viasna on patreon

Беларускі саюз прадпрымальнікаў сьведчыць -- за 2005 год індывідуальных прадпрымальнікаў у Беларусі паменела на 30 тысячаў

2005 2005-12-24T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

За 2005 год індывідуальных прадпрымальнікаў у Беларусі паменела на 30 тысячаў – гэта амаль пятая частка ад іхнай агульнай колькасьці на пачатак году. Яшчэ дваццаць тысячаў індывідуалаў знаходзяцца ў стане ліквідацыі, паведаміла радыё Свабода.

Цяпер у Беларусі каля 186 тысячаў зарэгістраваных індывідуальных прадпрымальнікаў, разам з тымі, хто ўжо не працуе й ліквідуецца. Са словаў намесьніка старшыні Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Рыгора Рылькова, яны і надалей будуць пакідаць бізнэс: "З 2007 году зноў пачне дзейнічаць пастанова наконт забароны гандлю парфумай. З 1 студзеня таго ж 2007 году скончыцца тэрмін дзеяньня шапікаў на прыпынках. Будуць створаныя за гэты год усе ўмовы пераносу гародніны, якая прадаецца зь ятак, у стацыянарныя месцы, абсталяваныя ў кожным мікрараёне. З увядзеньнем у краіне 16-17, а у Менску 6-7 дадатковых гіпэрмаркетаў, натуральна, атрымаецца аб’ектыўная перашкода: цэнавы фактар".

Да таго ж, могуць істотна абмежаваць пералік тавараў, якімі можна будзе гандляваць на рынку, цьвердзіць спадар Рылькоў. Вядзецца пра імпартныя кандытарскія вырабы і абутак. Увогуле, чыноўнікі часта навязваюць дробным бізнэсоўцам айчынныя тавары.

Аглядальнік газэты “Індывідуальны прадпрымальнік” Ірына Найдовіч кажа, што колькасьць індывідуалаў даўно перастала расьці, гэта канстатуюць нават прадстаўнікі Міністэрства эканомікі: "Колькасьць прадпрымальнікаў на тым самым узроўні, што й на момант прыняцьця чацьвёртага дэкрэту. І яны не чакаюць таго, што будзе далейшы рост і рэкамэндуюць прадпрымальнікам, якія гандлююць, пераходзіць у сфэру паслугаў альбо ствараць юрыдычныя асобы".

Але юрыдычных асобаў таксама ня более. Звычайны чалавек бяз сувязяў з уладай зрабіць гэта ня можа, цьвердзіць былы бізнэсоўца Мікалай, які ўжо чатыры гады ня можа зачыніць сваю маленькую фірму: "Людзі звычайна заводзяць сувязі – альбо ў выканкамах, альбо гэта нейкія адстаўныя ці былыя дэпутаты. У прынцыпе, адзін аднаму дапамагаюць. Прыватная ініцыятыва простага сьмяротнага, я мяркую, наўрад ці дасьць вынік, якога хоча чалавек".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства