альбо пашкоджанні маёмасці і па падрыхтоўцы тэрарыстычнага акта.

Прысудам Мікалай Аўтоховіч, Уладзімір Асіпенка, Аляксандр Ларын асуджаны па ч. 3 арт. 295 КК (незаконныя дзеянні ў адносінах да вогнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў), а Міхаіл Казлоў – па арт. 425 КК (бяздзеянні службовай асобы) адпаведна да 5, 3, 3 і 2 гадоў пазбаўлення волі.

З моманту ўзбуджэння крымінальнай справы, якая атрымала вялікі грамадскі рэзананс у краіне, расследаванне з самага пачатку насіла закрыты для грамадскасці характар. Адвакатам абвінавачаных пад пагрозай крымінальнай адказнасці забаранялася агалошваць любую інфармацыю аб ходзе расследвання крымінальнай справы.

Судовы працэс у Вярхоўным Судзе Рэспублікі Беларусь адбываўся ў адкрытым рэжыме, што дазволіла прадстаўнікам беларускай і міжнароднай грамадскасці, СМІ, праваабарончых арганізацыяў сачыць за яго ходам. Па выніках назірання за разглядам справы ў судзе Праваабарончы цэнтр “Вясна” і РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” прыйшлі да наступных высноваў.

У ходзе папярэдняга следства былі дапушчаныя сур’ёзныя парушэнні працэсуальных гарантый, у тым ліку, права на абарону. Так, абвінавачаны па справе А.Ларын фактычна быў пазбаўлены права на абарону на этапе папярэдняга следства. У выніку допытаў і іншых працэсуальных дзеянняў, якія праходзілі без удзелу адваката, ён даў паказанні, якія пазней былі выкарыстаныя супраць яго самога, а таксама супраць іншых абвінавачаных: М.Аўтуховіча, Ул.Асіпенкі, М.Казлова.

Следства відавочна выкарыстоўвала для ціску на сведак такія метады, як узяццё іх пад варту ў якасці падазраваных асобаў. Пасля атрымання неабходных для следства паказанняў затрыманыя вызваляліся, пераводзіліся ў статус сведак, а крымінальны пераслед у дачыненні да іх спыняўся. Па справе было арыштавана, такім чынам, больш за 10 чалавек. Як правіла, яны дапытваліся ў адсутнасці абаронцаў.

Сведка Лявонаў правёў за кратамі 6 месяцаў.

Дадзеныя факты можна расцэньваць як злоўжыванні следства і адвольныя затрыманні.

Большасць апытаных па справе сведак у судовым паседжанні заявілі аб псіхалагічным і фізічным ціску, які аказваўся на іх з боку следства. Значная частка сведак абвергла дадзеныя імі раней падчас следства паказанні абвінаваўчага характару.

У звязку з вышэйпазначаным доказы, дабытыя пры такіх абставінах, не павінны мець юрыдычнай сілы і не могуць быць пакладзены ў аснову абвінаваўчага прысуду.

Абаронцы неаднаразова заяўлялі падчас судовага працэсу, што яны былі абмежаваныя следствам у магчымасцях збірання доказаў, многія з іх хадайніцтваў не задавальняліся следчымі. Некаторыя важныя для аб’ектыўнага разгляду справы хадайніцтвы абароны былі адхілены судом, што можа сведчыць аб абвінаваўчым ухіле працэсу і парушае прынцыпы аб’ектыўнасці і бесстароннасці суду.

Справа разглядалася Вярхоўным Судом Рэспублікі Беларусь у якасці суда першай інстанцыі, што пазбавіла абвінавачаных права на абскарджанне прысуду, паколькі прысуд Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь паводле Крымінальна-працэсуальнага кодэксу ўступае ў сілу адразу пасля яго вынясення. Гэта з’яўляецца істотным парушэннем права на доступ да правасуддзя, супярэчыць арт. 115 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і арт. 2, 14 Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Аналіз доказаў, атрыманых і даследаванных у судовым працэсе, не дае падставы лічыць іх дастатковымі для вынясення абвінаваўчага прысуду.

Згодна з інфармацыяй следчага, справа знаходзіцца на контролі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Пры такіх абставінах абвінаваўчы прысуд і пазбаўленне волі асуджаных па дадзенай справе з’явілііся вынікам  разбіральніцтва з яўнымі парушэннямі працэсуальных гарантый, звязаных з палітычнымі матывамі ўлады, што трапляе пад вызначэнне паняцця “палітычныя вязні”, дадзенага экспертамі Савета Еўропы (згодна з дакументам Савета Еўропы SG\Inf(2001) 34\24 October 2001).

Мы патрабуем ад Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь і Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь правесці праверку законнасці і абгрунтаванасці вынесенага прысуду і вызваліць асуджаных з-пад  варты, а таксама прыцягнуць да адказнасці службовых асоб, якія дапусцілі грубыя парушэнні крымінальна-працэсуальнага заканадаўства падчас папярэдняга следства.

 

РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт”

Праваабарончы цэнтр “Вясна”

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international