Сяргей Вазняк: Па бюлетэнях выразна відаць, як здзяйсняюцца маніпуляцыі

2010 2010-04-21T11:34:41+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/sergey-voznyak.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Распачатае датэрміновае галасаванне на выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў 26-га склікання, па меркаванні экспертаў, - зусім недэмакратычная працэдура, паколькі ў беларускіх умовах яна прадугледжвае не cтолькі наяўнасць магчымасці прагаласаваць тым, хто сапраўды не можа з'явіцца на галасаванне ў дзень выбараў, колькі прымусовую яўку мноства грамадзян.

- Беларускі адміністрацыйны рэсурс прымушае прыйсці на датэрміновае галасаванне як мага больш людзей, каб потым начамі да асноўнага дня галасавання займацца маніпуляцыямі з бюлетэнямі, - пракаментаваў сітуацыю з датэрміновым галасаваннем Сяргей Вазняк, сябра Менскай гарадской выбарчай камісіі, прадстаўнік партыі “Справядлівы свет”. - У сапраўды дэмакратычных умовах датэрміновае галасаванне не павінна перавышаць 1-3%. Калі ж гэта лічба, як паказваюць папярэднія выбары, складае 20-30 %, а на асобных участках (у працоўных калектывах і студэнцкіх гарадках) - усё 60-90 %, то пра якую дэмакратыю можа ісці гаворка?

Паколькі да цяперашніх выбараў 50-адсоткавы парог абавязковай яўкі выбаршчыкаў зніжаны, гэтыя лічбы, магчыма, будуць меншымі. Аднак нават прынятыя змены ў Выбарчы кодэкс, якія патрабуюць прысутнасці кворуму з двух трэціх складу камісіі для апячатвання выбарчых урнаў (раней гэту працэдуру маглі здзяйсняць два сябры камісіі), не гарантуюць таго, што доступ да бюлетэняў у скрыні ў “цікавым” фармаце будзе немагчымы, лічыць эксперт.

- Бюлетэні ў дні датэрміновага галасавання ўсё адно не знаходзяцца пад надзейным кантролем, і нават пячатка не спыніць тых, каму запатрабуецца замяніць бюлетэні, - упэўнены Сяргей Вазняк. - Я буду здзіўлены, калі на гэтых выбарах вынікі галасавання акажуцца не такімі, якімі іх задумала ўлада. Хоць ціск на людзей ісці галасаваць датэрмінова ўсё ж, напэўна, будзе меншы, чым у папярэднія выбары, думаю, з прымусовымі прыходамі вызначаных груп выбаршчыкаў мы ўсё адно сутыкнемся.

Сябра гарадской камісіі мяркуе, што асноўная масавая хваля датэрміновага галасавання будзе на 3-4 дзень. Як паказвае практыка, першы і апошні дні датэрміновага галасавання маланасычаныя.

- Замена бюлетэняў новымі адбываецца звычайна на пяты дзень, калі іх ужо збіраецца максімальная колькасць, - адзначыў Сяргей Вазняк. - Калі потым пачынаеш параўноўваць вынікі галасавання ў бюлетэнях з датэрміновых урнаў і бюлетэнях, запоўненых непасрэдна ў дзень выбараў, выразна відаць, дзе здзяйсняліся маніпуляцыі.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international