viasna on patreon

Старыкевіч: Кожны перадвыбарчы год для незалежнай прэсы са знакам мінус

2010 2010-05-03T10:12:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/druk_vyd.jpg

Сёньня ў сьвеце адзначаецца Дзень свабоды прэсы. Гэтая дата абраная невыпадкова: менавіта 3 траўня 1991 году ў сталіцы Намібіі прадстаўнікі незалежнага друку краінаў Афрыкі прынялі «Віндхуцкую дэклярацыю», у якой зьмешчаны заклік да ўрадаў усіх краінаў сьвету забясьпечыць свабоду прэсы і яе дэмакратычны характар.

Беларусь традыцыйна ў рэйтынгах свабоды слова трапляе ў канец сьпісу як краіна зь несвабоднай прэсаю, але так нізка, як сёлета, яна яшчэ не апускалася. У дакладзе праваабарончай арганізацыі “Freedom House” Беларусь пастаўлена на 189 месцы паводле ўзроўню свабоды прэсы разам з Узбэкістанам. Усяго ў гэтым рэйтынгу 196 краінаў.

Хроніка 2010-га – як зводкі з фронту. Студзень – Міністэрства юстыцыі вынесла папярэджаньне Беларускай асацыяцыі журналістаў. Прэтэнзіі абсурдныя: беларускім журналістам забаронена называцца прэсай... Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна апэлюе да міжнароднай супольнасьці:

“Па хадайніцтве Парлямэнцкай асамблеі Вэнэцыянская камісія – а гэта кансультацыйны орган Рады Эўропы – будзе разглядаць 4 чэрвеня пытаньне, наколькі гэтае папярэджаньне адпавядае асноўным прынцыпам, стандартам правоў чалавека. Дарэчы, пасьля вынясеньня папярэджаньня генэральны сакратар Міжнароднай фэдэрацыі журналістаў Эйдан Уайт заявіў, што беларускія ўлады страцілі пачуцьцё меры і рэчаіснасьці, выносячы забарону на ўжываньне слова “прэса” людзям, якія займаюцца зборам, захоўваньнем, распаўсюджваньнем інфармацыі”.

У лютым кіраўнік дзяржавы падпісаў указ № 60 “Аб захадах для ўдасканаленьня выкарыстаньня нацыянальнага сэгмэнту сеткі інтэрнэт”. А ў красавіку здарыліся ператрусы ў кватэрах і офісах, канфіскацыя аргтэхнікі ў чатырох незалежных журналістак – Сьвятланы Калінкінай, Марыны Коктыш, Натальлі Радзінай, Ірыны Халіп.

Ляўрэатка некалькіх міжнародных прэміяў “За мужнасьць у журналістыцы” Ірына Халіп перакананая:

“Мы можам абараніць сябе толькі самі. У журналістаў больш вагароў узьдзеяньня, чым ува ўсіх палітыкаў сьвету. Прыгадайце, як мы ў 1997 годзе вызвалілі Паўла Шарамета... Валер Леванеўскі, які спытаўся: “А на якія, уласна, бабкі адпачываў Лукашэнка ў Аўстрыі?”, – сеў на 2 гады. А сёньня мы нарэшце атрымалі адказ. І на пытаньне адказалі журналісты”.

На думку намесьніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў, галоўнага рэдактара інтэрнэт-выданьня “Салідарнасьць” Аляксандра Старыкевіча, 2010 год будзе надзвычай складаным для незалежнай беларускай прэсы, бо ў першыя чатыры месяцы адбылося, бадай, больш трывожных падзеяў, чым за ўвесь мінулы год:

“Нічога надзвычайнага не адбываецца. Надзвычайнага ў тым сэнсе, што кожны перадвыбарчы год для журналістаў прыкладна такі. Мяняюцца падзеі, але ўсе яны для незалежнай беларускай прэсы са знакам мінус. Калі памятаеце, пры канцы 2005 году дзяржаўныя манапалісты выкінулі з распаўсюду паўтара дзясятка незалежных выданьняў. Сёньня ціск больш, можа, нават на інтэрнэт арыентаваны, бо менавіта ў інтэрнэце дзяржаўная прапаганда прайграе альтэрнатыўнаму пункту гледжаньня . Аднак я не думаю, што і газэтам будзе салодка”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства