Агляд-хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі, красавік 2010 году

2010 2010-05-06T19:10:24+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Асноўная падзея красавіка – выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў. Паводле інфармацыі старшыні Цэнтарвыбаркаму Лідзіі Ярмошынай, 25 красавіка было абрана 21293 дэпутата мясцовых саветаў. Сярод абраных – 9 прадстаўнікоў дэмакратычных партыяў. Гэта 3 сябра партыі БХД, 5 сябраў партыі "Справядлівы сьвет" і  адзін сябра БСДП (Грамада).

Удзельнікі маніторынгу “Праваабаронцы за свабодныя выбары” пільна адсочвалі ўсе этапы выбарчай кампаніі  і прыйшлі да высновы, што ў цэлым выбарчая кампанія прайшла у там жа духу, што і мінулыя кампаніі. Істотных якасных зьменаў на карысьць дэмакратызацыі практыкі правядзеньня выбараў не адбылося. Як і падчас папярэдніх выбарчых кампаній былі зафіксаваныя сур’ёзныя сістэмныя адступленьні ад дэмакратычных стандартаў, за якія беларускія ўлады раней неаднаразова падвяргаліся крытыцы. Такім чынам, рэкамендацыі па дэмакратызацыі выбарчага працэсу, якія даваліся БДІПЧ АБСЕ, не страцілі актуальнасьці. Але таксама было адзначана, што зьмены, унесеныя ў Выбарчы кодэкс напярэдадні, у пэўнай меры садзейнічалі набліжэньню нацыянальнага выбарчага заканадаўства да дэмакратычных стандартаў. У першую чаргу гэта датычыцца адмены жорсткіх абмежаваньняў у працэдуры вылучэньня і рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты.

У канцы красавіка завяршыўся судовы разгляд справы, узбуджанай супраць ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча і Уладзімера Асіпенкі. Акрамя іх абвінавачанымі па справе выступаюць былы падпалкоўнік міліцыі Міхаіл Казлоў і Аляксандр Ларын. Разгляд справы пачаўся ў Вярхоўным Судзе яшчэ 10 сакавіка і доўжыўся больш за месяц. 20 красавіка пасьля судовых спрэчак абвінавачаныя выступілі з апошнім словам. Пракурор Эльдар Сафараў запатрабаваў прысудзіць М.Аўтуховіча да 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці, У.Асіпенку і А.Ларыну – да 11 гадоў пазбаўленьня волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, М.Казлову – 3 гады калоніі агульнага рэжыму без права займаць кіраўнічыя пасады. М. Аўтуховіч і У. Асіпенка сваёй віны не прызналі і сьцярджаюць, што іх перасьледуюць за антыкарупцыйную дзейнасьць. Абодва знаходзяцца пад вартай з 8 лютага 2009 году. Іх абвінавачваюць ў падрыхтоўцы тэракту супраць высокапастаўленых дзяржаўных чыноўнікаў і ў падпале дому міліцыянта. Прысуд ў справе прагучыць 6 траўня.

Нагадаем, Мікалай Аўтуховіч, Уладзімір Аспіенка і Юрый Лявонаў былі затрыманыя 8 лютага 2009 году. Праз 10 дзён ім прад’явілі абвінавачаньні па арт. 218 Крымінальнага кодэксу РБ (наўмыснае зьнішчэньне альбо пашкоджаньне маёмасьці). 20 лістапада У.Асіпенку і М.Аўтуховічу было прад’яўлена абвінавачаньне ў падрыхтоўцы тэрарыстычнага акту. Ю.Лявонава на пачатку жніўня вызвалілі з-пад варты, а 24 верасьня з яго зьнялі ўсе абвінавачаньні.

Працягваўся наступ на незалежныя СМІ. Падчас прэс-канферэнцыі, якая прайшла ў Менску 29 красавіка, журналісткі незалежных сродкаў масавай інфармацыі Сьвятлана Калінкіна, Марына Коктыш, Натальля Радзіна і Ірына Халіп распавялі, што ціск сьпецслужбаў у дачыненьні да іх не спыняецца. Напярэдадні ўсе яны былі дапытаныя ў РУУС Першамайскага раёну сталіцы ў якасьці сьведкаў ў рамках расьследаваньня крымінальнай справы, заведзенай пракуратурай Гомельскай вобласьці па факце зьяўленьня ў інтэрнеце паклёпу на былога начальніка Упраўленьня КДБ па Гомельскай вобласьці Івана Каржа. Канфіскаваныя раней кампутары, а таксама носьбіты інфармацыі і надалей застануцца ў сьледчых органах. Па словах рэдактаркі сайту "Хартыі’97" Н. Радзінай, падчас эксьпертызы 8-мі канфіскаваных у яе кампутараў інфармацыі, якая б ганьбіла былога начальніка КДБ па Гомельскай вобласьці знойдзена не было, аднак было знойдзена больш за 3 тысячы файлаў са словамі “дыктарура”, “Еўрапарламент” і “Ежы Бузэк”і ўзбуджана яшчэ адна крымінальная справа. Перасьлед з боку органаў унутраных справаў, пракуратуры і дзяржбясьпекі ўсе журналісткі зьвязваюць са сваёй прафесійнай дзейнасьцю. Намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец падкрэсьліў, што падобныя дзеяньні сьледчых органаў праводзяцца ў адносінах да нават не абвінавачваемых, не падазраваных, а сьведкаў.

29 красавіка ў Страсбургу прайшлі пазачарговыя дэбаты па Беларусі. Іх вынікам стала прыняцьце Парламенцкай Асамблеяй Савета Еўропы (ПАСЕ) рэзалюцыі, у якой выказваецца шкадаваньне ў сувязі з "недастатковай палітычнай воляй беларускіх уладаў разьдзяліць каштоўнасьці Савета Еўропы". У прыватнасьці, у дакуменьце гаворыцца, што ў краіне ў атмасферы сакрэтнасьці былі прыведзены ў выкананьне два сьмяротныя прысуды, калі скаргі асуджаных разглядаў Камітэт ААН па правах чалавека. Адзначаюцца таксама выпадкі парушэньня ў Беларусі правоў польскай нацыянальнай меншасьці, ціск на незалежныя СМІ, апазіцыйныя структуры, трэці сектар і адсутнасьць міжнародных назіральнікаў на выбарах у мясцовыя саветы. З гэтых прычынаў Парламенцкая асамблея Савета Еўропы вырашыла замарозіць кантакты з афіцыйным Менскам на высокім узроўні.

Паводле рэйтынгу амерыканскай праваабарончай арганізацыяй „Freedom House” Беларусь займае 189-е месца са 196 краінаў і традыцыйна знаходзіцца ў хвасьце сьпісу, як краіна з несвабоднай прэсай.

З 6 па 8 красавіка ў Ерэване праходзіў 37-ы кангрэс Міжнароднага Форуму па Правах Чалавека FIDH (The International Federation for Human Rights). Для ўдзелу ў форуме ў Арменію прыбылі 300 дэлегатаў з розных краін свету, у ліку якіх былі і беларускія праваабаронцы Алесь Бяляцкі і Валянцін Стэфановіч. Падчас кангрэсу кіраўнік Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі ў выніку таемнага галасаваньня быў ужо ў другі раз абраны віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека.

  1. Парушэньні выбарчых правоў грамадзянаў

2 красавіка кандыдат у дэпутаты Бешанковіцкага райсавету Георгі Станкевіч атрымаў папярэджаньне ад раённай выбарчай камісіі за нібыта некарэктныя выказваньні на адрас дзейных дэпутатаў райсавету ў сваім радыёвыступе перад выбарцамі. З гэтай прычыны трансьляваць выступ не дазволілі.

6 красавіка кандыдат у дэпутаты па Бераставіцкай выбарчай акрузе №18, сябра партыі БСДП “Грамада” Алег Рамашкевіч звярнуўся са скаргай у ЦВК на дзеяньні супрацоўнікаў абласнога гарадзенскага радыё, якія адцэнзуравалі ягоны выступ і змянілі час выхаду ў эфір. У выніку тэкст быў скарочаны амаль на дзьве хвіліны, з яго былі выразаныя шэраг важнейшых выказваньняў, якія фармавалі ўвесь сэнс выступу. Кандадат прасіў выявіць і пакараць віноўных і даць магчымасьць паўторна выступіць на абласным радыё. Між тым самога А.Рамашкевіча 30 красавіка суд пакараў штрафам у памеры 25 базавых велічынь (875 тыс. руб.) па абвінавачаньню ў расклейваньні падчас выбарчай кампаніі агітацыйных ўлётак у неадпаведных месцах. Варта дадаць, што за мандат дэпутата па згаданай выбарчай акрузе апроч А.Рамашкевіча балатаваліся дзейны старшыня Гарадзенскага аблсавета Аркадзь Карпуць, старшыня Бераставіцкага раённага Савета і начальнік Бераставіцкіх электрычных сетак.

