Гарадзеншчына: Цудаў не адбылося – аніводны з дэмакратычных кандыдатаў дэпутатам не стаў

2010 2010-04-26T18:04:03+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Завяршэнне мясцовых выбараў на Гарадзеншчыне не прынесла, як і прагназавалася, сенсацый. Аніводны з дэмакратычных кандыдатаў не стаў дэпутатам.

Падлік галасоў на ўчастках быў абсалютна непразрыстым, у чым маглі пераканацца незалежныя назіральнікі. З раніцы іх не пускалі на выбарчыя ўчасткі, у выніку чаго яны не маглі назіраць за працэсам апячатвання скрыняў. Прыкладам, на Дубненскай выбарчай акрузе Зміцера Кухлея і Зміцера Краснапеўцава, давераных асобаў кандыдата ў дэпутаты абласнога савету ад партыі БСДГ Лявона Карповіча, адразу не пусцілі да назірання. Абодва змаглі патрапіць на ўчасткі толькі пасля зваротаў у тэрытарыяльную камісію.

Пасля завяршэння галасавання назіральнікаў не падпускалі да сталоў, дзе адбываўся падлік галасоў. Скрыні на многіх участках высыпаліся разам і асобна не лічыліся. Прыкладам, так было на Цагельніцкім выбарчым участку ў Свіслачы, дзе за працэсам падліку назіраў Уладзімір Курбат, давераная асоба кандыдата ў дэпутаты абласнога савету Віктара Дзесяціка. У Гародні на ўчастку №94 незалежных назіральнікаў Рамана Юргеля і Святлану Рудкоўскую не пускалі да сталоў бліжэй пяці метраў, лічбы падлічаных бюлетэняў у асобных скрынях не агучваліся. Аналагічная сітуацыя назіралася і на многіх іншых участках. На ўчастку №95 па Вішнявецкай выбарчай акрузе назіральніца Ірына Скрабутан зафіксавала факт, што выніковы пратакол не быў вывешаны. Назіральніца зрабіла адпаведную заўвагу, але камісія на яе не адрэагавала. Ірына Скрабутан напісала адпаведную скаргу ў пракуратуру.

Многія з дэмакратычных кандыдатаў на Гарадзеншчыне ўвогуле адмовіліся ад працэсу назірання.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства