У Віцебску працягваецца ціск на зьбіральнікаў подпісаў за альтэрнатыўных прэзідэнту кандыдатаў

2006 2006-01-11T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Камэндант інтэрнату ліцэя №5 забараніла Яну Дзяржаўцаву зьбіраць у насельнікаў подпісы за вылучэньне Зянона Пазьняка, сказаўшы, што ў іх ужо зьбіралі подпісы – за Лукашэнку, і за іншых подпісы тут зьбірацца ня будуць. Яна забараніла ўваход і адмовілася прадставіцца, накіраваўшы хлопца да дырэктаркі. Радыё "Свабода" высьветліла, што каменданта інтэрната завуць Людміла Захараўна, прозьвішча яна адмовілася назваць катэгарычна, і нават не хацела падыходзіць да тэлефона.

Паколькі дырэктара на той момант не было, спадар Дзяржаўцаў мусіў зьвярнуцца да іншай службовай асобы, якая змагла б разабрацца ў сытуацыі згодна з выбарчым заканадаўствам. Але супрацоўніца Першамайскага райвыканкаму Валянціна Казакоўская, якая каардынуе перадвыбарчую працу, сказала, што ня мае ўплыву на камэндантаў інтэрнатаў ды параіла вырашаць праблемы з дапамогаю мясцовых кіраўнікаў.

Дарэчы, менавіта пра Першамайскі раён часьцей за ўсё гавораць жыхары Віцебску, калі згадваюць выпадкі ўціску ды і пагрозаў з боку кіраўніцтва розных установаў. Асабліва шмат скаргаў паступае ад работнікаў сыстэмы адукацыі – настаўнікаў ды выхавальнікаў, якім пад пагрозай скасаваньня кантрактаў забараняюць ня толькі зьбіраць подпісы, але й самім падпісвацца за вылучэньне іншых прэтэндэнтаў, акрамя Аляксандра Лукашэнкі.

Ёсьць і першыя звольненыя: заяву пра сыход з працы мусіла напісаць выхавальніца рабочага інтэрнату прадпрыемства “КІМ” Ніна Кавалёва за тое, што зьбірала подпісы за Аляксандра Мілінкевіча. Паводле спадарыні Кавалёвай, неабходнасьць звальненьня была выкладзеная зьнешне аб'ектыўна: ёй прапанавалі іншы расклад працы і абавязкаў, якія яе заведама не задавальнялі.

Але якраз у момант напісаньня заявы раздаўся тэлефонны званок. Гэта намесьнік старшыні Першамайскага райвыканкаму спадар Цярэнцьеў пытаўся, ці высьветлілі ў інтэрнаце, чаму так шмат подпісаў там сабрана за вылучэньне Аляксандра Мілінкевіча.

Дарэчы, Ніна Кавалёва гаворыць, што для яе гэта ўжо чацьвёртае звальненьне у часе перадвыбарчых кампаній: за апазыцыйную дзейнасьць яе звальнялі перад рэфэрэндумам 1995-га году, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў у 2001-м годзе, у 2004-м, калі яна сама балятавалася ў дэпутаты

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international