25 красавіка высьветлілася, што 4 кандыдаты ў дэпутаты Чысьцінскага сельскага Савета дэпутатаў (Мірошнікаў С. М., Курыловіч Г.А., Ульчыц А. М. і Бажко С.А.) адначасова зьяўляюцца сябрамі ўчастковых выбарчых камісій, што супярэчыць выбарчаму заканадаўству. Заява ў пракуратуру Маладзечанскага раёну адносна гэтага парушэньня было ўручана ў 15 гадзін 20 хвілін 25.04.2010г., па заканчэньні 7 гадзін галасаваньня ў дзень асноўнага галасаваньня і датэрміновага галасаваньня на працягу 5-ці дзён. Па гэтай прычыне выбары на пэўных участках павінны быць прызнаны не адбыўшыміся, а рашэньні пра рэгістрацыю дадзеных кандыдатаў у дэпутаты павінны быць адменены. Аднак па словах старшыні ЦВК Л.Ярмошынай, дадзеныя асобы былі выведзеныя са складу выбарчых камісій і ня ўдзельнічалі ў падліку вынікаў галасаваньня. Такім чынам  парушальнікі выбарчага заканадаўства сталі дэпутатамі.

26 красавіка суд Маскоўскага раёну Менску прызнаў старшыню рады прадпрымальнікаў рынку «Ждановічы» Алеся Таўстыку вінаватым па арт. 17.1 КаАП (“дробнае хуліганства”) і прысудзіў штраф у памеры 5 базавых велічыняў (175 тыс. руб). Актывіст прадпрымальніцкага руху быў затрыманы ўвечары 24 красавіка на выбарчым участку № 27 Сухараўскай выбарчай акругі № 30 падчас назіраньня за ходам датэрміновага галасаваньня. Ён зьяўляўся даверанай асобай кандыдата ў Менскі гарадзкі Савет дэпутатаў, актывіста «Руху «За Свабоду» Алеся Лагвінца і быў абвінавачаны ў парушэньні грамадзкага парадку. Да суду А.Таўстыка ўтрымліваўся ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна.

29 красавіка шасьцёра дэмакратычных кандыдатаў у Магілёўскі абласны савет: Мікалай Расюк, Юры Новікаў, Аляксандар Сілкоў, Юры Стукалаў, Ларыса Шукайла і Тамара Маскалёва падалі скаргі ў абласную тэрытарыяльную камісію, у якіх патрабуюць прызнаць у сваіх акругах выбары неадбытымі. Гэта выклікана тым, што ва ўчастковых камісіях не было ніводнага іх прадстаўніка, таксама не было магчымасьці распаўсюджваць па акругах свае агітацыйныя матэрыялы. Акрамя таго, у незалежных назіральнікаў не было магчымасьці бачыць, як ажыцьцяўлялася працэдура падліку галасоў.

  1. Адміністрацыйныя затрыманьні і пакараньні грамадзка-палітычных актывістаў

5 красавіка суд Ленінскага раёну Менску пакараў арт. 23.34 КаАП (“Парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавага мерапрыемства)  кіраўніка “Моладзі БНФ” Андруся Крэчку штрафам у памеры 20-ці базавых велічыняў (700 тыс. руб). Падставай паслужыла затрыманьне 16 красавіка, у Дзень беларускай салідарнасьці, удзельнікаў пікету ў падтрымку зьняволеных М. Аўтуховіча і Ў. Асіпенкі. Несанкцыянаваная вулічная акцыя адбылася каля будынку Вярхоўнага суду падчас судовага працэсу над ваўкавыскімі прадпрымальнікамі. Па аналагічным абвінавачаньні таксама ў красавіку былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасьці ў выглядзе штрафу іншыя ўдзельнікі пікету салідарнасьці. Алег Ладуцька ("Еўрапейская Беларусь") атрымаў 20 б.в.. У двух выпадках суд улічыў пункт 6.5 КаАП і вынес абвінавачаным Артуру Фінькевічу (Маладая Беларусь) і Яўгену Афнагелю (“Еўрапейская Беларусь”) найменьшае пакараньне – штраф у памеры 0,5 б.в.   

20 красавіка ў Кастрычніцкім раённым судзе Віцебску мусіў пачацца разгляд крымінальнай справы, узбуджанай супраць грамадзкага актывіста Сяргея Каваленкі за вывешваньне ў студзені бел-чырвона-белага сьцягу на цэнтральнай гарадзкой навагодняй елцы. Разгляд справы быў адкладзены, бо перад пачаткам працэсу абвінавачаны ўзьняў бел-чырвона-белы сьцяг і перад будынкам суду. За ўдзел у несанкцыянаванай акцыі ён быў затрыманы міліцынтамі разам з малодшым братам Віталём і актывістам “Маладой Беларусі” Тарасам Сурганам.

21 красавіка Кастрычніцкі райсуд Віцебску прызнаў братоў Каваленак вінаватымі ў парушэньні арт. 23.34 КаАП (“Парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў”) і пакараў адміністрацыйным арыштам С. Каваленку на 7 сутак, В. Каваленку на 6 сутак  і штрафам у памеры 2 б.в. за дробнае хуліганства – нібыта В.Каваленка спраўляў патрэбу ў грамадзкім месцы. 23 красавіка суд пакараў Т. Сургана арыштам на 9 сутак.

28 красавіка Цэнтральны райсуд Менску пакараў Андрэя Кузьмінскага, Міхаіла Наскова і Аляксея Атрошчанка па арт. 23.34 КаАП штрафам у памеры 0,5 б.в. за правядзеньне несанкцыянаванай акцыі. Напярэдадні актывісты выйшлі на Кастрычніцкую плошчу з расьцяжкамі «Патрабуем выдачы Бакіева кіргізскаму народу» і «Не — дыктатарам ва ўсім сьвеце». Пры сабе ў іх быў бел‑чырвона‑белы сьцяг. Праз некалькі хвілінаў міліцыянты іх затрымалі і даставілі ў Цэнтральны РУУС Менску, дзе склалі адміністрацыйныя пратаколы. Ноч да суду затрыманыя правялі ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў па вул. Акрэсьціна.  

  1. Парушэньне прынцыпу свободы слова і распаўсюду інфармацыі 

1 красавіка Шчучынскія міліцыянты сканфіскавалі каля 450 асобнікаў часопісу “Magazyn Polski na Uchodźstwie”, які выпускаюць паплечнікі Анжалікі Борыс з апазіцыйнага Саюзу палякаў. Намесьнік арганізацыі Мечыслаў Яскевіч і кіраўніца таварыства ветэранаў Арміі Краёвай і Другой сусьветнай вайны Вераніка Себасьцьяновіч былі затрыманыя на шашы Горадня — Менск за Шчучынам.

У красавіку неаднаразова затрымліваўся асабісты аўтамабіль дырэктара прыватнага ўнітарнага гандлёвага прадпрыемства «Витебский корунд», заснавальніка газэт «Витебский курьер» і «Наш дом» Віктара Рамнёва. 1-га красавіка віцебскія міліцыянты знайшлі і сканфіскавалі 53 асобнікі “Витебского курьера”, склаўшы пратакол па ч. 2 арт. 22.9 КаАП (“Распаўсюд перыядычных выданьняў без выходных дадзеных”), нягледзячы на тое, што яны пазначаныя на апошняй старонцы кожнага нумару. 8 красавіка аўтамабіль В. Рамнёва супрацоўнікі ДАІ спынілі па дарозе са Смаленскай друкарні. У Горацкім РАУС у яго канфіскавалі наклад выданьня – амаль 10 тысяч асобнікаў і склалі чарговы адміністрацыйны пратакол па тым жа артыкуле. У сакавіку В. Рамнёў ужо быў аштрафаваны на буйную суму за распаўсюд недзяржаўных выданьняў. Міліцыянты кваліфікуюць як “распаўсюд” перавозку газэт з Расеі і кажуць, што паколькі выданьне зарэгістравана ў Расеі і друкуецца ў Смаленску, патрэбны асобны дазвол.

Газеце «Сильные новости Гомеля» адмовілі ў рэгістрацыі. Адпаведны загад (№ 43 ад 1 красавіка 2010 г.) падпісаў міністр Алег Праляскоўскі. Ён абгрунтоўвае адмову тым, што ўказаныя ў заяве аб рэгістрацыі зьвесткі пра стаж галоўнага рэдактара будучага выданьня несапраўдныя, і што яго кваліфікацыя не адпавядае патрабаваньням даведніка «Пасады служачых работнікаў перыядычнага друку». У якасці будучага галоўнага рэдактара новага выданьня ў дакументах фігуравала гомельская журналістка, сябра ГА «БАЖ» Тацьцяна Бублікава. Дырэктар УП «Друкаванае слова» Пётр Кузняцоў перакананы: «Адмова ў рэгістрацыі выданьня – гэта забарона на прафесію журналіста. Чалавек ня можа набыць рэдактарскі стаж 5 гадоў, калі яму не дазваляюць узначаліць газэту».

18 красавіка ў Стамбуле (Турцыя) Агульны сход Еўрапейскай федэрацыі журналістаў прыняў тэрміновую рэзалюцыю па свабодзе прэсы ў Беларусі. У ёй еўрапейская журналісцкая супольнасьць выказала салідарнасьць са сваімі беларускімі калегамі, а таксама заклікала ўлады Беларусі спыніць дыскрымінацыю незалежных СМІ, забясьпечыць поўны доступ да інфармацыі і прывесьці нацыянальнае заканадаўства ў галіне СМІ ў адпаведнасьць з міжнароднымі страндартамі.

22 красавіка кіраўніцтва БАЖ атрымала адказ з пракуратуры Гомельскай вобласці на свой зварот адносна праведзеных у журналістаў шэрагу ператрусаў і допытаў. У лісьце за подпісам намесьніка абласнога пракурора гаворыцца, што ў расследаваньні справы аб паклёпе на былога кіраўніка УКДБ Гомельскай вобласьці Івана Каржа парушэньняў заканадаўства не выяўлена, і падставаў для прыняцьця захадаў пракурорскага рэагаваньня няма. Адкрыты ліст Генеральнаму пракурору РБ Рыгору Васілевічу, у якім БАЖ расцэньвае  дзеяньні сьледчых як «грубае ўмяшальніцтва ў свабоду журналісцкай дзейнасьці», арганізацыя накіравала ў пачатку сакавіка. Генеральная пракуратура пераадрасавала зварот «для разгляду па сутнасьці» ў пракуратуру Гомельскай вобласьці, пракурору Валянціну Шаеву — таму самаму, які санкцыянаваў правядзеньне ператрусаў у некаторых журналістаў.

19 красавіка судзьдзя Бешанковіцкага райсуду Вольга Белавус прызнала школьнага настаўніка нямецкай мовы, сябра БХД, які балатаваўся кандыдатам у дэпутаты райсавету Георгія Станкевіча віноўным у парушэньні арт. 22.9 КаАП (“Парушэньне заканадаўства  аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі”) і пакарала штрафам у памеры 20 б. в. (700 тыс. руб). Адміністрацыйны пратакол за незаконны распаўсюд самвыдатаўскай газэты “Крывінка” міліцыянты склалі яшчэ 8 красавіка. Між тым, газэту накладам 299 асобнікаў Г.Станкевіч выдае і распаўсюджвае ўжо пяты год, і прэтэнзіяў да яго не было, пакуль не пачалася выбарчая кампанія.

                 Палітычна матываваны крымінальны перасьлед

2 красавіка супрацоўнікі міліцыі Першамайскага раёну сталіцы дапыталі ў якасьці сьведкі моладзевага актывіста Руслана Мацьвеева ў межах крымінальнай справы за палітычныя графіці. Сьледчы аддзелу дазнаньня Сьмірноў спачатку цікавіўся ягоным удзелам у моладзевых структурах, а потым высьвятляў, чым займаўся Руслан уначы з 11 на 12 сакавіка, калі на платах і будынку Першамайскага суду былі нанесеныя надпісы палітычнага зьместу. У актывіста ўзялі адбіткі пальцаў, сьліну для аналізу ДНК і прапанавалі прайсьці дэтэктар хлусьні.

16 красавіка на выезьдзе з Ашмянаў супрацоўнікамі ДАІ міліцыі быў затрыманы каардынатар Руху «За Свабоду» па Гродзенскай вобласьці Алесь Зарэмбюк. У гэты час у ягоным доме і доме ягоных бацькоў у Мастах адбыліся ператрусы, праведзеныя ў межах крымінальнай справы, якая была ўзбуджана супраць актывіста па абвінавачаньні ў махлярстве. Нібыта палітык узяў у некага пазыку і не аддаў. Сам Алесь Зарэмбюк зьвязвае ўсё гэта са сваім удзелам у мясцовых выбарах. Раней ён ужо быў у КДБ, дзе яго спрабавалі абвінаваціць у нелегальным гандлі візамі. Да гэтага гаворка ішла пра гандаль наркотыкамі і згвалтаваньні.

У красавіку працягваліся суды па крымінальных справах, узбуджаных за ўхіленьне ад службы ў войску. У судзе Менскага раёну разглядалася справа верніка габрэйска-мэсіянскай суполкі "Новы Запавет" Яна Міхайлава, які з рэлігійных меркаваньняў адмаўляецца служыць у войску. На паседжаньні 28 красавіка пракурор Пастухова палічыла, што Міхайлаў парушыў арт. 435 КК РБ і запатрабавала пакараць яго штрафам у памеры 200 базавых велічынь. Працяг суду ў траўні. Нагадаю, што па гэтым артыкуле Я.Міхайлаў ўжо быў асуджаны да трох месяцаў арышту і амаль адседзеў увесь тэрмін, але быў вызвалены ў сувязі з адменай прысуду касацыйнай інстанцыяй. “Міжнародная Амністыя” прызнала яго вязьнем сумленьня.

26 красавіка ў судзе Цэнтральнага раёну Гомеля адбыўся разгляд крымінальнай  справы актывіста партыі БХД Яўгена Якавенкі. Былі выслуханыя тлумачэньні па сутнасьці прад'яўленага абвінавачаньня. Суд не зьвярнуў увагу на той факт, што Я.Якавенка ўжо быў апраўданы па аналагічным абвінавачваньні ў адміністрацыйным працэсе, а таксама на заяву прызыўніка аб неаднаразовым патрабаваньні альтэрнатыўнай грамадзянскай службы. Задаволена хадайніцтва адваката і Я.Якавенкі аб выкліку дадатковых сьведак па справе. Наступнае судовае паседжаньне прызначана на 12 траўня.

У канцы красавіка Генпракуратура распачала крымінальную справу, зьвязаную з камэнтарамі да артыкула пра аўганцаў, які быў перадрукаваны на сайце "Хартыі'97" з газэты "Советская Белоруссия". У ім прадстаўнік афіцыйнай арганізацыі ветэранаў-"афганцаў"  ганьбаваў ваўкавыскага прадпрымальніка, "афганца" Мікалая Аўтуховіча. Пад артыкулам зьявілася больш за сотню каментароў, непрыхільных да прадстаўніка афіцыёзу. Тым ня менш, сьведкамі па справе чамусьці праходзяць толькі былыя "афганцы" Алег Воўчак і Аляксандр Камароўскі.

  1. Перасьлед дэмакратычных актывістаў і праваабаронцаў

14 красавіка палітпрызыўнік Франак Вячорка быў датэрмінова дэмабілізаваны з войску. Праз 15 месяцаў службы яго камісавалі па стану здароўя, падцьвердзіўшы такім чынам неабгрунтаванасьць прызыву актывіста БНФ у войска. Па словах Ф.Вячоркі, ён будзе дабівацца вызваленьня іншых палітпрызыўнікоў, якія былі мабілізаваныя з парушэньнем заканадаўства і працягваюць службу. Але і ў сваёй справе ён не зьбіраецца ставіць кропку. У заключным дыягназе лекары напісалі, нібыта хвароба сэрца набытая ім у войску. Ф.Вячорка лічыць, што ў такім выпадку ў яго ёсьць ўсе падставы зьвярнуцца ў суд, каб прыцягнуць да адказнасьці тых лекараў, якія фальсіфікавалі дыягназы, і сябраў прызыўной камісіі, якая яго забірала. Таксама Ф.Вячорка зьбіраецца патрабаваць кампенсацыі ад вайскоўцаў і медыкаў, якія не прынялі мераў па стане яго здароўя раней і камісавалі толькі праз 15 месяцаў.

