Гомельская кааліцыя АДС лічыць, што выбараў у вобласці не было

2010 2010-04-26T18:16:47+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Прадстаўнікі гомельскай кааліцыі АДС, незалежныя назіральнікі і кандыдаты ў дэпутаты правялі 26 красавіка ў Гомелі прэсавую канферэнцыю, на якой заявілі аб масавых фальсіфікацыях вынікаў выбараў.

Кааардынар назірання ў вобласці, які таксама з'яўляўся сябрам акруговай камісіі па Любенскай акрузе ў Гомелі, Васіль Палякоў паведаміў, што ён, як сябра акруговай камісіі, не меў магчымасці паўплываць на тое, каб зрабіць выбары адкрытымі і празрыстымі. «Мне як сябру акруговай камісіі на ўчастках адмаўляліся прадставіць спісы выбаршчыкаў, каб праверыць, ці супадаюць дадзеныя з пратаколамі. Калі выбары былі свабоднымі і празрыстымі — чаму нельга было праверыць спісы?», - адзначыў ён. Па дадзеных назіральнікаў, на Любенскай акрузе дадзеныя па яўцы кардынальна разыходзяцца з дадзенымі камісіі, у два-тры разы. Напрыклад, на ўчастку №20 па дадзеных назіральніка прагаласаваў 501 чалавек, а камісія налічыла і паказала лічбу ў 1453 чалавекі, аналагічна на ўчастку №27 яўка па падіках назіральніка склала 576 чалавек, а па дадзеных камісіі — 1591 чалавек. А на ўчастку №28 наогул камісія адзначыла яўку 1391 чалавека, а ў назіральніка зафіксаваны толькі 248 чалавек. «Гэта кажа пра тое, што хутка прэзідэнцкія выбары, і ўлада не дазволіць вертыкалі, чыноўнікам і камісіям расслабляцца, гэта была такая рэпетыцыя, хоць і парог яўкі зняты, але як заявілі зверху пра 80%, так і гналі ўсімі сродкамі менавіта такую яўку», - лічыць Палякоў.

Ён падкрэсліў, што апазіцыя не першы год удзельнічае ў назіранні, але такіх фальсіфікацый і безаконня яны яшчэ не назіралі. «І пры чым дзейнічалі камісіі вельмі нахабна, не прыкрываліся — у пратаколы пісалі адну яўку на датэрміновым галасаванні, а ў дзень выбараў паказвалі зусім іншыя лібчы», - звярнуў увагу палітык.

Сябра акруговай камісіі Уладзімірскай акругі ў Гомелі Леанід Судаленка падкрэсліў, што ў адной участковай камісіі яму дазволілі азнаеміцца са спісамі выбаршчыкаў. «Я ўбачыў, што на тым участку датэрмінова прагаласавалі ў тры дні ад 7 да 38 чалавек, а на іншых участках, дзе мне не далі спісы, яўка ў час датэрміновага галасавання склала ў дзесяткі разоў больш людзей — да 500 выбаршчыкаў», - падкрэсліў Судаленка.

Сябра акруговай камісіі Быхаўскай акругі Зінаіда Шуміліна спрабавала абудзіць сумленне ў сябраў участковых камісій, але гэта ей не ўдалося. Яна здзівілася нахабству сябраў камісіі: «На адным з участкаў мне далі азнаеміцца са спісамі выбаршчыкаў, і я налічыла ў спісах 70 прагаласаваўшых чалавек, і ў гэты ж час у пратаколе было запісана 250 чалавек. Я сказала сябру камісіі — так нельга, давайце неяк вырашаць гэта пытанне. Тады яна забрала наогул у мяне спісы, усе схавала і больш нічога не паказала. Цікава, што старшыня нашай акруговай камісіі пагражаў мне і запалохваў, забараняў хадзіць на ўчасткі — тое, што я павінна рабіць. На адным участку аказалася, што на даму прагаласавалі амаль 600 чалавек. Я сказала сябрам акруговай камісіі: Людзі, ачніцеся, як такое магчыма фізічна? Колькі трэба часу, каб абыйсці 600 чалавек? Але абудзіць іх сумленне я не змагла, яны кажуць: так, гэта магчыма, мае спробы прымусіць іх праверыць гэтыя дадзеныя нічога не далі», - пракаментавала Шуміліна.

Назіральнік на ўчастку Малайчукоўскай акругі Валер Клімаў распавеў, што на датэрміновым галасаванні 23 красавіка было закінута дадаткова ў скрыню 189 бюлетэняў, у дзень выбараў 312 чалавек прагаласавала на даму, «невядома якім чынам». Па дадзеных фактах назіральнікі склалі акты. На адным з участкаў, дзе назіралі сябры партыі левых «Справядлівы свет», лічбы адрозніваліся ад дадзеных камісіі на больш чым 300 чалавек.

«Некаторыя сябры камісій на хаду падманвалі, лоўкасць рук проста, шулеры нейкія. Напрыклад, збіраюцца на галасаванне на даму, а ехаць з імі нельга, бо, маўляў, месца няма ў машыне. Пракантраляваць, што рабілася пры галасаванні на даму, немагчыма. Другі момант — скрынкі схапілі і некуды пабеглі, растварыліся ў паветры. Куды пайшлі — невядома. Усе хавалі любым спосабам. Нават з прыпіскамі не атрымалася 50% прагаласаваўшых. Карацей, было 48% афіцыйна, а ў нас па назіранні 39%. Вельмі істотна, што вельмі шмат людзей галасавалі супраць усіх — на адным участку было недзе 18% такіх», - удакладніў Клімаў.

Каардынатар назірання Уладзімір Кацора выказаў меркаванне, што сцэнар правядзення палітычнай кампаніі, якая называецца выбары, адпрацаваны ўладай, змены ў выбарчым заканадаўстве не прынеслі зменаў, нічога новага апазіцыя на выбарах не ўбачыла, толькі некаторыя моманты, звязаныя з тым, як улада скарысталася механізмам фальсіфікацый.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international