Ірына Халіп: «Пад дахам справы аб паклёпе ідзе вайна на знішчэнне незалежных журналістаў і незалежных сайтаў»

2010 2010-04-29T16:53:08+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/radina.jpg

29 красавіка ГА «БАЖ» зладзіла прэс-канферэнцыю з удзелам журналістак — сведак па справе аб паклёпе на экс-кіраўніка УКДБ па Гомельскай вобласці Івана Каржа — Святланы Калінкінай, Марыны Коктыш, Ірыны Халіп і Наталлі Радзінай.

Як высветлілася на прэс-канферэнцыі, з часу ўчорашніх сустрэч журналістак з дазнаўцам Аляксандрам Пусевым адбылося яшчэ некалькі трывожных падзеяў.

Гэтак, акурат сёння Наталля Радзіна даведалася, што рэсурс «Хартыя-97» фігуруе яшчэ ў адной крымінальнай справе — гэтым разам па факце размяшчэння на сайце каментароў пад перадрукаваным з «Советской Белоруссии» артыкулам пра воінаў-«афганцаў». (У публікацыі старшыня Савета воінаў-інтэрнацыяналістаў Ілля Рыжанкоў рэзка выказваўся на адрас былых «афганцаў», грамадскіх актывістаў Мікалая Аўтуховіча, Алега Воўчака і Аляксандра Камароўскага.) Па словах Наталлі Радзінай, пад артыкулам з’явілася больш за сотню каментароў, непрыхільных да прадстаўніка афіцыйнай арганізацыі, якія, аднак, не ўтрымлівалі зневажальных выразаў. Тым не менш, Генеральная пракуратура ўзбудзіла справу за знявагу і паклёп, сведкамі па якой праходзяць Алег Воўчак і Аляксандр Камароўскі. Іх ужо выклікалі на першы допыт.

Акрамя таго, высветлілася, што сёння раніцай Марыну Коктыш выклікалі ва Упраўлене ўласнай бяспекі (УУС) Міністэрства ўнутраных спраў, якое зацікавілася знойдзенымі ў журналісткі дома пад час ператрусу раздрукоўкамі з «сухой, казённай статыстыкай» пра працу МУС. Па словах Марыны, такую інфармацыю можна знайсці ў Інтэрнеце ў адкрытым доступе, але экспертная камісія УУС палічыла, што гэта дакументы «Для службовага карыстання». Цяпер упраўленне высвятляе, якім чынам да журналісткі трапіла гэтая інфармацыя.

Што да справы аб паклёпе на Івана Каржа, нагадаем, што ніводнай са сведак не аддалі камп’ютэраў, забраных у часе ператрусаў — экспертызу працягнулі, прычым, следства адкрыта заяўляе, што будзе вывучаць асабістую электронную перапіску журналістак.

Наталля Радзіна не выключае, што ўлады такім чынам рыхтуюцца да 1 ліпеня, калі набудзе сілу прэзідэнцкі ўказ пра Інтэрнет, — каб не толькі закрыць папулярны рэсурс („Хартыя-97“), але і арыштаваць журналістаў, якія працуюць на яго.

«Нас забіваюць. Пакуль што знішчаюць прафесійна, маральна… Але заўтра, калі мы нічога не будзем рабіць, напэўна, пачнуць знішчаць ужо фізічна. І вас таксама», — звярнулася да прысутных журналістаў Ірына Халіп. На думку журналісткі, крымінальная справа аб паклёпе — толькі «дах», пад прыкрыццём якога «ідзе вайна на знішчэнне незалежных журналістаў і незалежных сайтаў».

«Пасля таго, што адбылося 16 сакавіка, нас усіх запрасілі на сустрэчу з прадстаўнікамі Еўразвязу ў Мінску. Нам сказалі: «Дзяўчаты, не перажывайце, рэакцыя Еўразвязу будзе вельмі хутка, і вельмі жорсткая». Рэакцыя паследавала такая, што лепш бы яе не было ўвогуле», — лічыць Ірына Халіп.

«Я думаю, трэба перастаць займацца „лоўляй блох“ — колькі забралі, якія дыскі, якія праграмы…Ёсць насамрэч значна больш важная рэч: мы не можам разлічваць ні на каго, акрамя сябе і сваіх калег… Якая свабода слова, калі Захаду трэба, каб газ праходзіў бесперашкодна праз трубу?.. У прынцыпе, я лічу, што ў журналістаў больш рычагоў уздзеяння, чым у палітыкаў, нават ва ўсіх палітыкаў свету. Памятаеце, як у 1997 годзе мы вызвалілі Паўла Шарамета з турмы? Гэта зрабілі не палітыкі, не Барыс Ельцын ці хто-кольвек. Гэта зрабілі мы ўсе, якія пра гэта пісалі, якія крычалі і якія ладзілі акцыі ў падрымку Паўла…», — падкрэсліла Ірына.

Выказаў сваё стаўленне да апошніх падзеяў і намеснік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец. Па яго словах, з пункту гледжання права ў расследаванні гэтай справы адбываюцца вельмі сумнеўныя рэчы: напрыклад, намер следчых узламваць электронную перапіску — не што іншае, як спроба ўмяшальніцтва ў таямніцу асабістага жыцця, якая ахоўваецца Канстытуцыяй. «Прычым, гэта ўмяшанне ў асабістае жыццё нават не падазраваных, не абвінавачаных, а сведкаў, — падкрэсліў юрыст. — Гэта ганебная старонка беларускай праваахоўнай сістэмы».

На думку А. Бастунца, у гэтай сітуацыі журналістам варта скарыстаць усе прававыя механізмы самаабароны накшталт скаргаў на дзеянні следчых. «Але асноўны накірунак, якому варта надаваць асноўную ўвагу сёння — гэта галоснасць. Трэба прыцягнуць увагу беларускай і міжнароднай грамадскасці да таго, што адбываецца», — упэўнены намеснік старшыні БАЖ.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international