30 красавіка ў офісе наваполацкага праваабаронцы Зьмітра Салаўёва супрацоўнікі аддзела па вышуковай працы аддзела крымінальнага вышуку Наваполацкага ГАУС правялі ператрус. Сьледчыя дзеяньні, санкцыянаваныя пракурорам гораду, адбываліся ў межах крымінальнай справы, ўзбуджанай па арт. 341 КК РБ - "Апаганьваньне будынкаў і псаваньне маёмасьці" па факту нанясеньня на сьценах гораду фашыстоўскіх надпісаў. У выніку ператрусу канфіскаваныя сістэмны блок кампутара, дыскі, шмат розных друкаваных выданьняў і бел-чырвона-белыя сьцягі. І гэта, ня гледзячы на тое, што самім З.Салаўёвым за апошнія два гады было напісана некалькі скаргаў у пракуратуру з прычыны дзейнасьці неанацыстаў у Наваполацку. Падобны ператрус адбываўся ў офісе З.Салаўёва перад прэзідэнцкімі выбарамі ў 2006 годзе. Канфіскаваная тады аргтэхніка так і не была вернутая.

             Парушэньне права на свабоду асацыяцыяў

22 красавіка ў Вярхоўным судзе Беларусі пачаўся разгляд скаргі заснавальнікаў Асамблеі НДА адносна адказу Мінюста аб адмове ў рэгістрацыі. Адбыліся выступы абодвух бакоў і прадстаўнікоў грамадзкасьці. Прадстаўнікі міністэрства зноў паўтарылі свой аргумент адносна таго, што ў асацыяцыю могуць аб’ядноўвацца толькі арганізацыі з аднолькавымі прадметамі дзейнасьці. “Аднак гэта супярэчыць наяўнай практыцы рэгістрацыі асацыяцыў у Беларусі, - упэўнены юрыст Юрый Чавусаў. – І відавочна, гэты аргумэнт незаконны, паколькі пазбаўляе Асамблею магчымасьці зарэгістравацца ўвогуле”.  Судовае паседжаньне працягнецца 4 траўня. Судзьдзя Врхоўнага суда Ігар Мільто  запатрабаваў у Мінюста дакументы, пададзеныя Асамблеяй НДА на рэгістрацыю. Нагадаю, месяц таму Міністэрства юстыцыі ў трэці раз адмовіла Асамблеі няўрадавых дэмакратычных аб’яднаньняў у рэгістрацыі.

  1. Дзейнасьць сьпецслужбаў

7 красавіка студэнтцы журфака БДУ Марыне Яўсейчык патэлефанаваў незнаёмы мужчына і, прадставіўшыся супрацоўнікам дзяржбясьпекі Зьміцерам, настойліва прапанаваў  прыйсьці назаўтра ва ўпраўленьне КДБ для гутаркі. На пярэчаньні Марыны адказаў, што хоча апытаць яе па справе выбуху ў Менску 4 ліпеня 2008 году. Раніцай 8 красавіка той жа голас пацікавіўся, ці збіраецца дзяўчына на сустрэчу. Марына ня ведала як сябе паводзіць у падобнай сітуацыі і змушана пагадзілася на сустрэчу. Гутарка доўжылася амаль тры гадзіны. Тэма размовы паступова мянялася, пасьля Зьміцер дастаў ноўтбук і паказаў відэазапіс са з’езду беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”, дзе была Марына. У выніку ён прапанаваў М. Яўсейчык дапамогу ў вырашэньні розных магчымых праблемаў у абмен на супрацоўніцтва. Дзяўчына пад псіхалагічным ціскам падпісала паперу. “Пры гэтым я разумела, што не хачу і не буду з імі супрацоўнічаць, мне трэба было толькі своечасова патрапіць на аўтобус і хутчэй забыць пра гэтую непрыемную сустрэчу,” – распавядала Марына.

23 красавіка беларускаму карэспандэнту агенцтва Associated Press Юрасю Карманаву патэлефанаваў невядомы, які назваўся супрацоўнікам КДБ Алегам Анатольевічам і запрасіў журналіста на размову з нагоды яго нядаўнай паездкі ў Кыргызстан. Ю. Карманаў знаходзіўся ў Бішкеку па заданьні маскоўскай рэдакцыі AP з 8 да 19 красавіка, асьвятляючы дзяржаўны пераварот у Кыргызстане. Журналіст адмовіўся ісьці на якія-кольвек «гутаркі» без афіцыйнай позвы, дасланай на хатні адрас.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international