За год колькасць зарэгістраваных газет скарацілася на 36

2006 2006-01-15T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Па звестках ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", сёння можна налічыць каля 30 беларускіх грамадска-палітычных выданняў (сярод заснавальнікаў якіх няма дзяржаўных органаў), якія працягваюць з рознай перыядычнасцю выходзіць і тым альбо іншым спосабам трапляць да чытача (з больш чым тысячы зарэгістраваных). Больш за 20 з іх працуюць у рэгіёнах. Па апошніх падліках, прыкладны тыднёвы наклад усіх гэтых выданняў разам складае каля 250 тыс. асобнікаў (Для параўнання: наклад аднаго нумару штодзённай "Советской Белоруссии" складае сёння больш за 500 тысяч асобнікаў).

Міністэрства інфармацыі адмовілася прадаставіць БАЖ звесткі пра колькасць папярэджанняў, прыпыненняў альбо ануляванняў рэгістрацыі СМІ ў 2006 г. без пісьмовага запыту. Ані на сайце міністэрства, ані на прэс-канферэнцыі гэтыя звесткі абнародаваныя ў найбліжэйшы час не будуць, - паведамілі прэс-службе БАЖ у аддзеле рэгістрацыі міністэрства.

Аднак прыведзеная на сайте www.mininform.gov.by інфармацыя пра колькасць зарэгістраваных у краіне СМІ дазваляе зрабіць выснову адносна пэўных тэндэнцый. Асабліва заўважныя змены адбываюцца ў сферы друкаваных СМІ. Да прыкладу, на 1 студзеня 2006 г. к Беларусі налічвалася 1187 перыядычных СМІ, у тым ліку 748 газет. Між тым, за 2 месяцы да гэтага, на 1 лістапада 2005 г., агульная колькасць зарэгістраваных перыядычных медыяў составляла 1257, у тым ліку газет - 770. А на 1 студзеня 2005 г. у Беларусі было зарэгістравана 784 газеты (друкаваных СМІ - 1221). Такім чынам, толькі за апошнія два месяцы 2005 г. друкаваных выданняў у Беларусі стала менш на 70, у тым ліку газет - на 22, а за год колькасць зарэгістраваных газет скарацілася на 36.

Але і тым выданням, якія захавалі ў сіле пасведчанні аб рэгістрацыі, доступ да чытачоў ускладнены. У канцы 2005 г. прадпрыемствы пошты і "Саюздруку" адмовіліся супрацоўнічаць з шэрагам СМІ. Па інфармацыі БАЖ, не могуць праводзіць падпіску праз "Белпошту" і яе рэгіянальныя структуры 16 выданняў, 19 газет не прадаюцца ў кіёсках "Саюздруку".

У выніку некаторыя газеты аказаліся пазбаўленыя сродкаў да існавання і з гэтай прычыны самі заявілі аб прыпыненні свайго выхаду: да прыкладу, "Салідарнасць" і "Оска-экспресс" (г. Слуцк). Шмат якія выданні, магчыма, сутыкнуцца з фінансавым крызісам у найбліжэйшы час, паколькі дзяржаўныя манапалісты дагэтуль пераглядаюць свае рашэнні ў дачыненні да тых, каго праблема спачатку закранула толькі часткова. Да прыкладу, "Витебский курьер", які быў выключаны з рэспубліканскага каталогу, але на які Віцебскі філіял РУП "Белпошта" ў канцы 2005 - пачатку 2006 г. вёў падпіску, нядаўна атрымаў афіцыйнае паведамленне ад гэтага прадпрыемства пра тое, што і яно адмаўляецца дастаўляць газету падпісчыкам.

Шмат якія выданні актыўна ўступілі ў барацьбу за чытача і за захаванне рэдакцый: да прыкладу, рэспубліканскія газеты "Народная воля" і "Наша ніва", якія падрабязна праінструктавалі чытачоў, дзе і якім чынам можна купіць газету. (Абодва выданні, нагадаем, былі выключаныя "Белпоштай" з падпіснога каталогу на 2006 г.) Рэдакцыі заклікаюць чытачоў ажыццяўляць перадаплату за нумары выданняў на месяц наперад праз банкі, набываць газету ў рэдакцыях раздробна і гуртам і г.д.

Па звестках "Нашай нівы", колькасць падпісчыкаў выдання пасля новага года ўзрасло на 320 чалавек. 47 чытачоў прапанавалі свае паслугі па распаўсюдзе газеты. "Народная воля" ў першым нумары ў 2006 г. паведаміла, што копій квітанцый па перадаплаце ў рэдакцыі назбіралася "не тысяча, не дзве і нават не пяць-сем".

Але сістэма дастаўкі газет падпісчыкам дагэтуль не адладжаная, а з улікам дадатковай рызыкі для тых выданняў, якія вымушаныя друкавацца за мяжой, увесь час аказваецца пад пагрозай зрыву. Яскравым прыкладам гэтага з`яўляецца сітуацыя з "Народнай воляй", два першых у 2006 г. здвоеных нумары якой затрымліваліся супрацоўнікамі праваахоўных органаў.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international